Паляванне па новых правілах. Што зменіцца?

Правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, якімі дагэтуль карысталіся ў краіне, былі зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 580 ад 8 снежня 2005 года. Аднак жыццё не стаіць на месцы — мінулы час паказаў, што ў іх трэба ўносіць змяненні, якія б адпавядалі ўжо дню сённяшняму. Таму з 13 лістапада, у адпаведнасці з Указам кіраўніка дзяржавы №386 ад 23 ліпеня, уступіла ў сілу новая рэдакцыя Правілаў. З асноўнымі зменамі ў іх сёння нашым чытачам  дапаможа разабрацца кансультант аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Віктар КАРОГВІЧ.

 На дзіка —

круглы год

 З уступленнем у сілу новай рэдакцыі Правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, здабываць дзікоў можна будзе фактычна круглы год. Такі крок выкліканы тым, што за апошнія гады колькасць гэтай дзікай жывёлы прыкметна павялічылася. Сёння папуляцыя налічвае каля 63,8 тысячы галоў. Такім чынам, з 1 мая па 30 верасня на дзікоў можна бу­дзе паляваць з засады і з падыходу, з 1 кастрычніка па 30 снежня — загонам і з сабакамі, з 1 студзеня па 30 красавіка — толькі з засады і з вышак. У новай рэдакцыі Правілаў дзікі падзеленыя на дзве катэгорыі: дарослых і маладняк да двух гадоў. Вось апошні, прычым, любога полу, і можна будзе здабываць амаль на працягу ўсяго года.

 Практычна кожны год у розныя інстанцыі звяртаюцца вяскоўцы, якія церпяць ад патраў дзікамі сваіх сельска­гаспадарчых культур. Як паказвала практыка дагэтуль, змагацца з гэтай навалай на месцах было не так і проста. Унесеныя змены, трэба думаць, дапамогуць вырашыць гэтую актуальную для многіх мясцін праблему. Сельскагаспадарчыя і лясныя культуры лічацца пашкоджанымі, калі з-за пашкоджання патрабуецца іх перасеў, аднаўленне або адбываецца зніжэнне ўраджаю больш чым на 10 працэнтах плошчаў. Масавымі патравы будуць лічыцца, калі будзе знішчана або пашкоджана не менш за 15% плошчаў усіх сельгаскультур на тэрыторыі адміні­страцыйна-тэрытарыяльнай адзінкі (дагэтуль «патрэбна» было 25%). У такім выпадку мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі можа ўводзіцца асаблівы рэжым выкарыстання рэсурсаў дзіка. А каб зацікавіць паляўнічых у правядзенні тут адстрэлаў, расцэнкі на іх павялічаны.

І бабра

«ўтаймаваць»

 Іншая дзікая жывёла, ад якой за апошнія гады пачалі моцна цярпець і лясная галіна, і сельскагаспадарчая, — гэта рачны бабёр. Шэраг аб’ектыўных фактараў прывёў да істотнага павелічэння папуляцыі. Зараз, паводле апошніх статыстычных звестак, у краіне налічваецца 62,3 тысячы асобінаў гэтай жывёлы. Бабёр актыўна рассяляўся, будаваў плаціны і як вынік -— з многіх месцаў пачасціліся сігналы пра падтапленні, забалочванні, парушэнні інфраструктуры дарог. Адпаведна, раслі і страты ад яго дзейнасці. З мэтай прывесці папуляцыю жывёлы да памераў аптымальнай у новую рэдакцыю Правілаў «закладзеныя» іншыя тэрміны палявання на рачнога бабра. Калі раней асенне-зімовы сезон зброевым і бяззброевым спосабамі, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі доўжыўся з 1 кастрычні­ка па 31 снежня ў светлы час сутак, дык цяпер здабываць яго можна будзе з 1 верасня па 1 сакавіка наступнага года. У тым ліку з 1 лютага па 1 сакавіка — бяззброевым спосабам: з дапамогай пастак, сачкоў, капканаў, паляўнічых сабак. Акрамя павелічэння тэрмінаў палявання на рачнога бабра, будзе спрошчаны і сам яго парадак. Калі раней пры здабычы жывёл абавязкова павінен быў прысутнічаць у якасці кіраўніка палявання работнік паляўнічай гаспадаркі — егер, дык з уступленнем у сілу новай рэдакцыі Правілаў дакументы на здабычу будзе атрымліваць сам паляўнічы.

 Такія ж тэрміны палявання, як і на бабра, будуць дзейні­чаць у дачыненні здабычы рачной выдры. У краіне, дарэчы, яе налічваецца 5,1 тысячы асобінаў.

Тэрміны

палявання

зменяцца

 А колькі на працягу апошніх гадоў было «зламана коп’яў» вакол веснавога палявання на птушку, памятаеце? Як скончыцца зіма — паўсюдна наноў распачынаюцца дыскусіі. У новай рэдакцыі Праві­лаў гэтыя меркаванні былі ўлічаныя. Так,  веснавое па­ляванне на качак цяпер бу­дзе дазволенае толькі на качара і крыжанку. Прычым толькі з засады, з выкарыстаннем падсадной качкі, чучала або вабіка. Падобным чынам можна будзе надалей паляваць і на гусей.

Тэрміны веснавога палявання на глушцоў і цецерукоў зменшацца на 10 дзён: калі дагэтуль птушку можна было здабываць з 20 сакавіка па 10 мая, дык паводле новай рэдакцыі Правілаў — з 20 сакавіка па 30 красавіка (па-ранейшаму з 3 да 9 гадзін). Падчас асенняга сезона палявання здабываць цецерукоў можна будзе з 1 жніўня па 30 лістапада ў светлы час сутак.

