Ремонт проезжей части, отсутствие расчётных листов. С какими ещё вопросами сенненцы обращались к председателю Сенненского райисполкома

Дні Саветаў, якія на Сенненшчыне праводзяцца ў вызначанай райвыканкамам перыядычнасці, дазваляюць больш дакладна даведацца пра праблемы канкрэтнай асобы, усяго сельсавета. Адметная форма дыялога ўлады з людзьмі, якія па шэрагу прычын абмежаваны ў зносінах, інфармацыйна, даюць магчымасць, з аднаго боку, вызначыць напрамкі дзеяння ўлады, з іншага — ацаніць эфектыўнасць яе з пункту гледжання насельніцтва. У днях Саветаў кожны раз удзел прымае кіраўнік раённага выканаўчага камітэта Васілій Чараднік, які праводзіць і прыём насельніцтва па прыватных пытаннях.

На днях Дзень Савета прайшоў у Беліцкім сельсавеце. Сустрэчы з жыхарамі сельскіх населеных пунктаў прайшлі ва ўсіх вёсках. Праблемы, на якія вяскоўцы акцэнтавалі ўвагу, занатаваны, складзены пратакол даручэнняў старшыні райвыканкама па іх ухіленні.

Вызначальная вытворчасць

Пераважная колькасць працаздольнага насельніцтва сельсавета занята ў ААТ “Сенненскі райаграсэрвіс”, у вытворчай дзейнасці якога маюцца сур’ёзныя праблемы, што апасрэдавана адбілася на тэматыцы зваротаў. Жывёлаводы цэнтральнай фермы “Полымя” звярнулі ўвагу на тым, што ім не выдаюць разліковыя лісты. У пратаколе даручэнняў дырэктару сельгасарганізацыі Сяргею Іванову, начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Аляксандру Паўлоўскаму даручана прыняць меры, каб жывёлаводы атрымлівалі неабходную інфармацыю рэгулярна і своечасова. Вырашэнне праблемы, якая ўзнікла на пустым месцы, пракантралюе Аляксей Дойлін, начальнік райсельгасхарча. Яму ж даручана ў бліжэйшы час пасадзейнічаць выкананню дагавору, які ў канцы сакавіка заключыла пенсіянерка з вёскі Рулёўшчына з ААТ “Сенненскі райаграсэрвіс”. Згодна з ім жанчына займалася пратручваннем зерня, аднак да гэтага часу не атрымала заробленыя грошы.

Сацыяльная сфера

Найчасцей вяскоўцы звярталіся па пытаннях сацыяльнай сферы. Жыхары аграгарадка Полымя гаварылі пра неабходнасць рамонту праезнай часткі вуліц, арганізацыі прыему зубным урачом, хаця б адзін раз на тыдзень. Згодна з пратаколам даручэнняў звароты будуць вывучаны адпаведнымі службамі. Як і некаторыя іншыя. У прыватнасці, меркаванне пенсіянеркі з Глебаўска Ніны Паўлавай, якая лічыць неабходным змяніць рух рэйсавага аўтобуса. Пытанне ўзнімаецца паўторна, а таму будзе абмеркавана з усімі жыхарамі вёскі. Пра неабходнасць змены руху пасажырскага транспарту гаварылі жыхары вёсак Малая Беліца, Латыгаль. Вяскоўцы з Відок, Асінаўкі-1 акцэнтавалі ўвагу на водазабеспячэнні. Недзе неабходна правесці рамонт водаразборнай калонкі, недзе, каб рабіць вывады і прадпрыняць неабходныя захады, давядзецца вывучаць стан усёй сістэмы водазабеспячэння ці капаць калодзежы.

Ад прыватнага да агульнага

Па выніках дня Савета, праведзенага ў Беліцкім сельсавеце, зроблены абагульненні і вывады, намечаны шляхі ўхілення існуючых праблем. У прыватнасці, у многіх населеных пунктах местачкоўцы гаварылі пра недахопы ў забеспячэнні таварамі прамысловай групы. Чытачы нашай газеты, мабыць, звярнулі ўвагу на аб’яву райспажыўтаварыства, якое прапануе схему ўзаемаадносін з пакупнікамі праз сістэму заказаў. Інфармацыя з’явілася адказам на выкананне пратакола даручэнняў. Акрамя таго ў ім адказным асобам райвыканкама, гандлёвага прадпрыемства прапісана прыняць меры па паляпшэнні гандлёвага абслугоўвання. Мяркуецца, што аўтамагазін з прамысловай групай тавараў павялічыць перыядычнасць сваёй работы да аднага разу на тыдзень.

У Беліцкім сельсавеце баршчэўнік можна сустрэць на палетках і паўздарог, у населеных пунктах і лясах, на прысядзібных участках і ў меліярацыйных каналах. Расліна-агрэсар распаўсюджана ў іншых месцах Сенненшчыны. А таму адказныя асобы вытворчых арганізацый, сельскай улады абавязаны прыняць усе магчымыя і даступныя ім меры для знішчэння баршчэўніка. Іх работа будзе пракантралявана, як і выкананне ўсяго пратакола даручэнняў.

Наш кар.