Без мужчын — ні туды, ні сюды

Дзень мужчын — свята, якое мае дзіцячы ўзрост. Яно заснавана Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый па ініцыятыве Міхаіла Гарбачова, апошняга прэзідэнта СССР. Па прычыне малавядомасці гэтага факта для шырокай грамадскасці адзначаецца даволі вяла нават на прасторах былой краіны,  дзе асабліва любяць святкаваць.

 У Сенненскім раёне сёлета пра яго ўспомнілі толькі ў Цэнтры банкаўскіх паслуг № 218 філіяла № 200 Віцебскага абласнога ўпраўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» і наладзілі для супрацоўнікаў-мужчын забаўляльна-пазнавальнае шоу, акцэнтаваўшы ўвагу на ролю дужай паловы чалавецтва як бацькі. Пры гэтым, прабачце за таўталогію, ролю бацькі на сябе запрасілі прымерыць не толькі тых, хто гэты статус носіць афіцыйна, але і халасцякоў.

 Свята пачалося з уступнага слова вядучых-жанчын, якія сказалі колькі слоў пра новае свята і ролю мужчыны ў сям’і іграмадстве,  пра карысць, якую ён прыносіць жанчыне. Напрыклад, іншы раз мужчыны мыюць посуд; яны вышэй жанчыны і могуць лёгка дастаць кніжку з верхняй паліцы; яны глядзяць, калі жанчына кажа «паглядзі». З больш сур’ёзнай «прамовай» да мужчын звярнулася Таццяна Гарнак, дырэктар ЦБУ. Як-ніяк мужчыны — гэта трэцяя частка калектыву. У банкаўскай установе на іх ускладзены такія абавязкі як забеспячэнне бяспекі і камп’ютарнае забеспячэнне работы фінансавай установы, мужчыны — спецыялісты па рабоце з пластыкавымі карткамі і крэдытаванні насельніцтва, інкасатары, юрысты, вадзіцелі…

 У час правядзення свята мужчынам прапаноўвалі самыя розныя конкурсы. Спачатку самым смелым, не жанатым і бацькам са стажам, прапанавалі апрануць ляльку ў адзенне, папярэдне хаатычна скінутае ў кучу. Трэба было бачыць, як яны стараліся, з якой упартасцю апраналі сваіх «дзяцей». А галоўнае, усе справіліся з гэтым адказным заданнем.

 Сямейнае акружэнне мужчыны — даволі разнастайнае, а жыццё ў ім складанае, патрабуе асаблівай эрудыцыі і вынаходлівасці. Вядучыя свята вырашылі праверыць як у ім адчуваюць сябе калегі-мужчыны. Для гэтага былі загадзя падрыхтаваны, арыгінальныя і не вельмі, пытанні, на якія мужчынам трэба было даваць адказы экспромтам. Нехта дакладна назваў дзень нараджэння цешчы, чаму ўдзельнікі свята дружна парадаваліся, бо такі факт гарантуе добрыя адносіны ў сям’і. Хтосьці доўга ўспамінаў, ды так і не ўспомніў, на жаль, якуюкніжку ў апошні раз чытаў сыну, з чаго таксама быў зроблены адпаведны вывад. Самым арыгінальным прызнаны адказ на пытанне, якая любімая тэлепраграма ў вашай жонкі — «Жди меня».

 Асаблівыя пытанні былі адрасаваны самаму вопытнаму з мужчын ЦБУ — ім з’яўляецца Уладзімір Кавалёў, якому сёлета споўнілася 68 гадоў; самаму малодшаму — 25-гадоваму старшаму інкасатару Яўгену Куліку; патэнцыяльным жаніхам — іх у калектыве некалькі; Мікалаю Парэпку — бацькам ён стаў зусім нядаўна. Дарэчы, дзеці сёлета нарадзіліся яшчэ ў чатырох мужчын банкаўскай установы.

 Давялося мужчынам пабываць і на кухні. Хоць яна і была віртуальнай, свае веды і навыкі ў кухарскай справе мужчыны прадэманстравалі адмыслова. У шэрагу шматлікіх кампанентаў, якія неабходны, каб зварыць боршч, называліся нават фасоль і капуста.

 Зрэшты, суддзі не былі занадта строгімі. Кожны мужчына атрымаў медаль і тытул да яго.  Узнагароды былі прыняты з удзячнасцю, як і пірагі, хатняя выпечка, якімі ў той дзень жанчыны Цэнтра банкаўскіх паслуг частавалі ў абедзенны перапынак.

  Аляксандр ЛАЗЮК.

 НА ЗДЫМКАХ: дзень мужчын у Цэнтры банкаўскіх паслуг.