Идеологи Сенненщины собрались на районном семинаре

  Раённы семінар ідэалагічнага актыву не мае пастаяннай “прапіскі”. Кожны раз месцам яго правядзення абіраюцца розныя прадпрыемствы і ўстановы раёна. Такі падыход дае магчымасць удзельнікам нарады бліжэй пазнаёміцца з дзейнасцю той ці іншай арганізацыі, падзяліцца практычным вопытам, запазычыць для сябе лепшыя набыткі калег. Сёлета ідэалагічныя рады істотна абнавіліся. Адразу ў пяці прадпрыемствах на гэту пасаду прыйшлі новыя і, што адметна, маладыя людзі. 

     Гасцей раённага вузла паштовай сувязі, які на днях прымаў ідэолагаў з усяго раёна, сустракала выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Усе прадстаўленыя на ёй вырабы — справа рук паштовых работнікаў, а дакладней, работніц. Незвычайную экспазіцыю ў РУПС арганізавалі да Міжнароднага жаночага дня.

Разам у працы і ў адпачынку

У РУПС імкнуцца жыць актыўна. Супрацоўнікі рэгулярна ўдзельнічаюць у спартыўных і творчых конкурсах, акцыях, што ладзяцца ў раёне, вобласці, у тым ліку і сярод прадпрыемстваў абласнога філіяла РУП “Белпошта”. І не безвынікова. У сакавіку вакальны дуэт у складзе намесніка начальніка АПС Сянно-2 Вольгі Цябульскай і аператара сувязі гэтага ж аддзялення Таццяны Бельскай стаў пераможцам рэспубліканскага фестывалю творчасці працоўных калектываў РУП “Белпошта” “Новыя імёны Беларусі — 2017”.

Мерапрыемствы такога кшталту — таксама важны напрамак ідэалагічнай работы, мэта якога згуртаваць калектыў, толькі тады можна чакаць ад яго працоўных дасягненняў і гаварыць аб пераемнасці пакаленняў, упэўнена намеснік начальніка РУПС, ідэолаг Наталля Цярэнцьева. Жанчына і сама прыклад такога падыходу. Наталля Віктараўна паходзіць з дынастыі паштавікоў. Яе бабуля некалі ўзначальвала Падворыцкае паштовае аддзяленне, маці працавала на пошце ў Сянне. Сама жанчына, хоць па першай адукацыі і прафесійны повар-кандытар, не здрадзіла сямейнай традыцыі. За 15 гадоў РУПС стаў для яе не толькі працоўнай сям’ёй. Тут яна знайшла мужа. Адказны работнік, шматдзетная маці, майстрыха Наталля Цярэнцьева паспявае праяўляць сябе і ў грамадскім жыцці роднага прадпрыемства. У прыватнасці, сярод аўтараў творчай выставы значыцца таксама яе прозвішча.

Адной з галоўных задач ідэалагічнага актыву была і застаецца мабілізацыя працоўнага калектыву на выкананне прагнозных паказчыкаў. Сенненскі РУПС — гэта 21 аддзяленне паштовай сувязі, сярод якіх 16 — сельскіх, 2 — гарадскіх, яшчэ 3 — рухомых. На прадпрыемстве занята 118 чалавек, 43 з якіх — паштальёны. У сучасных умовах функцыі пошты не абмяжоўваюцца дастаўкай пісем, пасылак і перыёдыкі. Развіццё новых тэхналогій і Інтэрнэту прымушае шукаць новыя формы паслуг для кліентаў. Да прыкладу, з 2010 года “Белпошта” рэалізуе гандлёвае абслугоўванне.

Калектыўным дагаворам у РУПС замацаваны меры стымулявання работнікаў, накіраваныя на павышэнне прадукцыйнасці іх працы. Пэўны працэнт ад сумы выкананага таваразвароту і падпіскі — неблагі дадатак да заробку паштальёна.

