Животные и человек. С какими ситуациями сталкиваются многие сенненцы, и как с этим быть

Людзі і жывёлы стагоддзямі ўжываюцца побач. Практычна кожны з нас трымаў дома хаця б рыбак ды хамячкоў. А кошкі і сабакі ўвогуле сталі часткай звыклага для нас вулічнага пейзажа. Але нярэдка добрасуседскія адносіны з братамі нашымі меншымі перарастаюць у сапраўдную вайну.

Страсці па жывёлах

Аб набліжэнні вясны жыхары адной са шматпавярховак па вуліцы Каваленкі райцэнтра даведваюцца не па метэазводках, а па каціных «канцэртах», якія хвастатыя суседзі, як правіла, даюць па начах. Ад іх выцця больш за ўсё пакутуюць жыхары першых паверхаў.

     — Пад акном, бывае, збіраецца да 10 катоў. Вакол усё пазагаджанае, у пад’ездах стаіць смурод. Па іх “песні” спаць нармальна немагчыма. Звярталіся ў жылкамунгас, аддзел ЖКГ райвыканкама, але безвынікова, — паскардзілася нядаўна ў рэдакцыю «ГС» адна з мясцовых пенсіянерак, якая пажадала застацца невядомай.

З падобнымі сітуацыямі сутыкаюцца многія сенненцы. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Суседзі адной маёй знаёмай трымаюць у кватэры адразу 6 котак, прытым, што законам дазваляецца мець у асобнай кватэры не больш за дзве жывёліны. Але ўсё нічога, калі б гэтыя катафілы сапраўды сачылі за сваімі гадаванцамі і трымалі іх дома, а так хвастатыя літаральна ператварылі пад’езд ў туалет.

У апошнім выпадку прэтэнзіі варта выстаўляць гаспадарам жывёл. Аднак і ў першай сітуацыі чалавечы фактар ў наяўнасці. Такая колькасць чатырохногіх ўзнікла не сама па сабе. Пакуль адна палова дома ваюе з безнагляднымі катамі, другая корміць іх. Здавалася б, калі вы такія чуллівыя, вазьміце «бадзяжку» да сябе, вылечыце яе, стэрылізуйце, зарэгіструйце і радуйцеся, не перашкаджаючы жыць суседзям. Але на практыцы на ўсе скаргі адказ гучыць адзін  — маўляў «я не я і кошка/сабака не мая».

Блыхі — самае бяскрыўднае, што тоіць у сабе суседства з бяздомнымі жывёламі. Часам браты меншыя з сяброў чалавека ператвараюцца ў нашых ворагаў. Многія сенненцы, напэўна, чулі аб жудасным выпадку, які адбыўся прама ў цэнтры Сянна ў снежні мінулага года. Тады ахвярамі раз’ятранай нямецкай аўчаркі, дарэчы, з ашыйнікам, сталі жанчына і двое дзяцей. Усё магло скончыцца нашмат горш, калі б не дзеянні супрацоўніка РАУС, які апынуўся непадалёк. Спыніць звера ўдалося двума прыцэльнымі стрэламі з табельнага «Макарава». Дарэчы, жывёліна аказалася шалёнай. Уладальнік сабакі да гэтага часу не знойдзены. А галоўнае, хворая жывёла, магчыма, паспела пакусаць іншых людзей і сабак.

А што закон?

Правілы ўтрымання хатніх сабак і катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Беларусі вызначаны пастановай Саўміна яшчэ ў 2001 годзе. Згодна з дакументам уладальнікі жывёл павінны строга выконваць санітарна-гігіенічныя правілы і нормы іх утрымання, забяспечваць бяспеку людзей і не дапускаць забруджвання жывёламі агульнадаступных месцаў. Пералічваць усе пункты Правілаў сэнсу не мае, а вось яшчэ раз нагадаць пра асноўныя з іх будзе не лішнім. Такім чынам, усе хатнія сабакі і кошкі падлягаюць абавязковай рэгістрацыі ў трохдзённы тэрмін з дня набыцця. Гэтай працэдурай займаюцца УП ЖКГ, сельвыканкамы. Кошт пытання — усяго 15 капеек. Новаспечаным уладальнікам выдаюцца рэгістрацыйнае пасведчанне і жэтон з нумарам, па якім у выпадку згубы жывёлы можна лёгка знайсці яе гаспадара.

Да сабак патэнцыйна небяспечных парод (іх пералік вызначаны пастановай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання) прад’яўляюцца дадатковыя патрабаванні. Рэгістрацыя такога сабакі праводзіцца толькі пры наяўнасці ва ўладальніка даведкі аб праходжанні ім спецыяльнага навучання. Дарэчы, у гэтым спісе і папулярныя сярод сенненцаў нямецкая і іншыя разнавіднасці аўчарак. Але наўрадці іх гаспадары чулі аб абавязковых кіналагічных курсах. На днях калега стала сведкай жудаснай карціны: велізарная нямецкая аўчарка, знаходзячыся на вуліцы без ашыйніка і намысніка, накінулася на суседскую дварнягу. Гаспадары агрэсара пры гэтым стаялі побач і, відаць, атрымлівалі задавальненне ад відовішча. І толькі, калі за ахвяру заступіліся суседзі, адагналі сабаку.

