Разам будуем свой дом

Сёння, паважаныя чытачы, мы пазнаёмім вас з сям’ёй Наталлі і Віктара Будновых з Беліцкага сельсавета.  Яны прымаюць удзел у раённым конкурсе на “Лепшы моладзевы падворак”.

 Не прайшло яшчэ і двух гадоў, як сям’я пераехала ў Полымя з Андрэйчыкаў. Раней жыла яна ў дзяржаўным доме, цяпер жа набыла свой асабісты. Змяніць месца жыхарства прыйшлося з-за таго, што ў  вёсцы не было ні дзіцячага садка, ні школы. Дзеці падраслі, прыйшоў час адпраўляць іх на вучобу. Іх у Будновых двое: Дзіяна (10 год) на здымку і Каміла (7).

 “З пераездам пачалося і новае жыцццё, — гаворыць Наталля. —Муж уладкаваўся на працу ў ТЦСАН, даглядае пажылых, я працую паштальёнам”.

 У вольны час Будновы займаюцца добраўпарадкаваннем сядзібы. Калі набылі дом, ля яго не было ні плоту, ні клумбы. Цяпер жа так і хочацца спыніцца ля новай каляровай агароджы і заглянуць за яе. Ліліі, якія вельмі любіць гаспадыня, ружы, аксаміткі прываблі­ваюць сваёй стракатасцю і яркасцю. У гэтым годзе з’явілася ў агародчыку невялічкая сажалка (на здымку), арка над веснічкамі.

 — Планы ў нас вялікія. Хочам зрабіць прыбудову да хаты.  Дзеці падрастаюць, няхай у іх будуць свае пакойчыкі. Думаем і лазню рэканструяваць. Мяркуем сайдынгам абшыць, — расказвае Наталля.

 Але на гэта часу застаецца няшмат, бо трымаюць Будновы вялікую гаспадарку: дзве каровы, каня, курэй, свіней, трусоў.  Штодзень здаюць малако дзяржаве, дзесьці па 15 літраў. Апошнім часам пачалі задумвацца пра трэцюю рагулю. Бо бачаць сэнс у развядзенні свойскай жывёлы. Грошы ў сям’ю гэты від дзейнасці прыносіць немалыя.

 Віктар  і Наталля пад­трым­ліваюць адзін аднаго ва ўсіх пачынаннях. Муж, напрыклад, плот паставіць, жонка яго размалюе.  Такі падыход да справы  падбадзёрвае іхочацца надалей разам будаваць свой дом, добраўпарадкаваць сядзібу. 

 Праўда, на думку Будновых, сям’я іх нічым асаблі­вым не вылучаецца. Таму прымаць удзел у конкурсе пагадзіліся не адразу. 

Але ж парадак, які яны навялі ля сядзібы ўсяго толькі за два гады, уражвае. Хочацца, каб у маладой сям’і з’явілася як мага больш паслядоўнікаў.

 Кацярына КАРПОВІЧ.