Да Дня інвалідаў. УСЕ ЛЮДЗІ РОЎНЫЯ!

У іх ёсць усё: цёплае адзенне, смачная ежа, прыгожыя цацкі. Няма толькі аднаго — сям’і. І, хутчэй за ўсё, ніколі не будзе. 5,2%  ад агульнай колькасці ўсяго насельніцтва Беларусі — інваліды. І многія з іх маюць не фізічныя, а псіхічныя адхіленні.

 Інваліды — так прынята называць гэтых людзей у нашым грамадстве. Калі яны не жывуць з роднымі, то ўтрымліваюцца ў спецыялізаваных дамах-інтэрнатах. Шанцаў пакінуць сцены гэтых устаноў практычна няма. Як і магчымасці стварыць сям’ю, уладкавацца на працу… 

 У якіх умовах жывуць гэтыя людзі? Карэспандэнт «ГС» адзін працоўны дзень правяла ў ДУ сацыяльнага абслугоўвання «Багушэўскі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця». Сёння тут пражывае 263 чалавекі ва ўзросце ад 4-х да 31 года.

А пачалося ўсё…

…36 гадоў таму. На Ві­цебшчыне з’явілася патрэба пабудаваць дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.  Абралі прыгожае месца на беразе Серакаратнянскага возера (вёска Рабцава Багушэўскага сельсавета).

 У хуткім часе 210 выхаванцаў з Юравіцкага дзіцячага дома, які зачынілі, перабраліся ў новы будынак. Віктар Шумароў стаў першым дырэктарам. Гэта былі нялёгкія часы: не хапала ацяпляльных матэрыялаў, прадуктаў. Як толькі пачалі ўздымацца на ногі, вырашылі пабудаваць сваімі сіламі ферму, каб была добрай падмогай. І не памыліліся. Сёння тут утрымліваецца 11 кароў і больш за 50 свіней.

  Дырэктар Віктар Сувораў ганарыцца падсобнай гаспадаркай. На 2-х га зямлі вырошчваюцца агародніна, пладовыя дрэвы. У хуткім часе з’явіцца і круглагадовая цяпліца на 200 квадратных метраў. Пабудавана яна будзе з лістоў полікарбанату, а гэта значыць, што вырошчваць гародніну тут змогуць і зімой, і летам.

 — Агародніна і садавіна, малако і мяса ідуць на патрэбы дома-інтэрната. Лішак прадаем насельніцтву. У гэтым годзе з палеткаў сабралі 32 тоны агародніны, — расказвае Віктар Сувораў. — Прыбытак ад падсобнай гаспадаркі склаў 28 мільёнаў беларускіх рублёў.

 Сёння грошы, што зарабляе дом-інтэрнат, ідуць на добраўпарадкаванне. І не дзіва, тэрыторыя гэтай установы дагледжаная. Разнастайныя кветнікі, альтанкі, пешаходныя дарожкі, малыя архітэктурныя формы радуюць вока. Ёсць дзе адпачыць, ёсць чаму падзівіцца.

Нашы дзеці

Большая частка дзяцей, што жывуць у доме-інтэрнаце, маюць дыягназ — «арганічнае паражэнне цэнтральнай нервовай сістэмы». Хвароба амаль што не лечыцца, а з часам — актыўна прагрэсіруе. Людзі з такім дыягназам утрымліваюцца ў спецыяльных дамах-інтэрнатах. Але гэта не значыць, што мамы і таты павінны забывацца на іх.

 Працаваць з бацькамі гэтых дзяцей складана. У гэтым прызнаецца намеснік дырэктара Алена Лаўткіна. Многія з іх доўгі час не наведваюць сваіх дзетак, ад якіх адмовіліся яшчэ ў раддоме. Некаторыя ўвогуле пра сваіх крывінак нічога чуць не хочуць, а калі і прыязджаюць, то рыхтавацца да сустрэчы прыходзіцца псіхалагічна. З 263 выхаванцаў 100 — ляжачыя, маюць розныя знешнія адхіленні. Пабачыць сваё дзіця праз дзясятак гадоў у такім стане — відовішча не з лёгкіх. Між тым, сёння 60 сем’яў наведваюць сваіх сыноў і дачок.  18 аднавілі бацькоўскія правы.  Два дзіцяці вярнуліся ў свае біялагічныя сем’і.