У абавязкі уладальнікаў уваходзіць і дастаўка жывёл у ветустанову для праходжання абследавання і прышчэпак ад шаленства.

У месцах агульнага карыстання сабака павінен быць на кароткім ланцугу і ў намысніку, што на нашых вуліцах можна пабачыць вельмі рэдка. Больш за тое, пры выгуле сабак іх уладальнікі абавязаны мець пры сабе савок і поліэтыленавы мяшок для ўтылізацыі сабачых экскрыментаў. Скажыце шчыра: вы бачылі, каб гэта рабілася?

З іншага боку можна зразумець і сенненскіх сабакагадоўцаў. Выгул на прыдамавой тэрыторыі забаронены, а іншага месца па сутнасці і няма. Рашэннем раённага выканаўчага камітэта ад 4 снежня 2013 года №100 былі вызначаны месцы для выгулу хатніх сабак, у прыватнасці, у Сянне — гэта пусткі на вуліцы Перамога і ў раёне былога аэрадрома. Аднак спускаць чацвераногага сябра добрасумленны гаспадар на іх наўрад ці адважыцца — побач школа і новабудоўлі, у якіх пражывае нямала дзяцей. Між тым па санітарных правілах пляцоўка (або месца) павінна быць абавязкова агароджаная і размяшчацца не бліжэй чым у 40 метрах ад бліжэйшага жылога дома або ўстановы. Не кажучы ўжо пра тое, што на ёй усталёўваецца абсталяванне для трэніроўкі сабак.

Асобны галаўны боль мясцовых камунальнікаў — адлоў безнаглядных жывёл. Згодна тых жа Правіл злоўленыя сабакі і кошкі (у тым ліку і хатнія, якія па недаглядзе сваіх гаспадароў апынуліся на вуліцы адны) павінны ўтрымлівацца некаторы час у спецпрытулку. На жаль, у нашым раёне такога не існуе. Таму ў асноўным усе метады барацьбы з пагалоўем бадзяжных жывёл зводзяцца да ўмярцвення ўсыпляльнымі капсуламі. Не самы гуманны спосаб і да таго ж не вырашае галоўную праблему. Месца забітых жывёл вельмі хутка запаўняюць іх нашчадкі.

Сярод найбольш эфектыўных спосабаў вырашэння праблемы бяздомных жывёл, акрамя пошуку хвастатым новага дома, многія спецыялісты лічаць кіраванне іх папуляцыяй. Менавіта гэты прынцып узяты на ўзбраенне ў многіх замежных краінах. Бяздомных жывёл вылоўліваюць гуманным спосабам, без прычынення болю. А асабліва канфліктных дыстанцыйна ўсыпляюць з дапамогай звычайнага наркозу. Потым злоўленых жывёл прывозяць у ветэрынарную клініку, дзе іх мыюць, ачышчаюць ад паразітаў, вакцынуюць і стэрылізуюць, каб жывёла ў далейшым не мела нашчадства. Пасля гэтай працэдуры жывёла адпускаецца на тое месца, дзе была ўзята. Сабакі, што прайшлі праз гэту працэдуру, практычна губляюць агрэсіўнасць.

 У цэлым для вырашэння праблемы патрабуецца выкананне трох абавязковых умоў:

— прыняцце нарматыўных актаў;

— правядзенне праграм стэрылізацыі і праца прытулкаў;

— выхаванне і асвета насельніцтва.

І калі з першым быццам бы нічога прыдумляць не трэба, усё ўжо распрацавана і зацверджана, то па другім і, асабліва, трэцяму пунктах ёсць недапрацоўкі. Дарэчы, летась на грамадскае абмеркаванне быў вынесены праект новага Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абыходжанні з жывёламі”, які істотна ўзмацняе абавязкі і адказнасць ўладальнікаў жывёл ажно да крымінальнай.

Ва ўсіх цяжкасцях нашых узаемаадносін з братамі меншымі вінаваты чалавек. А дакладней, нядбайныя гаспадары, якія выкідаюць нядаўніх «сяброў» на вуліцу, папаўняючы тым самым армію вулічных жывёл; хто ігнаруе правілы ўтрымання жывёл, наносячы шкоду і сваім гадаванцам, і суседзям; хто па абавязку службы павінен кантраляваць выкананне літары закона і строга караць за парушэнні.

Маралізатарстваваць на гэту тэму можна бясконца. Магчыма, настаў час дзейнічаць: адказным службам ствараць умовы для хатніх жывёл, а іх уладальнікам рэгістраваць сваіх улюбёнцаў і своечасова плаціць устаноўлены законам падатак. Толькі тады з’явяцца сродкі на добраўпарадкаванне пляцоўвак і ўтрыманне прытулкаў, а ў нас, нарэшце, адказнасць за тых, каго прыручылі.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

 

ДАВЕДКА

Якая адказнасць прадугледжана для ўладальнікаў жывёл?

Згодна з арт. 15.47 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях:

  • Парушэнне правілаў утрымання сабак, катоў і (або) драпежных жывёл цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры ад 1 да 15 базавых велічынь.

  • У выніку прычыненне шкоды здароўю людзей або маёмасці, віноўнаму пагражаюць штрафныя санкцыі ад 10 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт