Праца на зямлі — сэнс жыцця

Сваё прафесійнае свя­та работнікі сельскай гас­падаркі нездарма ад­значаюць  позняй восенню, калі з поля ўбрана ўсё, што вы­рашчана, пра­ведзены работы, якія заклалі аснову будучага ўра­джаю, пастаўлена на стойлавае ўтрыманне жывёла. Самы час  пра­аналізаваць вынікі працы за год.

Сёлета яны не асабліва  нас радуюць. У раслінаводстве атрымана 78,5 % той валавой прадукцыі, што была  вырашчана ў 2009 годзе. Але  дзяржаўны заказ па пастаўцы збожжа гаспадаркі  раёна  выканалі. Вынікова  папрацавалі льнаводы. Яны  не толькі пераўзышлі мінулагоднія паказчыкі, але і справіліся  з даведзеным дзяржаўным заданнем. Валавая вытворчасць трасты  на Багушэўскім ільнозаводзе склала 210,8 %, на Сенненскім — 129,1.

  Важна, што назапашана дастатковая колькасць кармоў. Да таго ж закладзеныя сянаж, сілас,  сена маюць даволі высокую якасць, што гарантуе паступовае нарошчванне вытворчасці малака і мяса. Валавая прадукцыя жывёлагадоўлі за 10 месяцаў бягучага года вырасла ў параўнанні з мінулым годам на 102,9 %. Не буду хаваць, і тут ёсць незадаволенасць, бо ў вытворчасці мяса мінулагодняга выніку не дасягнулі сельгаскааператывы «Кругляны» і «Ясная зара», унітарныя сельгаспрадпрыемствы імя Гараўца і імя Данукалава. Аналагічна  выглядаюць паказчыкі ў вытворчасці малака.  Узровень 2009 года пераўзышлі ўсе гаспадаркі раёна, акрамя  СВК «Кругляны» і «Ясная зара», унітарных сельгаспрадпрыемстваў імя Данукалава і РУСП імя П.М. Машэрава. 

 Работнікі аграпрамысловага комплексу ведаюць, што дзяржава за апошнія гады нямала зрабіла для ўмацавання эканомікі сельскай гаспадаркі, для стварэння належных умоў працы і адпачынку вяскоўцаў. Толькі за 2010 год трактарны парк раёна павялічыўся на 33 адзінкі, зернеўборачных камбайнаў стала больш на 30, кормаўборачных — на 8, камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў — на 13. Абнаўляецца іншая сельскагаспадарчая тэхніка. Значныя сродкі ўкладваюцца ў зямлю з мэтай павышэння ўрадлівасці глебы, для абароны раслін ад хвароб і шкоднікаў. Мяняюцца да лепшага нашы жывёлагадоўчыя фермы. Кормараздатчыкі, малакаправоды, халадзільнае абсталяванне павысілі  прадукцыйнасць працы,  аблегчылі працу  людзей, садзейнічаюць  паляпшэнню якасці прадукцыі. Комплекс па вытворчасці малака, узведзены ў канцы 2009 года ў РУСП імя П.М. Машэрава, засведчыў выхад жы­вёлагадоўчай галіны раёна на новы тэхналагічны ўзровень, абазначыў перспектыву развіцця.

 Раён будзе рухацца ў гэтым накірунку. Пачалося будаўніцтва падобнага комплексу, але з яшчэ большым пагалоўем, у СВК «Бяленева». Фінансавыя ўкладанні павінны даваць аддачу. Таму вытворчасць малака ўжо ў наступным годзе павінна дасягнуць 50,2 тыс. тон, рэалізацыя жывёлы і птушкі — 8,8. Вырастуць да 32 тысяч гектараў  плошчы, на якіх будуць размешчаны зерневыя і зернебабовыя культуры, павялічацца плошчы пад кукурузай, рапсам. Вельмі раз­лічваем на павышэнне прадукцыйнасці льнянога гектара, на якасныя змены ў перапрацоўцы льнотрасты.

 Зразумела, умовы надвор’я прыкметна ад­біваюцца  на вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Але безумоўна і іншае — новыя тэхналогіі, новая тэхніка ўзмацняюць ролю чалавека. Я ўпэўнены, калі б не той уклад, які мы зрабілі пад ураджай 2010 года, анамальнае надвор’е адбілася б яшчэ мацней. Дзякуй усім, хто працаваў у полі і на ферме, хто свае сілы ўкладаў у арганізацыю вытворчасці, ва ўкараненне новых тэхналогій, для каго сельская гаспадарка — сэнс жыцця. Са святам вас і вашых родных! Няхай заўжды  ў  вас будзе хлеб і да хлеба.

 Генадзь Сабыніч,

начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі

і харчавання райвыканкама.