У памяць аб сапраўдным міліцыянеру

10 лістапада, у дзень, які не так даўно адзначаўся як прафесійнае свята савецкіх міліцыянераў, у вёсцы Асінаўка Ходцаўскага сельсавета быў адкрыты памятны знак. Яго ўстанавілі па ініцыятыве кіраўніцтва Сенненскага РАУС і ветэранскай арганізацыі на месцы гібелі ўчастковага ўпаўнаважанага, старшага лейтэнанта міліцыі Аляксея Сінкевіча.

 З асабістай справы.

 Сінкевіч Аляксей Андрэевіч нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Каменка Сенненскага раёна, загінуў 5 верасня 1964 года пры выкананні службовых абавязкаў.

 Служыў у міліцыі з 1948 года.

 У гады Вялікай Айчыннай вайны ваяваў у складзе партызанскага атрада імя Лазо другой брыгады імя Заслонава і ў дзеючай арміі. Пасля дэмабілізацыі служыў у органах унутраных спраў, у 1955 годзе скончыў Ленінградскую школу міліцыі.

 Узнагароджаны за ўдзел у баявых дзеяннях некалькімі медалямі, пасмяротна ордэнам Чырвонай Зоркі.

 Пасля яго смерці Вікторыя Сінкевіч, жонка загінуўшага міліцыянера, засталася з двума малалетнімі дзецьмі. Зараз сям’я жыве ў Віцебску. Усе яе члены прымалі ўдзел у цырымоніі адкрыцця мемарыяльнага знака. Акрамя гэтага, прысутнічалі афіцыйныя асобы з Віцебскага ўпраўлення ўнутраных спраў, асабісты састаў Сенненскага РАУС, ветэраны, жыхары вёскі. Благачынны сенненскай акругі протаіерэй Мікалай Валачковіч правёў чын асвячэння помніка, напомніўшы прысутным, што смерць «за другі свая» — самая ганаровая.

Як гэта было

 Сярод сенненскіх ветэранаў міліцыі ёсць людзі, якія служылі разам з Аляксеем Сінкевічам.

 Міхаіл Лукашэвіч:

 — З Сінкевічам мне давялося служыць тры гады. Гэта быў ужо вопытны міліцыянер. Таму часта даводзілася прасіць у яго парады, у чым ён ніколі не адмаўляў.

 Анатоль Спаткай:

 — Сінкевіч спачатку быў участковым ва Ульянавічах, а потым яго перавялі ў Ходцы. Аляксей быў не супраць, бо тут жыла яго цешча. Я заўжды здзіўляўся яго сіле, якая спалучалася з незвычайнай дабрынёй і даверлівасцю.

 … У той ракавы дзень Аляксей Сінкевіч разам з сям’ёй прыехаў у Асінаўку да цешчы. Жонка захацела пабачыцца з сястрой, якая наведалася да бацькоў з Рыгі. А хутка ў вёсцы з’явілася і аператыўная група аддзела. Па інфармацыі, у Асінаўцы знаходзіўся Слан, мясцовы жыхар, які некаторы час жыў у Расіі, быў там асуджаны. Пасля вяртання на радзіму яго прозвішча таксама не раз фігурыравала ў міліцэйскіх зводках. На гэты раз у Ходцах ён украў апаратуру перасоўнай кінаўстаноўкі. А галоўнае, са школы знікла малакаліберная вінтоўка. Міліцыянеры з вялікай доляй верагоднасці лічылі, што і ў гэтай справе без Вячаслава Маскалёва не абышлося.

Члены аператыўнай групы перш за ўсё сустрэліся з Сінкевічам, бо ўсё ж гэта быў яго ўчастак і ён быў уключаны ў састаў групы. Да таго ж, хата, дзе злачынца мог знаходзіцца, стаяла якраз насупраць дома цешчы Сінкевіча. Устаноўленыя назіранні пацвердзілі падазрэнні міліцыянераў. Хату акружылі, а злачынцу прапанавалі выйсці. У адказ прагучаў стрэл.

 — Маскалёў у хаце быў не адзін. Ён паўсюль вадзіў з сабой падлетка, з якім прыехаў з Расіі. Калі  хлопец вырашыў выйсці да міліцыянераў, Слан прастрэліў яму нагу, — успамінала Вікторыя Сінкевіч.

 І ўсё ж Аляксей Сінкевіч, які не раз па-суседску меў зносіны з Маскалёвым, вырашыў пагаварыць з ім. Пра свой намер ён гучна паведаміў і без зброі выйшаў на адкрытую пляцоўку перад хатай. Стрэл прагучаў у другі раз…

 Куля трапіла ў жывот і засела ў пазваночніку. Параненага занеслі ў хату, паехалі па медыцынскую дапамогу. Даехаць да месца здарэння медыкі не змаглі. Сінкевіча панеслі на руках, потым везлі па разбітай дарозе. У Сенненскай раённай бальніцы хірурга неабходнай кваліфікацыі не аказалася, паехалі ў Багушэўск за Баканавым. У час аперацыі Аляксей Сінкевіч памёр.

 Смерць міліцыянера не засталася не адпомшчанай, хоць у той дзень злачынцу ўдалося збегчы. Праз некаторы час ён паспрабаваў спыніць жанчыну-паштальёнку, якая ехала на веласіпедзе. Калі тая загад не выканала, выстраліў наўздагон. Намаганні міліцыянераў раённага аддзела, якіх на той час было ўсяго 27 чалавек, вынікаў не давалі. На падмогу выклікалі байцоў аператыўнага палка міліцыі. У час правядзення аперацыі па затрыманні злачынцы Маскалёва загналі ў возера. Зразумеўшы, што на гэты раз выслізнуць не ўдасца, ён застрэліўся.

 Аляксей Сінкевіч пасмяротна быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Жонка разам з двума малалетнімі дзецьмі атрымала кватэру ў Віцебску. Пазней у Сянно адна з вуліц была названа ў гонар міліцыянера, на будынку РАУС з’явілася мемарыяльная дошка. і вось — памятны знак на месцы, дзе міліцыянер атрымаў смяротнае раненне.

 Кожны, хто пагаджаецца на службу ў міліцыі, безумоўна, разумее, што яна звязана з рызыкай для жыцця. Але рызыкнуць жыццём дзеля сяброў, дзеля выканання сваіх службовых абавязкаў пад сілу далёка не кожнаму. Патрэбен асобы стрыжань, якім Аляксей Сінкевіч, безумоўна, валодаў, якім валодалі іншыя міліцыянеры, што загінулі пры выкананні службовых абавязкаў. На Віцебшчыне толькі за навейшую гісторыю беларускай міліцыі гэта здаралася 9 разоў. Памятны знак у Асінаўцы ўстаноўлены і ў іх памяць.

Аляксандр ЛАЗЮК.

 На здымках: у час адкрыцця мемарыяльнага знака ў гонар Аляксея Сінкевіча.