Батлеечное искусство возрождается на Сенненщине

   Без народнага тэатра — батлейкі — яшчэ некалькі стагоддзяў назад немагчыма было ўявіць якое-небудзь свята. Сваё распаўсюджванне на беларускіх землях яна атрымала ў 16 стагоддзі. Арганізатарамі тагачасных відовішчаў былі каталіцкія манахі. Батлейка выконвала пэўную асветніцкую функцыю, знаёмячы просты і часцяком непісьменны люд з сюжэтамі біблейскіх кніг. Але па меры «набліжэння да народа», а менавіта ў XVII — XVIII стагоддзях, у батлейцы знайшлося месца і для свецкіх пастановак. Паступова батлеечнае мастацтва сышло, саступіўшы дарогу прафесійнаму тэатру. Сёння даўнюю традыцыю спрабуюць адрадзіць на Сенненшчыне.

Батлеечны спектакль ужо стаў неад’емнай часткай праграмы штогадовага каляднага канцэрту, што ладзіцца ў Сянне, у цэнтры культуры і народнай творчасці. А летась, напрыканцы снежня, на абласной выставе-конкурсе батлеек «Калядная зорка» калектыў гуртка «Сенненская батлейка» раённага Дома рамёстваў заняў трэцяе месца сярод аматарскіх лялечных тэатраў Віцебшчыны.

Ідэя стварыць сапраўдную батлейку ў Доме рамёстваў узнікла два гады таму. Рэалізаваць задумку атрымалася ў таленавітых майстрых — Ірыны Кучко і Валянціны Грыбоўскай. Увесь вытворчы працэс праходзіў у адпаведнасці з уяўленнем пра аўтэнтычныя для гэтага віду народнай творчасці формы. Таму сенненская батлейка мае цалкам традыцыйнае аблічча: гэта двухпавярховая скрыня ў выглядзе церама, створкі якой расхінаюцца, бы аканіцы, дэманструючы гарызантальныя ярусы-сцэны з прарэзамі для вядзення лялек. Упрыгожана батлейка адмысловым пляценнем з саломкі. У адпаведнасці з гістарычнымі канонамі зроблены і драўляныя лялькі. Са з’яўленнем новага рукатворнага аб’екта пры Доме рамёстваў утварылася і новае аб’яднанне па інтарэсах «Сенненская батлейка», удзельнікамі якога сталі школьнікі. Асновы батлеечнага мастацтва падлеткі спасцігалі разам з Ірынай Кучко. Яе справу сёння працягвае малады спецыяліст, кераміст па адукацыі, Юлія Купрэенка. Дзяўчына прыйшла ў гурток у верасні 2016 года, а ўжо ў кастрычніку яе, як пачынаючага рэжысёра, чакаў дэбют. Пастаноўка «Грушавае дрэва» мела поспех у гледачоў падчас абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2016».

Да распрацоўкі сцэнарыяў, падкрэслівае дырэктар Дома рамёстваў Вольга Квашко, малады кіраўнік гурка падыходзіць уважліва. У пошуках арыгінальных сюжэтаў даводзіцца звяртацца да кніжных фондаў абласной бібліятэкі, шукаць інфармацыю на прасторах Інтэрнэта. Вольга Яўгенаўна працягвае:

— Наогул, жанры батлейкі бываць двух тыпаў. Высокі — прадугледжвае рэлігійную тэматыку. Менавіта да яго адносіцца наша першая пастаноўка «Цар Ірад». А вось нізкі жанр — гэта пераважна бытавыя сцэнкі. Сюжэт у іх самы разнастайны. Але галоўнае, у спектаклі заўсёды падымаюцца тэмы дабра і зла, усхваляюцца вечныя духоўныя каштоўнасці і выкрываюцца чалавечыя заганы. Усё гэта, згадзіцеся, мае актуальнасць і ў наш час.

Калектыў тэатра невялікі — восем дзяўчынак, прычым усе яны вучацца ў адным класе СШ №1 г.Сянно. Ёсць сярод іх і ўдзельнікі першага складу. Між тым, тлумачыць Юлія Купрэенка, батлейку паставіць можа і адзін акцёр.

— Звычайна, спектаклі ладзілі 2-3 чалавекі, якім даводзілася агучваць па некалькі персанажаў. Цяпер у нас за кожным замацавана роля, але калі дзеючых асоб у п’есе мала, стараюся разбіваць тэксты, каб усе змаглі выступіць.

На заняткі збіраюцца некалькі разоў на тыдзень. На іх юныя лялькаводы развучваюць ролі, спасцігаюць акцёрскае майстэрства.

— Лялька не можа выражаць эмоцый, таму артысту, які яе вядзе, важна ўмець паказаць характар свайго героя ​​голасам. Для гэтага мы дэкламуем вершы і хуткамоўкі, вучымся дэманстраваць розныя эмацыйныя станы, — распавядае Юлія.

Акрамя таго, удзельнікі гуртка робяць усю рэстаўрацыйную працу з лялькамі (а іх у тэатры дзесяць): самі шыюць вопратку, рамантуюць, падфарбоўваюць калі трэба.

Сёння перад юнымі артыстамі стаіць новая задача: напярэдадні светлага свята Вялікадня тут рыхтуюць новы спектакль «Нябесны госць». Першымі гледачамі яго могуць стаць школьнікі. Паказаць пастаноўку плануюць ужо падчас вясновых канікул. На жаль, грувасткасць батлечнага абсталявання не дазваляе ладзіць гастролі. Але ў Доме рамёстваў ўжо задумаліся над тым, каб зрабіць больш лёгкую, пераносную канструкцыю, дзякуючы чаму сенненская батлейка можа стаць частай госцяй ва ўстановах адукацыі і культуры раёна.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: удзельнікі “Сенненскай батлейкі” падчас рэпетыцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *