Ад абслугоўвання і эксплуатацыі сельгастэхнікі — да вытворчасці малака і мяса.

Калектыў адкрытага таварыства «Сенненскі райаграсервіс» адначасова з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці  аграпрамысловага комплексу адзначае 80-годдзе з дня  заснавання прадпрыемства.

  Гісторыя інжынерна-тэхнічнай службы сельскай гаспадаркі бярэ пачатак  у 30-ых гадах  20 стагоддзя, калі ў СССР быў узяты курс на калектывізацыю. У сувязі з гэтым пасля 15 з’езда ВКП(б) 5 чэрвеня 1929 года Саветам Працы і Абароны была прынята пастанова «Аб арганізацыі  машынна-трактарных станцый (МТС)». А ў 1930 годзе на Сенненшчыне ўзнікла першая  станцыя, якая налічвала 7 трактароў вытворчасці Харкаўскага трактарнага завода.

  Сёння ААТ «Сенненскі аграсервіс» —  шматпрофільнае прадпрыемства, галоўным накірункам дзейнасці якога з’яўляецца вытворчасць сельгаспрадукцыі. Пачынаючы з 2002 года, да акцыянернага таварыства далучаны сельгаскааператывы «Кастрычнік» і «Папоўка», комплекс буйной рагатай жывёлы «Багданава» і УП «Багданава». Вытворчую аснову райаграсервісу складаюць  8773 га сельгасугоддзяў, 4935 га ворыва, 4771 галава буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 1031 карова, 2892 галавы  на адкорме, 55 сучасных трактароў, 9 зернеўборачных і 4 кормаўборачныя камбайны, 54 аўтамабілі. Таму ўдзельная вага сельгаспрадукцыі ў агульным аб’ёме вытворчасці складае 70 %. Уклад у агульнараённую скарбонку дасягнуў 20 %.

Вытворчасць

  Значная частка ворыва — 1930 га — была сёлета занята зерневымі. Пры ўраджайнасці 20,6 ц\га (трэці паказчык у раёне) валавы збор  зерня склаў 3760 тон, нарыхтавана дастатковая колькасць кармоў. Гэта дазволіла за 9 месяцаў  атрымаць ад кожнай каровы па 3014 кг малака, дасягнуць валавой вытворчасці ў аб’ёме 2851 тона, амаль на 170 тон больш, чым летась. Пры гэтым значная частка малака паступае на перапрацоўку гатункам «экстра». Пры сярэднясутачных прывагах 646 грамаў вырашчана 670, 3 тоны мяса, рэалізавана дзяржаве — 634,4 тоны.

  Мікалай Курс, дырэктар акцыянернага таварыства, не хавае — 2010 год быў няпростым для вытворцаў сельгаспрадукцыі.

      Надзейныя партнёры

 Другім накірункам дзейнасці райаграсервісу застаецца  агратэхнічнае абслугоўванне сельгаспрадпрыемстваў раёна. На ўласныя палі, палеткі партнёраў вывезена і ўнесена больш чым 31 тысяча тон арганікі, што адпавядае гадавому заданню, мінеральных угнаенняў — 20 000 тон, ці 117% да задання, даламітавай мукі — 9,8 тыс. тон ( на плошчы 1,8 тыс. гектараў), што адпавядае норме. Праведзены работы па хімічнай абароне раслін на плошчы 5,1 тыс. гектараў — 118 % да задання. Райаграсервіс не адмаўляе ў дапамозе фермерам, насельніцтву.

       Тэхнічнае перааснашчэнне

 У прадпрыемства ў 21 стагоддзі іншыя ў параўнанні з тымі задачамі, што стаялі 80 ці нават 20 гадоў таму. Тым не менш, аграсервіс працягвае выконваць найбольш складаныя рамонтныя работы. Спачатку года адрамантавана 15 трактароў розных марак, 8 зернеўборачных камбайнаў, адноўлены 3 зернеачышчальныя сушыльныя комплексы. Спецыялісты акцыянернага таварыства займаюцца рамонтам і наладкай жывёлагадоўчага абсталявання,  сістэм водазабеспячэння ў гаспадарках раёна. Адным словам, райаграсервіс застаецца надзейным партнёрам іншых вытворцаў хлеба і малака.

 Як лічыць Мікалай Курс, значным у эканамічным плане дасягненнем апошніх гадоў з’яўляецца вытворчасць транспарцёраў для нахільных камер зернеўборачных камбайнаў. Праз рэспубліканскае аб’яднанне «Белаграсервіс» яны рэалізуюцца па ўсёй Беларусі.

