РАБОТА НАД ПАМЫЛКАМІ ЗРОБЛЕНА

У апошнія гады грамадскія сельгасарганізацыі раёна пас-
        таянна павялічваюць аб’ёмы ўнясення арганічных і мінеральных угнаенняў,
прымянення хімічнай абароны раслін. Пад ураджай 2010 года на 1 гектар ворыва было ўнесена па 4,3 тоны арганікі, 318 кілаграмаў  дзеючага рэчыва мінеральных угнаенняў. Хімічная праполка пустазелля  праведзена на плошчы 29 тысяч гектараў, ад хвароб расліны былі абаронены на плошчы 7400 гектараў, ад шкоднікаў — 6000. Кожны год вядзецца гатункаабнаўленне. Таму планавалася атрымаць 66 тысяч тон зерня, 8 тысяч тон масланасення рапсу, 3800 тон бульбы, 935 тон ільновалакна, нарыхтаваць па 28,8 ц кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы. Дасягнуць жадаемых вынікаў раслінаводы па большасці пазіцый не змаглі. Аб праблемах раслінаводства мы гутарым з Антанінай Сунцеевай, начальнікам аддзела вытворчасці і збыту ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.

  —  Антаніна Васільеўна, якімі сёлетнімі вынікамі вы задаволены?

  —  Нягледзячы на невысокую ўраджайнасць зерневых культур, гаспадаркі раёна ўсё ж справіліся з дзяржаўным планам па  рэалізацыі зерня. Атрыманы нядрэнны ўраджай гародніны, парадавалі льнаводы. Ураджайнасць валакна з гектара склала 8,9 ц з гектара, што на 4 ц больш, чым летась. Такога поспеху мы не дасягалі ў льнаводстве даўно. Ды і якасць трасты досыць высокая, сярэдні нумар перавысіў адзінку. У выніку дзяржаўны заказ выкананы на 100 %. Не менш важна, што фактычна ўсе ўборачныя работы праведзены механізавана.

   —  Нечаканы вынік…

    —  Не пагаджуся з такой ацэнкай. Вынік якраз заканамерны.

      У апошнія пяць гадоў вытворчасцю льну займаюцца спецыялізаваныя прадпрыемствы: ільнозаводы і дзве гаспадаркі. Свае плады прынесла скарачэнне на 500 гектараў пасяўных плошчаў. Мы ў аптымальныя тэрміны правялі сяўбу льну, што дазволіла своечасова правесці доглядныя работы, церабленне і ўборку. 19 верасня  лён быў  звезены з палёў. У той час як летась уборка льнотрасты працягвалася нават у лістападзе.

 — Прабачце, але чаму не прынесла жадаемага рэзультата спецыялізацыя ў бульбаводстве?

 — Галоўнай праблемай у бульбаводстве застаецца недахоп насення  высокай рэпрадукцыі. Яно вельмі дарагое, а таму бульбаводы садзяць тое, што ў іх ёсць. Да таго ж не будзем забываць, што сельгасвытворчасць — гэта цэх пад адкрытым небам. Сёлетні год быў неспрыяльным для вырошчвання бульбы, як і зерневых культур. На палетках сфарміраваўся добры ўраджай сельскагаспадарчых культур, аднак па прычыне анамальнага надвор’я атрымаць чакаемага выніку не ўдалося. Гэта не мой вывад. Яго зрабілі спецыялісты Мінсельгасхарчу, вучоныя-аграрнікі. Як вынік, у раёне  маса тысячы зярнят аказалася на 10-14 грамаў меншай, чым была ў папярэднія гады.

  Страты панеслі не толькі вытворцы бульбы і зерня. Менш на 3,4 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву атрымана кармоў, на 7,1 ц зменшылася ўраджайнасць рапсу. Спасылацца толькі на  неспрыяльнае надвор’е — гэта значыць  не заўважаць існуючых у раслінаводстве праблем. Ураджай кукурузы мы недабралі, на мой погляд, таму, што  позна яе пасеялі. Асноўныя страты рапсу  панеслі  пры ўборцы.

 — Наколькі  я разумею, работа над памылкамі ўжо праведзена. Што зроблена для таго, каб не паўтараць памылак у наступным годзе?

 — Пад ураджай 2011 года  плануецца павялічыць пасяўныя плошчы пад зерневыя культуры, кукурузу, рапс, бульбу. Азімым рапсам, напрыклад, занята  5000 гектараў, што больш мінулагодняга на 454 гектары. 3000 гектараў гэтай плошчы, ці 60 %, апрацавалі  гліфасатутрымліваючымі прэпаратамі. Для параўнання заўважу, што гэтыя работы летась былі праведзены толькі на плошчы 1700 гектараў. Клін азімых зерневых павялічаны на 1350 гектараў. Не збіраемся адпачываць на лаўрах у льнаводстве.

 —  Антаніна Васільеўна, у апошнія гады гаспадаркі раёна  атрымалі  шмат новай тэхнікі. Фактычна ў земляробстве адбылося тэхнічнае пераўзбраенне, што дазволіла ўкараніць новыя тэхналогіі. Ці засталіся яшчэ нейкія нявырашаныя праблемы ў  земляробстве?

 — На мой погляд, самым праблемным месцам земляробства застаецца апрацоўка глебы. Тыя  землеапрацоўчыя агрэгаты, што былі закуплены раней, ужо знасіліся. Не хапае культыватараў. Калі мы гэту праблему вырашым, можна спадзявацца на рост ураджайнасці. Яшчэ адной праблемай з’яўляецца дапрацоўка зерня. Ачышчальных ліній не хапае. А таму ў такіх гаспадарках,  як «Ульянавічы», «Белая Ліпа», «Літусава», «Полымя», узнікаюць сур’ёзныя праблемы пры падрыхтоўцы насення, пры здачы зерня на хлебанарыхтоўчыя прадпрыемствы. А галоўнае, што гаспадаркі нясуць эканамічныя страты.

  — Спецыялістаў агранамічнай службы, наколькі ведаю, не хапае. У некаторых гаспадарках галоўнымі аграномамі працуюць учарашнія выпускнікі сярэдніх спецыяльных устаноў, у іншых уся служба прадстаўлена асобай аднаго чалавека. І ўсё ж раслінаводства з году ў год нарошчвае вытворчасць. Напярэдадні прафесійнага свята каго б са сваіх калег вы адзначылі як прафесіяналаў?

 — Стабільна высокія, вышэй сярэднераённых, ураджаі з году ў год атрымоўваюць у СВК «Бяленева», дзе галоўным аграномам працуе Андрэй Юсікаў. Як прафесіянала ведаю яго суседа Аляксандра Бянько з СВК «Літусава».  У апошнія гады на  ўздыме раслінаводчая галіна ў КУСГП імя Гараўца, СВК «Ульянавічы», дзе галоўнымі аграномамі працуюць  Ірына Старасценка  і Уладзімір Мезаўцоў. Стараецца галоўны аграном СВК «Сінягорскае» Аляксандр Фядзюк. Мы, спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, гатовы працаваць з кожным, хто імкнецца самаўдасканальвацца, хто стараецца атрымаць высокі вынік.

 — Дзякуй за размову і поспехаў у працы.

      Гутарыў Аляксандр Лазюк.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *