Штучны ажыятаж

Прачытаўшы маё інтэрв’ю са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Міхаілам Мікалаевічам Вілюгам пад загалоўкам «Саманарыхтоўкай… у разы танней», змешчанае ў раённай газеце за 26 кастрычніка гэтага года, дзе ўзнімалася праблема забеспячэння палівам, у прыватнасці, дровамі, грамадзянін з Багушэўска (не будзем называць яго прозвішча) не пагадзіўся з публікацыяй. Маўляў, самі вы калі-небудзь рыхтавалі дровы саманарыхтоўкай, каб так сцвярджаць. Трэба набыць бензапілу, наняць людзей, накарміць іх, наняць транспарт, грузчыкаў, купіць бензін… Вось і лічыце цяпер, у якую  капеечку  абыдзецца прычэп або машына дроў.

 Пры такім раскладзе, калі, мне здаецца, гаспадар сам і палец аб палец ударыць не збіраецца, то, сапраўды, бярозава-альховыя ці зусім асінавыя цуркі могуць стаць залатымі. Ва ўсялякім разе, не менш накладнымі, чым у Сенненскім філіяле АУП «Віцебскаблпаліва». Размова вялася аб саманарыхтоўцы пры наяўнасці рабочай сілы сярод родзічаў, элементарнага інструменту  тыпу пілы «дружба-2» (дзвюхручка), звычайнай сякеры, а не сучкарэза.

 Памятаю, каб забяспечыць сябе і цесця  дровамі, садзіліся ў рэйсавы аўтобус (дзве сякеры, піла) і ехалі ў калгас, кіламетраў за 20 ад гарпасёлка. Выпісвалі 15 кубаметраў дроў на корані коштам па 50 капеек за кубаметр. Працавалі з начоўкай. Ніякага спіртнога, толькі харч на тры перакусы. Наймалі за «чырвонец» за рэйс трактарыста, а дома дровы самі распілоўвалі, калолі, складвалі. Прычэп  дроў  абыходзіўся рублёў у 20, не болей, «эсэсэсэраўскіх» грошай. Прывезці машыну гатовых (тады таксама некаторыя мелі падобны заробак) — трэба было выкласці 60-70 рублёў (амаль палову месячнага акладу). Таму, што ні кажыце, а на сябе працаваць цяжка, але танна.

 Ажыятаж вакол паліва «падагрэлі » польскія сіноптыкі: маўляў, маразы будуць  зашкальваць. Прагноз беларускіх спецыялістаў: не  такі страшны чорт, як яго малююць. Тэмпература ў снежні, студзені будзе блізкай да нармальнай для гэтай пары, у лютым  магчыма паніжэнне да мінус 30 градусаў па Цэльсію, але гэта будзе непрацяглы час. Між тым, першая інфармацыя заўсёды мае больш веры, а наступная ўспрымаецца ўжо як апаненцкая. Як яно там не было, аднак лепш перастрахавацца, чым даць застаць маразам сябе знянацку. Вось людзі і пачалі асаджаць розныя інстанцыі. Нягледзячы на гэта, чарга на паліва паступова змяншаецца. Калі на канец кастрычніка ў чарзе на дровы былі 342 чалавекі, на брыкет — 257, то цяпер, адпаведна, — 253 і 215. Справа яшчэ і ў тым, што чарга кожны дзень папаўняецца. У некаторых, вобразна кажучы, у запасах дроў змеі поўзаюць, а гаспадар працягвае дзейнічаць па прынцыпу: сусед прывёз, а я што, горшы? І ў сваёй большасці ўскладваюць надзеі на забяспечваючыя арганізацыі, а не на саманарыхтоўку.

 Без дроў ніхто не застанецца. Па заяўках сельскіх выканкамаў «Белгіпраземам» адведзены ўчасткі для саманарыхтоўкі дроў насельніцтвам на тэрыторыях сельсаветаў. Гэта плошча (глядзі табліцу) займае звыш 579 гектараў агульным драўнінным аб’ёмам больш за 3230 метраў кубічных. Безумоўна, трэба «подсуетиться» і на вашым двары заўсёды будзе паліва, у тым ліку і таннае, самім ці з дапамогай родзічаў нарыхтаванае.

Міхаіл Бялоў.