 Тэрміны пачатку летне-асенняга палявання на вадаплаўную і балотную дзі­чыну былі перанесены з першай суботы жніўня на другую. Тэрмін заканчэння гэтага сезона пакінуты без змен  — другая нядзеля снежня (паляваць можна ў светлы час сутак). А паляванне канкрэтна на гусей перанесенае ўвогуле на трэці тыдзень верасня — каб захаваць папуляцыю.

 А вось тэрміны асенне-зімовага палявання на ўсе віды капытных зброевым спосабам, у тым ліку і з паляўнічымі сабакамі, з загонам, з засады, з падыходу, наадварот, павялічаныя на 15 дзён: з 1 кастрычніка па 30 снежня (дагэтуль было да 15 снежня).

Вальеры, лук,

арбалет

 Знайшла ўвасабленне ў новай рэдакцыі Правілаў і яшчэ адна задума, што пэўны час дастаткова актыўна абмяркоўвалася ўсімі зацікаўленымі бакамі: вальернае паляванне. Такі від палявання ўжо даўно распаўсюджаны ў шэрагу заходніх еўрапейскіх краін, для нас жа гэта — навінка. Плошча такой агароджанай тэрыторыі, дзе будуць утрымлівацца капытныя жывёлы, павінна быць не меншай за 100 гектараў. Уладальнікам такіх вальераў можа быць толькі юрыдычная асоба. Права ўстанаўлі­ваць тэрміны палявання на такіх агароджаных тэрыторыях будзе мець сам уладальнік.

 У паляўнічых вальерах можна будзе выкарыстоўваць лукі і арбалеты — таксама новы від палявання для Беларусі. У новай рэдакцыі Правілаў, дарэчы, дакладна прапісана, што гэтыя прылады палявання павінны адпавядаць вызначаным тэхнічным па­тра­баванням. Так, лук павінен утрымлівацца, нацягвацца і спускацца для стрэлу пры дапамозе мускульнай сілы чалавека і мець сілу нацягвання не менш за 18 кг (або 40 фунтаў). Сіла нацягвання выражаецца ў колькасці кілаграмаў (фунтаў), неабходных для нацягвання стралы даўжынёй 71 см (28 дзюймаў). Сіла нацягвання звычайна маркіруецца на луку фірмай-вытворцам.

 Арбалет павінен мець сілу нацягвання да фіксавання цецівы не менш за 45 кг. Страла для лука павінна быць не менш за 61 см  (24 дзюймы), для арбалета яна не лімітуецца. Дадзены і дакладныя вызначэнні, якім паві­нен быць наканечнік стралы.

 Вальернае паляванне можа зацікавіць многіх паляўнічых і тым, што менавіта тут можна будзе здабываць два дадатковыя віды жывёл, уключаных у спіс паляўнічых, — еўрапейскую лань і плямістага аленя.

Мядзведзі і рысі

ў бяспецы

 Пра якія яшчэ з новаўвядзен­няў у Правілы варта згадаць? Імі дазволена паляванне з лоўчымі птушкамі — як своеасаблівая даніна старажытнаму спосабу здабычы трафея. Ініцыятарамі гэтага віду палявання была група віцебскіх паляўнічых. Задума ўзнікла і абмяркоў­валася на розных узроўнях амаль два гады. Да лоўчых птушак, якіх можна выкарыстоўваць пры паляванні, залічаныя беркут, ястраб-цецеравятнік, ястраб-перапялятнік, сапсан, балабан, крэчат.

 А вось буры мядзведзь і рысь — абодва «чырвонакніжнікі» — у патэнцыяльны спіс паляўнічых трафеяў так і не трапілі. Хоць магчымасць уключыць іх у пералік дазволеных да здабычы (з мэтай рэгулявання колькасці абедзвюх папуляцый) дзікіх жывёл таксама ўзнікла і абмяркоўвалася пэўны час. Да слова, мядзведзяў, паводле апошняга «ляснога перапісу», у Беларусі налічваецца 124 асобіны, пераважна яны «пражываюць» у Віцебскай вобласці, а рысяў маецца 660 асобін.

 Паляванне на амерыканскую норку падчас асенне-зімовага сезона раней распачыналася з першай суботы лістапада: разам з дазволам на здабычу куніцы, тхара, гарнастая і вавёркі. Цяпер яна з гэтага пераліку выключаная, дакладней, павялічаныя тэрміны на яе здабычу. Каб неяк прыпыніць распаўсюджванне чужароднага для нашай краіны віду (на фоне абарыгеннай еўрапейскай норкі), паляваць на яго, пасля ўступлення ў сілу новай рэдакцыі Правілаў, можна будзе пачынаць раней — з 1 кастрычніка (і па 31 снежня ў светлы час сутак).

 Колькі слоў яшчэ пра паляўнічую зброю. Замежнікі, наведваючы нашу краіну дзеля палявання, маюць права ўвозіць і вывозіць з Беларусі паляўнічую зброю і боепрыпасы — на падставе адпаведнага разавага дазволу органаў унутраных спраў, што выдаецца на падставе заявы турагента. Аднак не заўсёды такое перамяшчэнне праз мяжу стрэльбы і патронаў зручнае для іншаземца. Таму новая рэдакцыя Правілаў прадугледжвае магчымасць арэнды зброі непасрэдна ў паляўні­чых гаспадарках.