Председатель Сенненского райисполкома Василий Чередник: в РУП ЖКХ не умеют организовать работу

    Камунальная служба знаходзіцца пад пастаянным і жорсткім кантролем улады, бо ад яе работы ў значнай ступені залежыць якасць жыцця большай часткі насельніцтва. “Прамыя лініі”, прыём грамадзян, іншыя формы кантактаў прадстаўнікоў улады з людзьмі сведчаць – камунальнікі далёка не заўжды спрыяюць добраму настрою. У спажыўцоў іх паслуг шмат абгрунтаваных прэтэнзій.

   — У нашым РУП ЖКГ не ўмеюць нават арганізаваць работу, — выказаўся Васілій Чараднік, старшыня райвыканкама. – На аб’ектах у Машканах рабочыя з’яўляюцца не раней як у 11.00. Будаўніцтвам цяпліцы для вырошчвання кветак у Студзёнкаўскай школе займаецца персанал навучальнай установы. Каб азеляняць горад, неабходна расада кветак. Калі не вырасціць іх самім, трэба купляць, для чаго спатрэбяцца дадатковыя грошы, якіх ні ў РУП ЖКГ, ні ў бюджэце няма. Асабліва кіраўніка раёна абурыў той факт, што значную частку работы за камунальнікаў даводзіцца выконваць іншым, без аплаты працы. У сувязі з гэтым намесніку старшыні райвыканкама Ігару Мядзведзеву дадзена даручэнне ўзмацніць кантроль за работай РУП ЖКГ, прыцягнуць вінаватых за невыкананне атрыманых даручэнняў да матэрыяльнай адказнасці.

   Рэгулярна даводзіцца адсочваць работу камунальнікаў і па падрыхтоўцы да новага ацяпляльнага сезона. Справаздача, як яна вядзецца, павінна класціся на стол старшыні райвыканкама кожны тыдзень. У тым ліку, якія работы праведзены, колькі дроў, іншых відаў мясцовага паліва нарыхтавана.

  Пры абмеркаванні аграрнай тэматыкі ўвага кіраўніка райсельгасхарча была акцэнтавана на ходзе сяўбы траў. Работы на запланаваных плошчах неабходна завяршаць да 1 ліпеня, падкрэсліў Васілій Чараднік. На яго думку, упушчэнні ў рабоце па стварэнні пашаў, сенажацяў, дапушчаныя ў папярэднія гады, сёння з’яўляюцца адной з прычын спаду вытворчасці жывёлаводчай прадукцыі.

   Канец мая – гэта завяршэнне навучальнага года ў школах, апошнія званкі, традыцыйная для Сенненшчыны “Вясна надзей” – баль выпускнікоў раённых школ. Як пройдуць мерапрыемствы, што трэба зрабіць, каб яны не былі азмрочаны, таксама абмяркоўвалася на нарадзе ў старшыні райвыканкама. Для гэтага прыцягнуты ўсе неабходныя сілы, міліцыя, выратавальнікі, грамадскасць, бацькі і настаўнікі.

Наш кар.