 Прычын, па якіх дзеці патрапілі ў дом-інтэрнат, не шмат. Жанчына, калі ў яе нараджаецца непаўнацэннае дзіця, часцей за ўсё адмаўляеца ад яго, баіцца прысуду «інвалід». Але ёсць выпадкі, калі матулі пакідалі здаровых немаўлят на снезе, у кантэйнерах са смеццем. Яны выжывалі, аднак назаўсёды заставаліся інвалідамі.

 З выхадам Дэкрэта №18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пошукі родных становяцца абавязковымі. І гэта часам прыводзіць да непрыемных сітуацый. Алена Рыгораўна ўспамінае, як аднойчы  шукала маці аднаго выхаванца. Знайшла яе праз сельскі Савет, на тэрыторыі якога жанчына пражывала. Але пра тое, што ў яе ёсць дзіця-інвалід, грамадзянка нікому не гаварыла. Калі ж пра гэта даведаўся муж (да таго часу яна стварыла новую сям’ю), у сям’і пачаліся праблемы.

 Два разы на год у доме-інтэрнаце праводзяцца бацькоўскія дні. Яны не падобныя на тыя сходы, што звычайна робяць у школах. Тут збіраюцца матулі і таты дзеля таго, каб сустрэцца са сваімі дзеткамі, а таксама пагутарыць з іншымі бацькамі. Разам заўжды лягчэй вырашаць праблемы. На сустрэчы прыязджаюць прадстаў­нікі са Швецыі і члены БГА «Свет без межаў». Для гасцей ладзяцца экскурсіі, рыхтуюцца канцэртная праграма і іншыя мерапрыемствы. Часта наведвае гэту ўстанову кіраўніцтва нашага раёна. На кожны Новы год і Дзень інвалідаў з віншаваннямі прыязджаюць старшыня райвыканкама Эдуард Герасіменка, яго намеснік Зоя Фаміна.

 Сёння спонсарскую дапамогу дому-інтэрнату аказваюць 9 краін свету. На гэтыя сродкі набываюцца мэбля, абсталяванне для класаў, медыцынскіх кабінетаў, рамантуюцца памяшканні. У мінулым годзе спонсары з Італіі падарылі аўтобус. 

 У  кабінеце ЛФК, камп’ютарным класе, блоку эргатэрапіі і рэлаксацыі, швейнай і сталярнай майстэрнях, актавайі спартыўнай залах вядзецца работа па рэабілітацыі выхаванцаў. Акрамя медыцынскіх працэдур, лячэбнай з’яўляецца і фізічная праца. Людзі з псіхафізічнымі асаблівасцямі цяжка паддаюцца навучанню.

 — Калі з імі перастаць займацца, атрыманыя навыкіхутка забываюцца. Усё пачынаем з самага пачатку, — расказвае Алена Лаўткіна.

 Нягледзячы на гэта, сёння выхаванцы дома-інтэрната для сваіх патрэб шыюць вопратку, вяжуць рукавіцы, шкарпэткі. Рукадзелле з бісеру ўражвае сваёй прыгажосцю і арыгінальнасцю.

Фізічная праца — форма рэабілітацыі. І гэта не пустыя словы. Вадзім Саляннікаў, напрыклад, не першы год працуе на свінаводчай ферме. Ён — спец у гэтай справе. Раскажа вам усё і пра кармленне, і апарос, і догляд свіней. Такіх работнікаў  трэба яшчэ пашукаць.

Да самастойнага жыцця

  Жывучы па раскладу, нават  абсалютна здаровы чалавек не адразу зможа разумна распараджацца вольным часам, не гаворачы ўжо пра хворых людзей.

