Бренд родной земли. На Сенненщине возродили глухаревскую свистульку

   Спробы адрадзіць на Сенненшчыне глухароўскую свістульку ўвянчаліся поспехам. Унёсак раённага Дома рамёстваў у захаванне спадчыны ацанілі дыпломам Гран-пры на конкурсе “Салавейка-2017”. Мерапрыемства праходзіла трэці раз у рамках дваццаць чацвёртага Міжнароднага фестывалю песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”.

 Трэці год запар мясцовы майстар Уладзімір Квашко прадстаўляе на міжнародны конкурс свістулькі, зробленыя сваімі рукамі. Першыя дзве спробы аказаліся няўдалымі, але сенненец не адчайваўся. Ён плённа выкарыстоўваў час для ўдасканалення свайго майстэрства. Паралельна праводзіў майстар-класы для навучэнцаў школ раёна па вырабе свістулек і арганізоўваў тэматычныя гурткі. За тры гады ён зляпіў каля дзвюх тысяч такіх цацак, апошнія экземпляры якіх можна пабачыць у выставачнай зале Дома рамёстваў. Для недасведчанага чалавека розніца паміж свістулькамі нязначная. Але гэта толькі на першы погляд. Як патлумачыла дырэктар установы Вольга Квашко, уся справа ў захаванні архаічнай формы. А гэта вельмі карпатлівы і складаны працэс, які патрабуе высокага майстэрства. 

Каб было зразумела, свістулька ўяўляе сабой невялікую птушку з каронай-грабеньчыкам на галаве. Дарэчы, апошняя рыса – своеасаблівая адметнасць вырабу. А назвалі яе “глухароўскай” у гонар яе стваральніка, вядомага майстра Генадзя Глухарова з в. Папоўка. У свой час мужчына працаваў ганчаром на Сенненскім керамічным заводзе. Па просьбе ён зрабіў партыю гліняных свістулек для Віцебскага АНМЦ. Потым мужчына вырабляў свае цацкі для музеяў і выставак, навучаў іх лепцы дзяцей. У якасці матэрыялу ён (што адметна, і Уладзімір Квашко таксама) выкарыстоўваў гліну з роднага мястэчка. На жаль, з арыгіналаў захавалася толькі некалькі экземпляраў, пабачыць якія можна ў Сенненскім краязнаўчым музеі і Віцебскім абласным метадычным цэнтры.

Цікава тое, што перамога Дома рамёстваў прыйшлася як раз на год святкавання 85-годдзя з дня нараджэння таленавітага земляка. Таму сваю значную ўзнагароду супрацоўнікі ўстановы вырашылі прымеркаваць да гэтай памятнай даты.

Ганна КОРСАКАВА.

На здымку: майстар Уладзімір Квашко з дыпломам і глухароўскай свістулькай.

Фота аўтара.