Станцыя і школа — з адрыкццём

Многія ўжо ведаюць (а іншыя і карысталіся паслугамі), што  ў нашым горадзе пачала працаваць станцыя дыягностыкі. Ініцыятарам яе адкрыцця быў дырэктар ААТ «Аўтатранспартнае прадпрыемства № 20» г.Сянно Мікалай Рыбчанка. На будаўніцтва затрачана 275 мільёнаў рублёў, заробленых калектывам ААТ, падкрэсліў кіраўнік. Толькі абсталяванне каштавала 130 мільёнаў. Астатнія грошы пайшлі непасрэдна на будаўніцтва, падключэнне электрычнасці, устаноўку прытокавай і выцяжной вентыляцыі. Будавалі станцыю самі работнікі аўтатранспартнага прадпрыемства. Асабліва вызначыліся на ўзвядзенні аб’екта В.С.Астроўскі, Ж.П. Трубская, А.С. Курс, П.М.Цярэня.

 Станцыя абслугоўвае прыватны аўтатранспарт, дзяржаўны, а таксама сельгаспрадпрыемстваў. Звяртацца за паслугамі могуць уладальнікі грузавых і легкавых аўтамашын, спецаўтамабіляў, аўтобусаў і матацыклаў.

 На 1 лістапада станцыя прынесла 7 мільёнаў даходу. У асобныя дні яе паслугамі карыстаюцца да 20 адзінак аўтатранспарта. Абслугоўваюць тут жыхароў і прадпрыемствы суседніх раёнаў.

 Тэхагляд праводзяць в.а. начальніка станцыі Мікалай Базылеў і дыягност Дзміт­рый Паражынскі, якія прайшлі спецыяльную падрыхтоўку на прадпрыемстве «Транстэхніка» пры Міністэрстве транспарта. Выдае дазвол на далейшую эксплуатацыю сродка прадстаўнік Белтэхнагляду Сяргей Краўчанка.

 Нядаўна ў АТП № 20 прайшла цырымонія афіцыйнага адкрыцця станцыі дыягностыкі, на якую прыбылі высокія госці са сталіцы рэспублікі і абласнога цэнтра.

Выступаючы на ўрачыстасці, дырэктар рэспубліканскага  ўнітарнага прадпрыемства «Белтэхагляд» Анатоль Пашкевіч адзначыў, што сенненская станцыя дыягностыкі  211 у краіне. А ўсяго іх 214. Шаноўны госць павіншаваў сенненцаў з адкрыццём неабходнага аб’екта і пажадаў вадзіцелям добрых дарог і  безаварыйных паездак.

 Генеральны дырэктар РАТУП «Віцебскаблаўтатранс» Васіль Дзятлаў падзякаваў за добрую работу па выкананні вытворчых паказчыкаў і ўзорнае ўтрыманне тэрыторыі прадпрыемства калектыву АТП і яго кіраўніку.

 Выступіў на адкрыцці станцыі і намеснік старшыні Сенненскага райвыканкама Генадзь Сабыніч. Ён падкрэсліў, што насельніцтва раёна  паступова расце, павялічваецца і колькасць уладальнікаў аўтатранспартных сродкаў. І ўвядзенне ў строй дыягнастычнай станцыі радуе жыхароў раёна.

 Павіталі ўдзельнікаў урачыстасці работнікі культуры. Прайшла  традыцыйная цырымонія разразання стужкі і ўручэння сімвалічнага ключа. Будынак станцыі асвяціў айцец Мікалай.

 Першым у чарзе на тэхагляд аўтамабіля  ў гэты дзень быў жыхар Сянно Фёдар Коўшун. Яго аўто без складанасцей прайшло ўсе віды дыягнастычнага кантролю. Уладальнік атрымаў дазвол-пасведчанне і пажаданне шчаслівай дарогі.

 З удзелам шаноўных гасцей прайшло адкрыццё доўгачаканай сенненцамі аўташколы. Яна размешчана  ў адміністрацыйным будынку ААТ «АТП 20», у арэндуемым памяшканні. На тэрыторыі прадпрыемства абсталяваны аўтадром плошчай 2400 кв.м. Установа па падрыхтоўцы вадзіцеляў катэгорыі «В» з’яўляецца філіялам Аршанскай аўташколы ДТСААФ. Начальнік філіяла Ула­дзімір Якуш расказвае, што ўжо набрана група з 30 навучэнцаў, з якой будуць займацца  пяць інструктараў. Але жадаючых трапіць у школу засталося яшчэ шмат. Першыя навучэнцы праз 3,5 месяца тэарэтычных і практычных заняткаў здадуць экзамены ў Оршы і атрымаюць вадзіцельскія пасведчанні.

Таццяна Буракова.

 На здымках: у час адкрыцця  дыягнастычнай станцыі і аўташколы.