На прошедшем в Сенненском районе семинаре обсудили перспективы кормопроизводства

 Жывёлаводы Сенненшчыны імкнуцца спыніць спад вытворчасці малака і закласці аснову для росту жывёлаводчай прадукцыі. Летні пашавы перыяд утрымання буйной рагатай жывёлы, корманарыхтоўка павінны стаць стартавай пляцоўкай для гэтых планаў.

Што канкрэтна робіцца,  будзе зроблена, стала зразумела з семінара, які на днях быў наладжаны райсельгасхарчам. На ім прааналізавалі першыя  вынікі знаходжання жывёлы ў полі, у чарговы раз нагадалі пра тэхналагічныя патрабаванні да арганізацыі ўтрымання кароў. Значная ўвага была нададзена рабоце па ўзнаўленні статку. Галоўныя словы прагучалі з вуснаў Таццяны Кудласевіч, начальніка раённай племстанцыі.

На ўзроўні інстынктаў

Зрэшты, дробязей у любой сферы вытворчасці не бывае. Нават дрэнна памыты, не так прасушаны посуд можа стаць прычынай развіцця бактэрый і скісання малака. Тэхналагічныя асаблівасці важна не толькі ведаць. Трэба дабівацца іх безумоўнага і паслядоўнага выканання, засваення на ўзроўні набытых інстынктаў. І не толькі спецыялістамі-тэхнолагамі. Такі ўзровень успрымання патрабаванняў важна прывіць тым, хто выпасае і доіць жывёлу. Аднак для гэтага павінна быць створана сістэма эканамічнага стымулявання, упэўнены старшыня райвыканкама Васілій Чараднік, які актыўна ўдзельнічаў у размове, што ішла ля дойнага статку МТФ “Савінічы” ААТ “Сінягорскае”. Ён нагадаў кіраўнікам сельгасарганізацый пра персанальную адказнасць у пытаннях аховы працы, стварэнні ўмоў адпачынку.

З дапамогай партнёраў

Удзельнікі семінара пабывалі ў яшчэ адной сельгасарганізацыі – саўгасе імя Машэрава, дзе ў той дзень пачалі закладку сенажу, азнаёміліся з новымі ўзорамі сельскагаспадарчай тэхнікі, што выкарыстоўваецца на сенажацях. Машканцы эксплуатуюць не толькі трактары, прычапны інвентар беларускай вытворчасці. З дапамогай мясакамбіната і на ўласныя сродкі сельгасарганізацыя набыла і трэці сезон эксплуатуе граблі “Магнум” італьянскай вытворчасці. Шырыня іх захопу складае 12 метраў. Работы ішлі на полі ля Задарожжа. Здробненая маса дастаўлялася ў сіласную траншэю комплекса МТФ “600”.

Наперакор скептыкам

Непадалёк ад яго працаваў яшчэ адзін корманарыхтоўчы атрад, які вёў уборку на сілас азімай свірэпіцы. Каментарый да выкарыстання адносна новай у кормавытворчасці культуры давала Надзея Зянькова, дацэнт кафедры кормавытворчасці Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, пазаштатны кансультант сельгаспрадпрыемстваў, што працуюць пры падтрымцы дзяржаўнага прадпрыемства “Белгаз”. Прадстаўляючы ёй слова, Васілій Чараднік не хаваў, што ў раёне хапае скептыкаў, якія не вераць у перспектыву выкарыстання свірэпіцы ў якасці сянажнай культуры.

На думку вучонага ў свірэпіцы, іншых капусных культур ёсць недахопы, у прыватнасці, яны ўтрымліваюць мала цукру, і шмат масла, а таму засіласаваць іх магчыма толькі з прымяненнем кансервантаў. Каб зняць павышаную вільготнасць (свірэпіца звычайна ўбіраецца ў маі), у сянажную масу дабаўляюць здробненую салому. Ёсць і іншыя спосабы, якія дазваляюць атрымліваць высокабялковы сілас. У Машканах, напрыклад, свірэпіцу сіласавалі разам з правяленай масай злакавых траў.

Асноўная перавага корму з капусных культур – высокае ўтрыманне бялку. Яго ўтрыманне ў адным кілаграме масы дасягае 16-18%, што параўнальна з камбікормам. У той жа час сілас з рапсу, свірэпіцы не павінен перавышаць 10% у рацыёне дойнага статку.

Новыя гарызонты кормавытворчасці

Сёлетні год, здаецца, будзе экстрэмальным для кормавытворчасці. А таму  Раіса Зянькова рэкамендавала сеяць на незанятых землях рэдзьку маслічную. Яна яшчэ можа даць выдатны ўраджай, а значыць дазволіць умацаваць кармавую базу. Шырэй, па яе меркаванню, трэба сеяць райграс, які багаты на цукар, бабовыя травы ў сумесі са злакавымі. Удзельнікі семінара пачулі ад яе і рэкамендацыі па закладцы шматкампанентных паш, выкарыстанні такіх рэдкіх на сенненскай зямлі траў, як люцэрна, галега, пайза, сарго. Апошняя культура прапісалася на былых угоддзях саўгаса імя Гараўца, якія з сёлетняга года апрацоўваюцца Віцебскім мясакамбінатам.

— Сарго дае ўраджай да 700 цнт з гектара, што параўнальна з кукурузай пры невысокіх затратах на вытворчасць, — падкрэсліла Раіса Зянькова. Ацэньваючы ў цэлым накірунак узяты ў раёне ў кормавытворчасці, яна знайшла яго перспектыўным, заклікала шырэй апірацца і ў далейшым на навуковыя дасягненні, паабяцаўшы сваю падтрымку і дапамогу ў суправаджэнні новых праектаў.

Аб прыярытэтах эканомікі перад валавай вытворчасцю гаварыў удзельнікам семінара і старшыня райвыканкама Васілій Чараднік. Ён падкрэсліў: “Неабходны якасныя, з высокім утрыманнем пратэіна кармы”.

– А тым часам спецыялісты Віцебскага мясакамбіната прадэманстравалі работу партатыўнай лабараторыі. Узяўшы пробы з закладзенай у траншэю зялёнай масы яны выдалі аптымістычны вынік – зялёная маса па пажыўнасці не адрознівалася ад агульных параметраў і ўтрымлівала 16% бялку.

Аляксандр ІЎЕЎ.

Фота аўтара.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *