Да будзе святло на выбарчых участках!
19 снежня 2010 года адбудуцца выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта важнейшая палітычная кампанія, якая павінна прайсці без сучка-задзірынкі, у строгай адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь і Законам Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь», іншых заканадаўчых актаў. Выбарчая кампанія прыпадае на самы кароткі светлавы дзень: позна днее і рана змяркаецца. Гэта накладвае некаторы адбітак на работу участковых выбарчых камісій, на актыўнасць выбаршчыкаў. Што б сёння вы пажадалі выбарчым камісіям, Пётр Іванавіч?
— Толькі плённай работы. А каб яна сапраўды была такой, ужо сёння неабходна паклапаціцца аб надзейнасці электразабеспячэння і электрабяспекі ў памяшканнях, дзе будуць працаваць участковыя выбарчыя камісіі. Тэрыторыі выбарчых участкаў, а таксама прылягаючыя да іх, вуліцы населеных пунктаў павінны быць дастаткова добра асветлены. Аб гэтым неабходна паклапаціцца кіраўнікам пассельвыканкамаў разам з кіраўніцтвам Сенненскага раёна электрасетак. Уладальнікам памяшканняў, дзе размяшчаюцца выбарчыя ўчасткі, трэба праверыць асвятленне пад’ездаў, лесвічных клетак. Сілавыя і размеркавальныя шчыты павінны быць закрыты на замкі, каб не было свабоднага доступу староннім асобам да токавядучых частак, што знаходзяцца пад напругай. У памяшканнях, дзе працуюць выбарчыя камісіі, не павінна быць адкрытых токавядучых вузлоў. Над выбарчымі кабінамі варта ўстанавіць свяцільнікі з ахоўнымі каўпакамі, каб пазбегнуць траўм у выпадку разрыву электралямпачак. Не лішнім будзе правесці рэвізію электраўстановак і электраабсталявання, чыстку сілавых шчытоў і шчыткоў асвятлення, укамплектаваць пакоі, дзе знаходзяцца электраўстаноўкі, сродкамі аказання даўрачэбнай медыцынскай дапамогі і сродкамі пажаратушэння.
— Не прывядзі Божа, але конь на чатырох нагах, і то спатыкаецца…
— Не наклічце бяды. Вось каб яе не здарылася, трэба быць да ўсяго гатовымі. Электраўстаноўкі — тая ж тэхніка. Зараз працуе, а зараз — збой. Тым больш узімку. Неабходна мець альтэрнатыўныя крыніцы электраэнергіі (газавыя лямпы, ліхтарыкі, электрычныя ліхтарыкі), а таксама запас калібраваных плаўкіх засцерагальнікаў.
Кіраўнікі арганізацый, у чыіх памяшканнях знаходзяцца выбарчыя ўчасткі, абавязаны арганізаваць дзяжурства электратэхнічнага персаналу.
Словам, любое здарэнне не павінна быць нечаканасцю.
З начальнікам Сенненскага РЭІ «Энерганагляд» Пятром Камандышкам гутарыў
Міхаіл Бялоў.