«Инженер» человеческого здоровья. Как уроженец Сенненщины стал доктором медицинских наук

       Галоўнае багацце Сенненшчыны — людзі. Гэта гучыць трывіальна, але так яно і ёсць. Дастаткова пагартаць кнігу “Памяць”, каб пераканацца ў тым, колькі выбітных асоб нарадзіла Сенненская зямля. Машэраў, Вялюгін, Азгур… Пералічваць можна доўга. Але ў гэтым сузор’е імён ёсць такія, што не на слыху ў большасці землякоў. Між тым іх уладальнікі — знаныя ў навуковым асяродку. У Год навукі з’явілася добрая нагода ўзгадаць ураджэнцаў Сенненшчыны, якія сваёй карпатлівай працай унеслі вялікі ўклад у айчынную навуку. А іх у нас, паверце, шмат.

   У газеце «Сталiнскi шлях» ад 4 снежня 1949 вучань Багушэўскай школы Коля Волкаў напісаў нататку «Буду iнжынерам». Аднак лёс распарадзіўся інакш. Замест тэхнічнай спецыяльнасці хлопец абраў для сябе самую гуманную прафесію ў свеце — урача. Сёлета доктару медыцынскіх навук, прафесару Мікалаю Фёдаравічу Волкаву споўнілася 86 гадоў.

Ён нарадзіўся 26 студзеня 1931 года ў вёсцы Нярэйша. Бацька, Фёдар Дзянісавіч, быў служачым на Яноўскім спіртзаводзе. Маці, Лізавета Фёдараўна, — хатняя гаспадыня.

Пасля заканчэння школы ў 1950 годзе хлопец паступіў у Віцебскі медыцынскі інстытут, які скончыў ў 1956-ым. Працоўны шлях малады медык пачынаў у Валожынскім раёне, дзе ўзначальваў санітарна-эпідэміялагічную станцыю. Пазней перабраўся ў суседні з роднай Сенненшчынай Талачынскі раён, дзе працаваў галоўным урачом санэпідстанцыі, а потым і ўвогуле загадваў усёй сферай аховы здароўя Талачыншчыны.

У канцы 50-х гадоў Мікалай Фёдаравіч вырашыў звязаць сваё жыццё з навукай. Ён заканчвае аспірантуру на кафедры шпітальнай тэрапіі Мінскага медыцынскага інстытута. У 1963 абараняе кандыдацкую дысертацыю па тэме “Утрыманне некаторых мікраэлементаў (Сo, Mn, Zn) у крыві і органах хворых на атэрасклероз”. З таго часу лёс нашага земляка назаўсёды быў звязаны з Гродзенскім медыцынскім інстытутам. Пачынаў працаваць асістэнтам кафедры шпітальнай тэпрапіі. У 1966 годзе Волкаву прысвоена навуковае званне дацэнт. З 1971 года і да самай пенсіі Мікалай Фёдаравіч загадваў кафедрай шпітальнай тэпрапіі.

“Абгрунтаванне клінічнага прымянення анабалічных стэроідаў пры захворваннях унутраных органаў” — тэма яго доктарскай дысертацыі, якую Волкаў абараніў у 1975 годзе. Праз год яму прысвоена вучонае званне — прафесар. З 1976 па 1997 год Мікалай Фёдаравіч з’яўляўся прарэктарам медінстытута па лячэбнай працы. З 2001 года прафесар Волкаў на заслужаным адпачынку.

Пад кіраўніцтвам прафесара Волкова выканана 17 кандыдацкіх і 1 доктарская дысертацыя па спецыяльнасцях: кардыялогія, рэўматалогія, пульманалогія, эндакрыналогія.  На базе кафедры шпітальнай тэрапіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта прафесарам Волкавым створана навукова-педагагічная школа па ўнутраных хваробах. На ліку ў самаго Мікалая Фёдаравіча — мноства навуковых прац, 26 рацыяналізатарскіх прапаноў і адно вынаходніцтва. Ён з’яўляўся членам Экспертнага савета ВАК Рэспублікі Беларусь. Шмат разоў абіраўся членам Праўлення навуковых рэспубліканскіх аб’яднанняў тэрапеўтаў і кардыёлагаў, старшынёй Гродзенскага абалснога таварыста тэрапеўтаў. За добрасумленную і шматгадовую працу ў галіне медыцыны наш зямляк узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, медалём “За доблесную працу” і значком “Выдатнік аховы здароўя”.

Падрыхтавала Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: М.Ф.Волкаў.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *