В Богушевске прошла встреча журналистов и читателей

У мінулую пятніцу ў Багушэўскім аддзяленні паштовай сувязі было шматлюдна, з самай раніцы людзі спяшаліся на АПС, каб заплаціць “камуналку”, пакласці грошы на мабільны тэлефон, а галоўнае, аформіць падпіску на раёнку. У гэты дзень у аддзяленні прайшоў “Дзень падпісчыка”. У рамках акцыі журналісты “ГС” падрыхтавалі для сваіх чытачоў прыемныя сюрпрызы.

Разам з квітанцыяй аб падпісцы на раённае выданне багушэўцы атрымалі падарункі ад роднай газеты. Дзень падпісчыка суправаджаўся выступленнем артыстаў мастацкай самадзейнасці раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Сваімі песнямі і выканальніцкім майстэрствам на музычным інструменце яны падарылі цудоўны настрой работнікам паштовага аддзялення і яго наведвальнікам. Супрацоўнікаў рэдакцыі парадавала магчымасць пагутарыць з падпісчыкамі. Чытачы распавялі нам, якія артыкулы і рубрыкі ім падабаюцца, якіх матэрыялаў не хапае ў газеце.

» ГС» застаецца самым папулярным выданнем у раёне.  Як кажуць нашы падпісчыкі, толькі ў раённай газеце можна даведацца ўсе мясцовыя навіны, важныя падзеі, анонсы мерапрыемстваў, прачытаць пра нашых людзей — ветэранаў, працаўнікоў, спартсменаў, настаўнікаў, простыя сем’і. Ёсць тэлепраграма, прагноз надвор’я. Самае каштоўнае, вядзецца пастаянны дыялог з чытачамі. Водгукі, лісты чытачоў, каментары з сайта публікуюцца на старонках выдання.

Дзясяткі чалавек папоўнілі ў гэты дзень рады падпісчыкаў раённай газеты. Сярод іх нямала тых, хто даўно сябруе з “раёнкай, радасна было бачыць і нашых новых сяброў. Бібліятэкар з 40-гадовым стажам Лідзія Фёдараўна Драздова (на здымку) — адна з адданых прыхільнікаў “ГС”. Газету выпісвае з таго часу, калі яна выходзіла пад назвай “Ленінская іскра”. Прызнаецца, што больш за ўсё любіць чытаць артыкулы пра людзей, жыццёвыя гісторыі, пастаянна шукае на старонках выдання навіны роднага Багушэўска. Многія з тых, хто падыходзіў да стэнда “ГС”, выпісвалі раёнку не толькі не толькі для сябе, але і для сваіэх блізкіх, знаёмых. Цікавасць да рэгіянальнага выдання актыўна праяўляюць і дачнікі.

А тым, хто яшчэ не аформіў падпіску на раёнку, нагадваем: падпісная кампанія яшчэ працягваецца. Паспяшайцеся выпісаць “Голас Сенненшчыны”, каб быць у курсе ўсіх навін горада і раёна.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Фота аўтара.