Матэрыяльна заахвочваюцца работнікі па выніках падпісной кампаніі. Для гэтага распрацавана палажэнне конкурсу “Лепшы па падпісцы”. Асобна начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Мяцеліца прапанаваў укараніць у практыку намінацыю “Лепшы ідэолаг па падпісцы”.

Надзейнымі партнёрамі ідэолага з’яўляюцца грамадскія арганізацыі. У РУПС створаны пярвічныя арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Беларускага саюза жанчын. А колькасць работнікаў у радах прафсаюзнай арганізацыі дасягае 100%. На прадпрыемстве аказваюць сацыяльную падтрымку. Да новага навучальнага года работнікам, у сем’ях якіх выхоўваюцца дзеці-першакласнікі, а таксама шматдзетным бацькам выплочваецца матэрыяльная дапамога. Не забываюць на прадпрыемстве і пра ветэранаў.

Ад адукацыі да працоўных адносін

Ідэолаг — правадыр ідэй дзяржавы і вельмі важна, каб ён разумеў, чым і як жыве не толькі яго калектыў, але і раён у цэлым. З гэтай мэты на семінар запрашаюцца спецыялісты розных служб і ведамств, якія знаёмяць з найбольш актуальнымі працэсамі, што адбываюцца ў грамадстве, заканадаўстве, каб потым ідэолагі змаглі данесці іх сутнасць на месцах.

Аб зменах у Кодэксе аб адукацыі ўдзельнікам нарады расказала начальнік адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Вілюгіна. Напачатку свайго выступлення яна падзякавала працоўным калектывам за падтрымку і дапамогу, якія яны аказваюць школам і дзіцячым сацыяльным установам.

Адно са злабадзённых пытанняў для нашага раёна — аптымізацыя школ. Працэс гэты балючы, але непазбежны, падкрэсліла Алена Вілюгіна. Летась сваё існаванне спыніла Літусаўская школа. Якія ўстановы аптымізацыя закране сёлета, а таксама пытанні працаўладкавання вызваленых работнікаў знаходзяцца на разглядзе ў раённых уладаў. Адукацыйная сфера Сенненшчыны сутыкнулася і з яшчэ адной праблемай — недахопам кіроўцаў для школьных аўтобусаў. Прэтэндэнтаў на вадзіцельскае крэсла адпужваюць патрабаванні: у такога работніка павінна быць бездакорная вадзіцельская кар’ера. Парушэнне правіл дарожнага руху нават на асабістым транспарце можа стаць падставай для звальнення.

У ліку станоўчых чаканняў сёлетняга года Алена Вілюгіна адзначыла завяршэнне будаўніцтва біятлоннай базы, адкрыццё класаў інклюзіўнай адукацыі, дзе нароўні са здаровымі будуць вучыцца дзеткі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Надзённай для Сенненшчыны застаецца тэма замацавання маладых кадраў. Для яе каардынацыі на раённым узроўні створаны савет па рабоце з моладдзю. У пераважнай большасці прадпрыемстваў і арганізацый раёна распрацаваны палажэнні аб настаўніцтве, меры сацыяльнай падтрымкі маладых спецыялістаў. Аднак, як паказаў нядаўні маніторынг, дзе-нідзе яны застаюцца толькі на паперы. Сярод найбольш праблемных пытанняў — жыллёвае. Па словах галоўнага спецыяліста аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Ганны Мартыновіч, нярэдка маладым спецыялістам прадастаўляецца дом ці пакой у інтэрнаце без рамонту. 28% маладых спецыялістаў вымушаны здымаць жыллё, але не ўсе з іх ведаюць, што кошт такого жылля ім павінны кампенсаваць, а кіраўніцтва арганізацыі ці прадпрыемства не спяшаецца ставіць сваіх работнікаў у вядомасць аб гэтым. Па словах Сяргея Мяцеліцы, гэта кажа аб “наплявальніцкіх адносінах” некаторых кіраўнікоў да работы па замацаванні працоўнай моладзі. Як станоўчы прыклад, галоўны ідэолаг раёна прывёў ДЛГУ “Багушэўскі лясгас”, дзе маладых спецыялістаў не баяцца ставіць на адказныя пасады, каб даць ім магчымасць для кар’ернага росту. Не пакідаюць без увагі лясгасаўцы і сваіх работнікаў, якія праходзяць тэрміновую службу ў арміі: рэгулярна наведваюць іх, перадаюць падарункі на 23 лютага і інш. Такі клопат, упэўнены на прадпрыемстве, паспрыяе іх вяртанню на працу.

