«Отец, не пей хотя бы на Новый год». Что чаще всего можно услышать на заседаниях КДН Сенненского райисполкома

Сям’ю нездарма называюць ячэйкай грамадства. Менавіта яна з’яўляецца вытокам чалавечых якасцей, маральных устояў, крыніцай дабрыні і любові.

Горка і балюча, калі гэта ячэйка разрываецца, бацькі губляюць дзяцей, дзеці страчваюць тату і маму.

Маці ў Антона (імя зменена)няма ўжо некалькі гадоў, яна памерла. А тата аказаўся дрэнным бацькам. І вось на пасяджэнні раённай камісіі па справах непаўналетніх вырашалася пытанне аб прызнанні Антона маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Разглядаць такія справы заўсёды складана і маральна цяжка. І ўсё ж камісіі прыйшлося канстатаваць: работа з бацькам хлопчыка, што праводзілася пасля таго, як Антон быў прызнаны дзіцём, якое знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным стане, не дала станоўчых вынікаў.

Мужчына, на жаль, не стаў на шлях выпраўлення: не адмовіўся ад празмернага ўжывання спіртнога, не клапаціўся як след пра сына. Прыйшоўшы на пасяджэнне камісіі, дзе вырашаўся далейшы лёс сына, бацька, відаць, не да канца разумеў, ці не верыў, што хлопчыка, на самой справе могуць забраць. Сцвярджаў, што алкаголікам сябе не лічыць, таму “кадзіравацца” яму не трэба, хаця за сяброўства з “зялёным зміем” быў пазбаўлены вадзіцельскіх правоў і пераведзены ў слесары. У вытворчай характарыстыцы адзначаліся спазненні на работу і прагулы. На пасяджэнні камісіі высветлілася, што нават сам дзесяцігадовы Антон, які ў сваім жыцці амаль не бачыў сямейных святаў, прасіў бацьку:

“Тата, не пі хаця б на Новы год”. У доме збіраліся кампаніі сабутэльнікаў, часта хлопчыку не было чаго есці, тады ён ішоў да бабулі. Але тая, маючы сур’ёзнае захворванне, таксама не магла дагледзець унука належным чынам.

Члены камісіі аднагалосна прагаласавалі за тое, каб прызнаць Антона маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Толькі пачуўшы, што сына забіраюць, бацька ўсвядоміў, што здарылася, нават не стрымаў слёз. Пытанні, ці можна вырнуть сына, дзе хлопчык цяпер будзе знаходзіцца, сведчылі, што мужчына яшчэ не зусім страціў бацькоўскія пачуцці. А таму ёсць надзея, што выправіцца і верне дзіця.

А вось у Святланы, маці чатырохгадовага Уладзіка (імёны зменены), матчын інстынкт страчаны зусім. Хаця жанчына з’явілася на пасяджэнне ў поўнай упэўненасці, што камісія верне ёй сына, які паўгода жыў у прыёмных бацькоў. Уладзік быў забраны з біялагічнай сям’і ўжо ў другі раз. Аднак маці працягвала весці разгульны лад жыцця, не зважаючы на тое, што, каб вярнуць дзіця, трэба наладжваць быт, адмовіцца ад ўжывання алкаголю. Адным словам, паказаць, што яна выправілася і зноў можа выхоўваць сына. У п’янках-гулянках прайшоў амаль увесь шасцімесячны тэрмін, што даецца такім гора-бацькам, каб змяніць свае паводзіны. Спахапілася Святлана ледзь не перад самым пасяджэннем камісіі. “Закадзіравалася”, прывяла ў парадак жыллё, накупіла прадуктаў: вось, маўляў, я зноў дастойная маці, маю права вярнуць дзіця.

Але члены камісіі так не палічылі. Не было ўпэўненасці, што маці зможа доўгі час весці цвярозы лад жыцця, тым больш, что “кадзіравалася” яна не першы раз. Хаця Святлана ліла слёзы ракой, сына ёй не аддалі. Цяпер суд будзе вырашаць пытанне аб пазбаўленні жанчыны бацькоўскіх правоў. Бо дзіця ж не цацка, якую можна некалькі разоў перадаваць з рук у рукі.

Таццяна БУРАКОВА.