 Нядаўна на тэрыторыі інтэрната з’явіліся 2 домікі, у якіх хутка паселяцця некалькі выхаванцаў. Грошы на будоўлю выдзелілі спонсары з Ірландыі. Нешта падобнае ёсць і ў Магілёўскай вобласці. Як паказвае практыка, чалавек с псіхафізічнымі абмежаваннямі, калі гэта лёгкая форма, можа жыць самастойна, працаваць. «Кантраляваць іх мы будзем, але ўмешвацца — толькі ў крайніх выпадках», — расказвае Віктар Сувораў. Спачатку выхаванцы павінны навучыцца рыхтаваць ежу, весці хатнюю гаспадарку. Ужо сёння яны спрабуюць сябе ў ролі гаспадынь і гаспадароў: самастойна набываюць прадукты, вучацца гатаваць, прыбіраць пакоі…

 Заняткі па сацыяльна-бытавой адаптацыі праводзяцца ў рэальных жыццёвых абставінах.  Часта ходзяць на  фермы, вакзал, у дзіцячыя садкі, магазіны, бібліятэку, наведваюць Багушэўскі Дом творчасці дзяцей і моладзі. Навакольныя павінны зразумець, што побач з імі могуць жыць, працаваць людзі з абмежаванымі магчымасцямі.

Спаборніцтвы па футболе, настольным тэнісе, валейболе, шашках праводзяцца штомесяц. Сапернікамі становяцца вучні багушэўскіх школ. Адзначаюць разам і Масленіцу, Новы год, Дзень інвалідаў. Даволі часта выхаванцы інтэрната ездзяць на экскурсіі ў Магілёў, Полацк, Мінск, Маскву, Смаленск, наведваюць тэатр імя Я.Коласа.

Вольга Яскевіч і Наталля Смолава вядомы багушэўскаму гледачу. Дзяўчаты маюць добрыя галасы і часта выступаюць на мясцовай сцэне. Наталля да таго ж стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу па вакалу «Вясёлкавы карагод» у 2007 годзе. Яна праспявала «Санта лючыю» на італьянскай мове, чым і заваявала прызнанне журы.

  Сёння ў доме-інтэрнаце 100 чалавек, якія перамяшчаюцца  ў інвалідных калясках. Але гэта не азначае, што жыццё спынілася для іх. Кожны дзень яны гуляюць на свежым паветры. Для гэтага ёсць 42 інвалідныя каляскі, выдзеленыя шведскай дабрачыннай арганізацыяй  «Дапамога Эрыка». Ужо чацвёрты год гэтыя дзеці займаюцца ў танцавальным калектыве калясачнікаў, які карыстаецца вялікай папулярнасцю ў багушэўцаў і гасцей інтэрната. У мінулым годзе яны ездзілі на рэспубліканскі агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці, арганізаваны Міністэрствам працы і сацабароны, БГА «Свет без межаў».  Цяпер Алег Валушка і Святлана Кашына рыхтуюцца да конкурсу, што пройдзе ў Санкт-Пецярбургу ў сярэдзіне месяца. Седзячы ў інвалідных калясках, яны станцуюць вальс. Запрашэнне прыйшло з дабрачыннага маскоўскага фонду «Місія». Мы жадаем ім поспехаў.

 Сёлета дзіцячы калектыў мастацкай самадзейнасці дома-інтэрната атрымаў гран-пры на рэспубліканскім музычным фестывалі. І быў накіраваны на фестываль музыкі «Кракаўскія спатканні», дзе  стаў пераможцам. 

 Калі нехта з вас бачыў выступленне гэтых дзетак, то ўжо ніколі не забудзе іх. Нягледзячы на сваю асаблівасць, яны не саромеюцца выйсці на сцэну і паказаць сябе. Толькі ці можам мы ўспрымаць іх як звычайных людзей і не азірацца ўслед чалавеку-інваліду?  У той жа Германіі нікому ў галаву не прыйдзе паглядзець жаласліва ў бок дзіця (ды і дарослага) у інваліднай калясцы. Там чамусьці разумеюць агучаную ісціну: усе людзі роўныя! І калі яны не падобныя на іншых, гэта не значыць, што горшыя. Магчыма, калі-небудзь і мы зра­зумеем гэта, і са сло­вазлу­чэння «дзеці-інваліды» ў нашым лексіконе знікне яго другая частка. Дзіця — яно заўсёды дзіця, якімі б не былі яго фі­зічныя і псіхічныя магчымасці. Выхаванцы Багушэўскага дома-інтэрната таму яскравае пацвярджэнне.

 Кацярына КАРПОВІЧ.