Сенненские активисты-школьники благоустроили воинское захоронение

  У красавіку актывісты пярвічкі ГА “БРСМ” СШ №2 г.Сянно добраўпарадкавалі воінскае пахаванне ў в.Вароніна Нямойтаўскага сельсавета, дзе знаходзіцца магілаюнага героя Васіля Стаброўскага.

Свой сацыяльна-патрыятычны праект “Хто, калі не мы?” вучні другой гарадской школы абаранялі ў снежні мінулага года на выставе-прэзентацыі ў рамках раённага этапа рэспубліканскага конкурсу БРСМ “100 ідэй для Беларусі”. Нядаўна запланаваны праект удалося ўвасобіць.  Зрабілі гэта  10 вучняў другой гарадской школы разам з трыма настаўнікамі.

 Даведка

 Стаброўскі Васіль Данілавіч — юны партызан атрада «Дзядзі Косці» 1-й брыгады імя.К.С.Заслонава. Нарадзіўся ў в.Шэпетава Талачынскага раёна.

 У складзе групы А.Ф.Арцішука Васіль Стаброўскі не раз удзельнічаў у баях з карнікамі. Разам з баявымі сябрамі ён падпаліў мост каля вёскі Жураўлі. У адну з восеньскіх начэй 1943 года дыверсійная група, у якую ўваходзіў Вася Стаброўскі, заклала міну пад чыгуначнае палатно паблізу станцыі Талачын. Міна спрацавала. Варожы эшалон паляцеў пад адхон.

   У студзені 1944 года Васіль Стаброўскі разам з партызанамі-камсамольцамі сышоў на чарговае заданне. Даведаўшыся, што па дарозе недалёка ад вёскі Кулікі Сенненскага раёна рухаецца варожая аўтакалона, смельчакі арганізавалі засаду. Сілы апынуліся няроўнымі, бой прыняў зацяжны характар. У партызанах скончыліся боепрыпасы. Расстраляўшы свае патроны і знішчыўшы больш за дзесяць гітлераўцаў, Вася быў цяжка паранены: аўтаматнай чаргой яму перабіла абедзве нагі. У хлопца застаўся ўсяго адзін патрон, які ён пусціў у сябе. За мужнасць і гераізм у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі юны партызан быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Разам з дзевяццю баявымі сябрамі адважны падрыўнік Васіль Стаброўскі пахаваны ў вёсцы Вароніна Сенненскага раёна.

Па словах педагога-арганізатара СШ №2 г.Сянно Вольгі Пернер,  пахаванне ўяўляе з сябе дзесяць магільных пліт, што ўраслі ў зямлю. Таму дзецям прыйшлося зразаць з іх дзёран. Каб яны сталі бачнымі, потым пліты зачышчалі ад моху металічнымі шчоткамі і пасыпалі вакол жоўтым пяском. Работа заняла некалькі гадзін.

Пазней  актывісты плануюць пафарбаваць магільныя пліты. Старшыня Нямойтаўскага сельвыканкама Анатоль Бараноўскі абяцаў усталяваць на іх новыя шыльды.

 Ірына ХАСАНАВА.