 Сучасная сельскагаспадарчая вытворчасць грунтуецца на найноўшых дасягненнях навукі і тэхнікі. Менавіта таму толькі за апошні час акцыянернае таварыства набыло 4 энерганасычаныя трактары «Беларус-3022», тры зернеўборачныя камбайны «КЗС-12», пяць МАЗаў, аўтамабіль тэхнічнай дапамогі з дыягнастычным абсталяваннем на базе МАЗа. Пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю зернеачышчальна-сушыльны комплекс  КЗСВ-30 «ЛідАрай», на ўсіх фермах з’явіліся халадзільнікі, малакаправоды, іншае жывёлагадоўчае абсталяванне, якое дазваляе забяспечваць вытворчасць на сучасным узроўні, аблягчае працу людзей.

Людзі — вось аснова

 Тэхнічныя набыткі, перааснашчэнне ферм дадуць належны вынік, калі на іх працуюць людзі неабходнай кваліфікацыі, а галоўнае з высокім пачуццём адказнасці, з любоўю да справы, якую яны выконваюць. Якраз гэтымі якасцямі валодае Пётр Агееў, які ў рэспубліканскім спаборніцтве заняў другое месца на нарыхтоўцы кармоў. Такіх жа высокіх вынікаў дасягнулі Станіслаў Міхалёнак і Валерый Окунь, працуючы на  адвозцы зялёнай масы. Усе трое сталі ўдзельнікамі сёлетніх рэспубліканскіх «Дажынак», адкуль вярнуліся з каштоўнымі падарункамі. У ліку лепшых называюць прозвішчы камбайнера  Сяргея Кухто, вадзіцеля на адвозцы зерня ад камбайнаў Яўгена Міхалёнка, машыніста зернятока Анатоля Галынчыка.

 Не так даўно ў вобласці праводзіўся конкурс маладых аратых. Прадстаўнік райаграсервісу Сяргей Сухвал заняў другое месца. Дастойна прадстаўлялі сваё прадпрыемства на раённым конкурсе «Лепшы па прафесіі» трактарыст Мікалай Кацура, вадзіцель Аляксандр Гарбачоў, жывёлавод-пастух Андрэй Сакалоўскі, аператары на дарошчванні цялушак Ірына Гарнак, Галіна Камовіч, Наталля Кудраўцава, вадзіцель на адвозцы кармоў Вячаслаў Міхалёнак. Прыкметны ўклад у вытворчасць малака ўнёс калектыў МТФ «Казлоўка» і яе лепшыя   аператары машыннага даення Святлана Аляксеева і Вольга Амельчанка. Пастаянна растуць надоі ў аператара МТФ «Сукрэмна» Алесі  Андрэевай.  Не пакладаючы рук працуюць  жывёлаводы комплексу «Багданава», дзе самых высокіх сярэднясутачных прываг дабіваецца аператар на адкорме Людміла Окунь. Добрасумленна робяць сваю справу мантажнік Мікалай Малчанаў, слесары аддзела тэхсервісу і рамонту Леанід Іваноў і Віктар Мяснікаў.  З высокай аддачай працуе вальшчык лесу Міхаіл Мікалаеў. Высокаэфектыўна арганізуе працу сваіх падначаленых начальнік аддзела Віктар Бараноўскі.

 Расказваючы пра лепшых людзей ААТ «Сенненскі райаграсервіс», нельга не сказаць пра кіраўніка акцыянернага таварыства. Мікалай Курс  — ураджэнец вёскі Канева. Многія гады працоўнага жыцця аддадзены  Сенненшчыне: галоўны інжынер калгаса імя Жданава, намеснік старшыні калгаса імя Гастэлы, галоўны інжынер райаграсервісу. Сёння ён узначальвае акцыянернае таварыства.

 Якім выдасца наступны год для вытворцаў сельгаспрадукцыі Сенненскага райаграсервісу, сказаць ніхто не можа. Аднак  у акцыянерным таварыстве сфарміраваўся зладжаны калектыў аднадумцаў, з добрым падборам арганізатараў і кіраўнікоў сярэдняга звяна. А гэта дае спадзяванні, што намечаныя планы будуць выкананы.

Аляксандр Лазюк.

 На здымках: Мікалай Курс, дырэктар ААТ «Сенненскі райаграсервіс»; Віктар Бараноўскі, начальнік аддзела; вытворчасць нахільных камер.