Раскрыць прафесійныя і творчыя здольнасці моладзі закліканы і раённыя конкурсы “Лепшы па прафесіі” і “ Лепшы сельскі моладзевы падворак”. Удзел у апошнім з гэтага года могуць прыняць таксама маладыя сем’і з Сянна, якія вядуць падсобную гаспадарку.

У абароне правоў і сацыяльнай падтрымцы працоўных ідэолагі цесна ўзаемадзейнічаюць з прафсаюзамі. Якім чынам ажыццяўляецца гэта супрацоўніцтва расказаў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Анатоль Ананенка.

На актывізацыю работы камісій па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні звярнула ўвагу прысутных галоўны спецыяліст Прадстаўніцтва ВАУРЦ па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Ала Бельская.

Асобнай тэмай для сур’ёзнай размовы стаў Дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Дакумент накіраваны на стымуляванне да працоўнай дзейнасці. І пэўныя станоўчыя зрухі ён ужо даў, адзначыў Сяргей Мяцеліца. У прыватнасці, людзі сталі актыўней шукаць працу, афармляцца на біржу. Аднак ёсць і негатыўныя моманты, звязаныя ў першую чаргу з нявыверанасцю спісаў плацельшчыкаў званага ў народзе падатка на “дармаедства”. Першапачаткова такіх у нашым раёне было выяўлена 2400 чалавек. Гэта велізарная лічба, падкрэсліў Сяргей Сцяпанавіч. Па яго словах, сярод адрасатаў “пісем шчасця” значыліся і памерлыя, і тыя, хто адбывае пакаранне ў месцах зняволення. Подобныя “памылкі” не маглі не выклікаць абурэння ў грамадстве. Зараз у раёне праводзіцца маштабная работа па ўдакладненні спісаў плацельшчыкаў. З гэтай мэты ў населеныя пункты выязджаюць мабільныя групы, у складзе спецыялістаў упраўлення па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама, падатковай інспекцыі, прадстаўнікоў дэпутацкага корпусу і інш. Яны наведаюцца да кожнага патэнцыйнага плацельшчыка, каб высветліць сітуацыю на месцах. Ідэолагі таксама не павінны заставацца ўбаку, упэўнены начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а тлумачыць людзям іх законныя правы і абавязкі.

У цэлым, падводзячы вынікі работы ідэалагічнай вертыкалі за 2016 год, Сяргей Мяцеліца адзначыў сістэмнасць і шматбаковасць працы сваіх калег. Па яго словах, ідэалогія па-сенненску стала брэндам у вобласці, што пацвярджаюць вынікі абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы. “ГС” ужо пісаў пра сёлетніх яго пераможцаў — райспажыўтаварыства і Багушэўскі лясгас. Удзельнікі семінару маглі пазнаёміцца з конкурснымі матэрыяламі абодвух прадпрыемстваў. Як справядліва заўважыў намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыста па кадрах, кааператыўнай і ідэалагічнай рабоце Аляксандр Абушкевіч, які падзяліўся вопытам з калегамі, перамога — гэта паказчык штодзённай карпатлівай працы.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Фота аўтара. 

Идеологи Сенненщины собрались на районном семинаре: 1 комментарий

  • Среда, 5 апр., 2017 в 17:20
    Permalink

    Вывод правильный: Быстро схватывать суть проблемы и немедленно включаться в ее решение.

    Рейтинг комментария:Vote +1+2Vote -1-2

    Ответ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *