Ёжики, черепахи, тридцать видов цветов, или не мужские увлечения жителя Сенненского района

     Звычайна героямі рубрыкі «Адрасы прыгажосці» становяцца жанчыны. Аднак зараз гутарка пойдзе пра мужчыну, жыхара в. Рыбнае, Аляксандра Лабзу. А дакладней, пра яго не зусім мужчынскія захапленні – вырошчванне кветак і добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі.

     У д. 40 па вул. Камарова, што летняй часінай патанае ў кветках, Аляксандр Сцяпанавіч жыве не адзін, а разам са сваёй жонкай Таццянай. Але займацца кветкамі – абавязак мужчыны. Вось толькі назваць гэта абавязкам, не паварочваецца язык.

     — Для мяне гэта захапленне нароўні з рыбалкай і паляваннем, — кажа суразмоўца. – Я вельмі люблю прыроду з дзіцячых гадоў.

     Увесь час Аляксандр жыве у прыватным доме. Як гэта належыць у вёсцы, мае немалы падворак. Зараз амаль уся яго палова занята кветнікамі. Тут можна пабачыць калы, астры, ружы, і яшчэ дваццаць сем відаў раслін. Ёсць у дбайнага гаспадара свае ўлюбёнцы — петуніі. Хапае ў агародзе Аляксандра і ягад. Акрамя звыклых парэчак, агрэсту, вінаграду мужчына штогод збірае вялікі ўраджай буякоў, суніц, журавін.

     У агародзе гаспадара жывуць і вожыкі. Але не сапраўдныя, а зробленыя з кропельніц і пафарбаваныя для натуральнасці ў шэры колер з чорнымі кропкамі. Побач з імі гарманічна ўпісваюцца ў пейзаж божыя кароўкі, якія раней былі будаўнічымі каскамі, вялізная чарапаха. У хуткім часе іх вясёлую кампанію дапоўніць драўляны бусел і жыраф. Сваё прымяненне знайшоў і стары кінескопны тэлевізар, толькі замест яго камплектуючых – гаршкі з пятуннямі. Тое ж датычыцца і радыёпрыёмніка.

Прэтэндуе на ўвагу і куточак сялянскага побыту. Для гэтых мэтаў Аляксандр удала прыстасаваў засохлую яблыню: на яе галінах размясціў рознакаляровыя чыгункі, а на ствале – каромысел, пральную дошку і драўлянае кола.

А недалёка ад вулляў, — паказвае рукой мужчына, — прыбудова, у якой можна пабачыць маіх выхаванцаў, трох папугаяў. Дарэчы, два Ромы і Рыма прапісаліся ў яе сценах ужо даўно. Пастаяннае месца жыхарства ў размаляваных шпакоўнях, якія прымацаваны амаль да кожнага дрэва ў садзе, здабылі і іншыя птушкі. Але гэтым Аляксандр не абмяжоўваецца. Мужчына разводзіць курэй, цацарак, індыкоў, гусей. Акрамя пярнатых выхаванцаў на яго падворку можна ўбачыць сабак, з якімі ён любіць бавіць свой час на паляванні.  

-Калі пайду на пенсію (а да яе вадзіцелю засталося мала) змагу цалкам прысвяціць сябе сваім любімым заняткам, — тлумачыць Аляксандр Лабза. На гэта спадзяецца і яго суседка Любоў Шапрунова, якая часцяком прыходзіць паглядзець, ці з’явілася на падворку мужчыны што-небудзь новае. 

Ганна КОРСАКАВА.

Фота аўтара.

На здымку: Аляксандр Лабза са сваімі вырабамі.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *