Грачи прилетели. Как «каркающая» проблема мешает сенненцам жить

У свой час пералётныя чорныя птушкі з белымі дзюбамі натхнілі вядомага рускага мастака Аляксея Саўрасава на стварэнне шэдэўра сусветнага выяўленчага мастацтва, які сёння захоўваецца ў Траццякоўскай галерэі. Але ў рэальным жыцці пейзаж, падобны таму, што занатаваны на палатне «Гракі прыляцелі…», радуе далёка не ўсіх.

З прыходам вясны ў горадзе назіраецца сапраўдны “птушыны базар”. У гэты час прадстаўнікі сямейства крумкачовых (да яго належаць і гракі) актыўна будуюць гнёзды. Гэтыя птушкі селяцца калоніямі, часта побач з чалавекам. Многім сенненцам такое суседства дастаўляе шмат нязручнасцей. Над вуліцамі Касманаўтаў і Каваленка райцэнтра бесперапынна разносіцца рэхам надрыўнае карканне. Вароны, галкі, гракі літаральна «акупавалі» дрэвы і дахі дамоў. «Птушыныя разборкі» перашкаджаюць спаць, запэўніваюць мясцовыя жыхары, якія патэлефанавалі ў рэдакцыю «ГС» за дапамогай у вырашэнні праблемы. Асабліва не пашанцавала ўладальнікам кватэр на верхніх паверхах з незашклёнымі балконамі, якія пярнатыя забруджваюць сваімі экскрыментамі і вулічным смеццем.

У РУП ЖКГ паступаюць скаргі на нахабных прадстаўнікоў сямейства крумкачовых. Аднак камунальнікі толькі разводзяць рукамі. Ліквідаваць птушыныя гнёзды ўжо позна.

— Летась у чэрвені ў сілу ўступілі змены ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб жывёльным свеце», якія забараняюць з 15 жніўня па 15 лютага разбураць гнёзды птушак, размешчаных на насаджэннях у населеных пунктах, жылых, вытворчых, культурна-бытавых і іншых будынках і збудаваннях. Абрэзка галін з гнёздамі пасля 15 лютага незаконная, парушальнікам пагражаюць штрафы, — тлумачыць начальнік раённай інспекцыі аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Аляксандр Якубовіч.

Адстрэльваць або атручваць птушак у населеных пунктах нельга, падкрэслівае галоўны эколаг раёна. У буйных гарадах для адпужвання варання ўстанаўліваюць біяакустычныя прыборы, якія імітуюць трывожныя птушыныя крыкі, галасы драпежнікаў (падобныя ёсць у Мінску). Але каштуе такі «гаджэт» нятанна. Таму самым простым і дзейсным метадам барацьбы застаецца чысціня ў парках і дварах. Не будзе ў птушак ежы і месцаў для гнездавання — знойдуць сабе іншае месца жыхарства. А пакуль у горадзе для пярнатых створаны ідэальныя ўмовы. У дварах поўна адкрытых смеццевых бакаў, набітых харчовымі адходамі, якімі сілкуюцца птушкі. А ў дамах нямала адкрытых тэхналагічных адтулін, дзе яны могуць начаваць, віць гнёзды.

У Інтэрнэце знойдзецца шмат прапаноў па прымяненні разнастайных прыстасаванняў для адпужвання птушак: аўдыёзапісы сігналаў бедства крумкачовых, лазер, пудзілы і нават піратэхніка. Сваімі рукамі з падручных матэрыялаў (ПЭТ-бутэлькі, фольга, СD- і DVD-дыскі і г.д.) можна змайстраваць розныя шумоўкі, круцёлкі. Праўда, іх эфектыўнасці, мяркуючы па водгуках інтэрнэт-карыстальнікаў, хапае ненадоўга. Вакол нас так шмат бліскучых прадметаў, што птушкі перастаюць іх баяцца.

На некаторых буйных аб’ектах, такіх, як аэрапорты, маскоўскі Крэмль, для барацьбы з вараннём выкарыстоўваюць драпежных птушак, у прыватнасці, ястрабаў.

У вырашэнні «каркаючай» праблемы камунальнікі і жыхары павінны дзейнічаць сумеснымі намаганнямі. Першыя — рэгулярна праводзіць абрэзку дрэў, устанаўліваць спецыяльныя жалюзі на слыхавыя вокны, сеткі — на выцяжкі, закрытыя кантэйнеры для адходаў. Другія — падтрымліваць парадак у сваіх дамах, дварах, месцах грамадскага карыстання.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Фота аўтара.

  За незаконнае разбурэнне мурашнікаў, гнёздаў, нор або іншага жылля дзікіх жывёл, збор яек, лічынак і кукалак мурашак, яек птушак або здабычу дзікіх жывёл, якія знаходзяцца ў бядотным становішчы, арт. 15.32 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйнай адказнасці прадугледжвае накладанне штрафу ў памеры да 30 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад 10 да 100 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — ад 20 да 500 базавых велічынь.