Октябрята Сенненского района приняли участие в детской военно-спортивной игре «Зарничка-2017» (+фото)

 У канцы красавіка ў Фізкультурна-спартыўным комплексе г.Сянно прайшла раённая дзіцячая гульня «Зарнічка», прысвечаная 50-годдзю піянерскай ваенна-спартыўнай гульні «Зарніца». «Зарнічка» ўяўляе сабой камандныя спаборніцтвы па выкананні інтэлектуальных і абаронна-спартыўных дысцыплін.

Рашэнне аб правядзенні ў кожнай піянерскай дружыне спартыўна-патрыятычнай гульні з удзелам акцябрат было прынята Цэнтральным Саветам БРПА з мэтай умацавання пераемнасці ў радах зарнічнікаў.

На спаборніцтвы прыбыло 90 чалавек, якія выступілі ў складзе 9 каманд устаноў адукацыі раёна. З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей звярнулася ветэран піянерскага руху, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Жыгунова. З парадкам правядзення конкурсаў каманды пазнаёміў галоўны суддзя спаборніцтваў, дырэктар Сенненскай ДЮШАР Анатолій Гарнак.

Пасля жараб’ёўкі пачаўся першы этап гульні пад назвай «Штаб». Акцябраты прадэманстравалі сваё ўменне хадзіць строем, выконваць прасцейшыя каманды. Агляд праводзіў ваенны камісар раёна Дзмітрый Ермакоў. І «камандзіры», і «байцы» вельмі стараліся выглядаць бравымі салдатамі. Сур’ёзнасці дзейству надавала форма, у кожнай каманды свая, адметная. Вядома ж, не ўсё атрымлівалася «на выдатна», але трэба ўлічваць, што для 8-10-гадовых дзяцей гэта быў першы вопыт падобных выступленняў. Лідарам конкурсу стала каманда «Юнга» Сенненскай школы-інтэрната. Тут варта ўзгадаць, што ў гэтай установе рэгулярна праходзяць унутрышкольныя агляды строю і песні, і, безумоўна, прыклад старэйшых таварышаў паўплываў на падрыхтоўку акцябрат.

У бліц-гульні «Маленькія грамадзяне вялікай краіны» лепшымі эрудытамі паказалі сябе члены каманды «Полымя» Беліцкай ДССШ.

На этапе «Высоўванне» таксама праводзілася два спаборніцтвы – «Павуціна» і «Снайпер». Больш спрытна прапаўзлі пад нацягнутай сеткай «Юнгі». Самымі трапнымі былі «Салдатушкі» з Багушэўскай СШ №2.

Каб прайсці этап «Манеўраванне», кожны ўдзельнік павінен быў, пераскокваючы з «купіны» на «купіну», пераадолець «багну». Хутчэй за іншых і з меншай колькасцю памылак з гэтым складаным заданнем справілася каманда «СОБР» СШ №2 г.Сянно.

«Доўгачасовая агнявая кропка» і «Сакрэтны Пакет», так называліся два конкурсы, з якіх складаўся апошні этап «Наступленне». Іх лідарамі сталі каманды «СОБР», «Юнга», «Спецназ» Студзёнкаўскай ДССШ.

У перапынках паміж конкурсамі ўдзельнікам і гасцям «Зарнічкі» свае музычныя выступленні дарылі навучэнцы Сенненскага цэнтра дзяцей і моладзі.

Па выніках спаборніцтваў судзейская калегія вынесла наступны вердыкт. Першае месца было прысуджана камандзе «Полымя», другое аддалі «Юнгам», трэцяе дасталася «Салдатушкам».

Пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі.

Арганізатары спаборніцтва, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Цэнтр дзяцей і моладзі, раённы савет БРПА, выказалі спадзяванне, што гульня зацікавіла і дзяцей, і іх настаўнікаў, і ў далейшым стане традыцыйнай.

 Таццяна БУРАКОВА.

На здымках: у час правядзення гульні «Зарнічка».

 Фота аўтара.