Создатели рукотворной красоты. В Сенно презентовали выставку народного клуба мастеров «Натхненне» (фото)

Сям’ю Калбянок з Сянна (на здымку) можна назваць дынастыяй вышывальшчыкаў.

Для дачкі Тамары Уладзіміраўны вышыўка стала прафесіяй і справай жыцця. Супрацоўніца раённага Дома рамёстваў, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Іна Стычынская лічыцца адной з лепшых вышывальшчыц Віцебшчыны. Яе таленавітымі рукамі адноўлена нямала касцюмаў, ручнікоў т.зв. сенненскага строю.

А сем гадоў назад узяў у руку нітку з іголкай і яе брат Андрэй Калбянок. Пачынаў з невялікіх работ, а зараз па-мужчынску смела замахваецца на цэлыя вышываныя палотны. 23 лютага ён прымаў віншаванні не толькі з Днём абаронцаў Айчыны. Падчас прэзентацыі выставы народнага клуба майстроў “Натхнення” Андрэя Віктаравіча і яго маці ў шэрагу 10 умельцаў урачыста прынялі ў творчае аб’яднанне.



“Натхненне” знаходзіцца на парозе 20-гадовага юбілею. У 2004-м клуб атрымаў ганаровае званне “народны”. Нямала для яго развіцця зрабілі колішнія кіраўнікі — Таццяна Пагарэльская, Тамара Кучынская. Летась творчая эстафета перайшла да маладога спецыяліста, майстра па кераміцы Юліі Купрэенка. Сёння рады клуба налічваюць каля 50 творцаў. Дадзеныя пра кожнага майстра змешчаны ў пухлым каталогу, які спецыяльна падрыхтавалі ў доме рамёстваў. Безумоўна, выданне будзе папаўняцца новымі старонкамі, бо Сенненшчына багата адоранымі людзьмі.

Штогод клуб ладзіць творчую справаздачу. Выстава “Таленавіты кожны чалавек” адкрылася ў гісторыка-краязнаўчым музеі. Натхніцца рукатворнымі шэдэўрамі чалавечых рук можна будзе яшчэ на працягу двух тыдняў.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Фота аўтара.