Прибыль есть, дивиденды — потом. Собрание акционеров ОАО «Белая Липа» признало итоги работы за прошлый год удовлетворительными

Агульны сход акцыянераў ААТ “Белая Ліпа” прызнаў вынікі работы за 2016 год здавальняючымі. З гэтым пагадзілася Наталля Сапрыка,прадстаўнік дзяржавы ў Наглядальным савеце, якая разам са старшынёй РК прафсаюза работнікаў АПК раёна Аляксандрам Макаранкам прымала ўдзел у рабоце схода. Са справаздачай на ім выступіў Дзмітрый Людчык, дырэктар акцыянернага таварыства.

Перш чым пачаць аналіз вытворчай дзейнасці сельгасарганізацыі ён выказаў падзяку ўсім членам калектыву і кожнаму па асобку за працу. І нагадаў – падтрымка дзяржавы арганізацыям АПК змяншаецца, а таму для дасягнення неабходнага ўзроўню вытворчасці, дастойнай аплаты працы трэба разлічваць на сябе, на свае сілы і магчымасці.

За мінулы год вытворчасць валавай сельгаспрадукцыі скарацілася і ў грашовым эквіваленце склала 2080 тыс. рублёў, ці 97,8% да ўзроўню папярэдняга года. Асноўнай прычынай таму стаў недабор раслінаводчай прадукцыі, у першую чаргу зерня. А вось жывёлаводы нарасцілі аб’ёмы, праўда, толькі за кошт малака. Вытворчасць прадукцыі вырошчвання за год склала 158,2 тоны супраць 160,5 тоны, атрыманых у 2015 годзе. Атрымана менш прываг, аднак не толькі. Асноўны недабор прадукцыі адбыўся пераважна за кошт зніжэння пагалоўя маладняку буйной рагатай жывёлы, значнага непрадукцыйнага выбыцця. Зрэшты, на думку кіраўніка сельгасарганізацыі негатыўны ўплыў спаду валавай вытворчасці мяса ўдалося нівеліраваць, дзякуючы зніжэнню расходу кармоў з 12,4 цнт кармавых адзінак да 11,08.

Знізіўся расход кармоў і на вытворчасць малака. Падкрэслім, пры росце надою на карову і павелічэнні валавай вытворчасці. І гэта ці не галоўныя дывідэнды калектыва акцыянернага таварыства ў 2016 годзе. Зніжэнне затрат на вытворчасць прадукцыі – не проста задача, гэта спосаб выжыць ва ўмовах канкурэнтнай барацьбы, захаваць арганізацыю, што важна давесці да кожнага асобнага працаўніка.

Дайсці да розуму кожнага няпроста. Аналізуючы работу калектываў малочнатаварных ферм, дакладчык адзначыў, што самы высокі надой на МТФ “Сапегі” – 4328 кг на карову пры расходванні 1,10 цнт кармавых адзінак на вытворчасць аднаго цэнтнера малака. Як удалося дасягнуць такога выніку, трэба вывучаць, вопыт абагульняць і пераносіць на практыку работы калектываў іншых ферм. Асабліва МТФ “Латыгава” і хлява №2 МТФ “Белая Ліпа”, дзе расход кармоў прыкметна вышэйшы, да таго ж, дзе ў вытворчасці не дасягнулі нават паказчыкаў 2015 года.

Дадатковыя здабыткі атрымалі летась у “Белай Ліпе” за кошт павелічэння аб’ёмаў вытворчасці (на 70,6 т), паляпшэння якасці малака. “Экстрай” рэалізавана 41,5% ад агульнага аб’ёму супраць 7,4% у 2015 годзе. У выніку сабекошт адной тоны малака склаў 410 рублёў пры сярэдняй цане рэалізацыі 453 рублі.

 На вынікі работы ў раслінаводстве, безумоўна, адбілася надвор’е, прыкметна менш было ўнесена мінеральных угнаенняў. Асабліва знізілася ўраджайнасць зерневых культур. Толькі ці трэба вельмі бедаваць з гэтай нагоды? З гектара сабралі на 7-8 цнт збожжа менш, затое зэканомілі ўтрая на кошце ўгнаення – у 2015 годзе на 1 га ворыва было ўнесена 126 кг дзеючага рэчыва, летась – 41,1 кг. У выніку ўзровень рэнтабельнасці вытворчасці зерня склаў 10%.

Не менш важна, што павялічыўся аб’ём вытворчасці травяных кармоў. Калі б ім яшчэ дадаць спажыўнасці, якасці пры закладцы (у 2016 годзе сянаж і сілас быў пераважна трэцяга класа), вынікі ў жывёлагадоўлі, а значыць і фінансавыя здабыткі, былі б на парадак вышэй. А таму ў сельгасарганізацыі мяркуюць пашыраць плошчы палёў, занятых травамі, павышаць прадуктыўнасць пашаў, сенакосаў. Дасягнуць пастаўленай мэты можна рознымі шляхамі. Для ААТ “Белая Ліпа” найбольш даступны спосаб заключаецца ў пашырэнні плошчаў, занятых бабовымі травамі. Кіраўніцтва і спецыялісты жывёлагадоўчай галіны бачаць шляхі нарошчвання пагалоўя буйной рагатай жывёлы.

 — Самы даступны і самы эфектыўны – не купляць маладняк у насельніцтва, іншых сельгасарганізацый, а дабівацца большага выхаду цялят, зніжаць невытворчае выбыццё жывёлы, — падкрэсліў Дзмітрый Людчык.

З гэтым яго пасылам ніхто не спрачаўся. Праўда, галоўны заатэхнік сельгасарганізацыі Ірына Яроменка ў час свайго выступлення наракала не толькі на дрэнную якасць кармоў. Пазбегнуць страт маладняку дапаможа ўвядзеннеў эксплуатацыю арачніка і прафілакторыя, якія не ўдалося дабудаваць летась. Прыняты некаторыя іншыя меры, якія дапамогуць вырашыць праблему ўзнаўлення статку: вядзецца сінхранізацыя асемянення, закуплены тэсты для вызначэння сцельнасці жывёлы на ранняй стадыі. Уводзіцца шэраг стымулюючых выплат для жывёлаводаў, якія дасягнуць высокіх паказчыкаў па захаванасці маладняку, выяўленні кароў у ахвоце.

Абмяркоўваліся і іншыя бягучыя справы, у тым ліку стратэгія і тактыка развіцця гаспадаркі на бліжэйшы перыяд. У абмеркаванні яе прымалі ўдзел пераважна спецыялісты. Масы, яны ж акцыянеры, не праявілі асаблівага інтарэсу нават да лёсу дывідэндаў, якія яны могуць атрымаць. А, магчыма, яны ведалі, пакуль у акцыянернага таварыства ёсць запазычанасць перад дзяржавай, разлічваць на іх выплату не даводзіцца.

Аляксандр ІЎЕЎ.