Белорусско-балтское созвучие. Эстонская пианистка выступила в Сенно

Сцэна Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў бачыла прафесійных музыкантаў не толькі з Беларусі, але і суседняй Літвы. А нядаўна шэрагі гасцей установы папоўніла прадстаўніца эстонскай музычнай культуры.

Аліса Подрэз знаходзіцца ў пачатку сваёй музычнай кар’еры: яна заканчвае Талінскую вышэйшую школу музыкі імя Георга Отса. Між тым маладая і таленавітая выканаўца актыўна канцэртуе ў сябе на радзіме і не толькі як піяністка. Адзін з любімых інструментаў 19-гадовай Алісы, з якім яна плануе звязаць сваё жыццё, — арган. У праграме сенненскага канцэрта ў выкананні эстонскай піяністкі прагучалі творы знакамітых кампазітараў розных эпох: Пахельбеля, Баха, Бетховена, Сібеліуса, Пуланка. Пазнаёміліся навучэнцы школы і іх педагогі і з творчасцю вядомых эстонскіх аўтараў — Арво Пярта, Артура Лемба і іншых.

Для эстонкі па нараджэнні Сянно — не чужы горад. Адсюль родам бацька Алісы, які, дарэчы, калісьці скончыў гэтую ж музычную школу, толькі па класе баяна. У райцэнтры і цяпер жывуць сваякі Алісы. Многія з іх прыйшлі падтрымаць дзяўчыну падчас канцэрта. Аб цёплым прыёме на гістарычнай радзіме эстонскай госці будуць нагадваць традыцыйныя сеннескія сувеніры, якія ёй уручыў дырэктар ДШМ Іван Смірноў (на здымку).

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Фота аўтара.