«Мы працавалі крапчэй!»

ска Латыгаль — былая цэнтральная сядзіба калгаса «Ленінскі шлях». З нядаўняга часу тут няма школы, даўно не працуе дзіцячы садок. Магазін, фельчарска-акушэрскі пункт, паштовае аддзяленне яшчэ функцыяніруюць, чаму пенсіянеры, яны складаюць большасць вясковага насельніцтва, вельмі радыя.

 — Працаздольнае насельніцтва вёскі можна пералічыць па пальцах. Большасць працуе ў райцэнтры, у сферах, не звязаных з сельскай гаспадаркай, — расказвае Мікалай Юроўскі. У свой час  прозвішча знакамітага механізатара было на слыху не толькі ў раёне. За 42 гады працы на зямлі ён быў узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнай Славы (другой і трэцяй ступеняў), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі. Былі падрыхтаваны дакументы на ўзнагароджанне яго ордэнам Леніна. Ды па нейкіх невядомых прычынах (было гэта ў канцы 80-х) да ўзнагароды ён не быў прадстаўлены. Колькі было грамат, дыпломаў, падарункаў, не пералічыць.

 Калі выходзіў на пенсію, рашэннем агульнага сходу калгаснікаў славутаму механізатару  бясплатна перадалі стары камбайн СК-5 «Ніва».

  А яшчэ пра нялёгкую працу напамінаюць хваробы. Стары механізатар, які пачаў сваю працоўную дзейнасць у 1957 годзе ў якасці прычэпшчыка, мае інваліднасць другой групы. З гадамі ў яго развіўся абструктыўны бранхіт. Сёння без медыкаментозной падтрымкі ў вы­глядзе спрэяў ён не абыходзіцца ні дня. Нават у хаце не знімае валенак.

 — Куды ж ім дзецца, тым пылу, хімікатам, вадкім угнаенням, якія мы  прапусцілі праз лёгкія, бронхі за гады працы, — уздыхае Мікалай Андрэевіч.

 За працоўнае жыццё ямудавялося працаваць на гусенічных і колавых трактарах, убіраць на камбайнах збожжа, церабіць лён, касіць траву. Выконваў любую работу.

 — І выконваў вельмі добра. Калі ўносіў мінеральныя ўгнаенні, то без агрэхаў, калі ўбіраў збожжа, то з мінімальнымі стратамі. Прычапной касілкай накошваў за сезон па 500 тон травы, на «Ніве» намалочваў па 400 тон зерня, — успамінае Уладзімір Ткачэнка, былы старшыня калгаса «Ленінскі шлях». Таму і быў Мікалай Юроўскі заўжды перадавіком вытворчасці не толькі ў калгасе і раёне.

 — Ведаеце, працавалі і атрымлівалі ад працы маральнае задавальненне. Гаспадарка развівалася. Кожны  год  павялічваліся пасяўныя плошчы, кусты ўбіраліся, каменне збіралася — на ўсё хапала сіл і магчымасцей, — працягваецца наша размова.

 Уласную гаспадарку Мікалай Юроўскі мае да гэтага часу. Іншая справа, што даглядае яе пераважна жонка. А таму замест кароў — козы. Няма таго, што было, пагалоўясвіней, птушкі. Апрацоўваемы ўчастак зямлі скараціўся да некалькіх дзесяткаў сотак.

 — Калі б дапамагалі накасіць сена, карову трымалі б да гэтай пары, — кажа Мікалай Андрэевіч, — бо карова не толькі корміць. Без угнаенняў што на зямлі вырасце?

 Успамінаючы былыя гады, мой суразмоўца не хавае — трымаць уласную гаспадарку было нялёгка заўжды.

 — Гэта ў 80-я калгас дапамагаў не толькі зернем. Каровы з прыватных падворкаў выпасаліся на акультураных пашах, сенакосы давалі. А раней? Да работы бяжыш за 3-5 кіламетраў, каб адкасіць травы, бо жывёла была ў кожным двары. Але гаспадарку  трымалі, бо працавалі крапчэй, у тым ліку і ў калгасе.

  Па словах старога механізатара, у пару нарыхтоўкі кармоў ніхто не пакідаў поле, калі на ім заставаўся хоць бы адзін цюк сухога сена. За вілы браліся спецыялісты, механізатары. Дружна працавалі, так, што калгас «Ленінскі шлях» нават  быў пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва ў вытворчасці зерневых культур — сабралі самы высокі ўра­джай зерня ў раёне.

 Мікалай Юроўскі любіў працаваць і дзяцей да працы заахвочваў.  Дочкі, праўда, пакінулі родныя мясціны. Адна сёння жыве ў Гродна, другая ў Віцебску. Дочкі замуж павыходзілі і за мужамі падаліся. А вось сын Андрэй застаўся ў Латыгалі. Таксама працаваў у калгасе не горш за бацькі. Да таго часу, пакуль не пачаўся крызіс. Вёску не пакінуў і цяпер, але ў сельскагаспадарчай вытворчасці не працуе.

 — Кожны з дзяцей  сам выбіраў свой шлях у жыцці. Я разумею сына, гаворыць Мікалай Андрэевіч. — Цяжка гля­дзець, калі  рушыцца тое, да чаго прыклаў свае рукі, калі зарастаюць  хмызняком палі. Працаваць больш трэба. Але праца павінна прыносіць задавальненне чалавеку — матэрыяльнае і маральнае.

 Аляксандр Лазюк.

 На здымку: Мікалай Андрэевіч Юроўскі.