Условия жизни и работы молодых специалистов на Сенненщине изучили с помощью мониторинга

  Кожны год у арганізацыі раёна па размеркаванні накіроўваецца больш за сотню выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Большасць з іх праз два гады ціхенька з’язджае ў родныя мясціны, а часцей, у вялікія гарады. “Бліжэй да цывілізацыі”, — як іншы раз даводзіцца чуць.

Сапраўды, вясковы дом па сваіх камунальных умовах прыкметна саступае віцебскай ці мінскай кватэры. Рабочы дзень, умовы працы агранома сельгасарганізацыі не параўнаеш з тым, як працуе праграміст ці настаўнік. Пра ўсё гэта маладыя спецыялісты ведаюць не стаўшы нават абітурыентамі. Якія тут могуць быць прэтэнзіі?

Але, безумоўна, ёсць іншыя прычыны па якіх маладыя спецыялісты не цэняць першае працоўнае месца, атрыманае на Сенненшчыне. Гэта пацведзіў маніторынг, праведзены спецыялістамі аддзела арганізацыйна-кадравай работы і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

-Мы акцэнтавалі ўвагу на вывучэнні ўмоў працы і быту, адаптацыі і замацавання маладых спецыялістаў і рабочых, — расказала Ганна Мартыновіч, галоўны спецыяліст аддзела.

Даведка “ГС”.

46% маладых спецыялістаў, якія працуюць на Сенненшчыне, жывуць з бацькамі, 28 – здымаюць жыллё, 14 – засяліліся ў ведамасныя інтэрнаты або дамы. Невялікая частка мае ўласнае жыллё ці ездзіць на працу з іншых населеных пунктаў.

Інфармацыя пра жыццё–быццё ўчарашніх студэнтаў збіралася і іншымі спосабамі. Пераважна праз адкрыты дыялог. Назбіралася даволі шмат негатыву, які сведчыць пра незадаволенасць маладых спецыялістаў узроўнем аплаты працы, умовамі працы і адпачынку, нават, настроем у працоўных калектывах. А больш за ўсё выклікае трывогу абыякавасць адказных асоб, у першую чаргу кіраўнікоў арганізацый, да далейшага лёсу маладых спецыялістаў, да замацавання іх на першым рабочым месцы.

Адкрытым застаецца пытанне забеспячэння маладых спецыялістаў жыллём з належнымі ўмовамі. Вось адзін з прыкладаў на гэтую тэму. Аднаму са спецыялістаў  ААТ “Сенненскі райаграсервіс”  прапанавалі пакой ў інтэрнаце, ад якога ён адмовіўся, бо памяшканне доўгі час не рамантавалася,і здымае жыллё. Затраты на гэта яму арганізацыя не кампенсуе, хоць згодна з калектыўным дагаварам павінна. Кіраўнікам арганізацый неабходна загадзя прадумваць адказы на пытанні: «Якое жыллё прапанаваць маладому спецыялісту?», «Ці прымальны гэтыя ўмовы для жыцця?», «Што неабходна зрабіць, каб іх палепшыць?».

Недахопы такога ці іншага характару зафіксаваны ў іншых арганізацыях. Што асабліва здзівіла, маладым спецыялістам не заўсёды хапае неабходнай інфармацыі. Зрэшты, папрок можна выказаць і ўх адрас. Трэба ведаць свае правы, вучыцца адстойваць іх.

Маюць месца сітуацыі супрацьлеглага кшталту. Жыхару Віцебска, які працуе ў сельгасарганізацыі першы год, прапанавалі ў якасці жылля службовы дом.  Хлопец адмовіўся і кожны дзень (на працу з працы) ездзіць. Пры гэтым настойвае, каб яму кампенсавалі затраты на праезд. Як высветлілася, яго прэтэнзіі не правамерныя, бо аплата праезда не прадугледжана калектыўным дагаворам.

Вынікі маніторынгу былі абмеркаваны, у тым ліку з удзелам старшыні райвыканкама. Вывады, зробленыя удзельнікамі, нарады хоць і не адрозніваюцца арыгінальнасцю, аднак досыць зразумелыя. Маладым спецыялістам трэба аддаць усё, што прадугледжана заканадаўствам, кіраўнікам і спецыялістам варта праявіць крыху чалавечай ўвагі, цеплыні і паказаць перспектыву кар’ернага росту. Гэта адна з галоўных пераваг працы ў сельскім раёне. Пры дэфіцыце спецыялістаў, асабліва падрыхтаваных належным чынам, ініцыятыўных, гатовых узяць на сябе адказнасць за лёс калектываў, вытворчасці, наяўнасці здаровых амбіцый лёгка вырасці за непрацяглы час па кар’ернай лесвіцы да вышынь, якія ў вялікіх гарадах не пераадолець і за ўсе гады працы. А калі ў вас разам з імкненнем праявіць сябе ў вытворчых, грамадскіх справах ёсць любоў да прыроды, Сенненшчына – той край, які варта выбраць у якасці пастаяннага месца жыхарства.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.