Подполковник Дмитрий Ермаков: на призывников-уклонистов военкомат реагирует жестко

Дзень абаронцы Айчыны і Узброеных Сіл у нашай краіне святкуецца не толькі на дзяржаўным узроўні. Гэта сямейнае свята, свята, якое дае магчымасць ушанаваць мужчынскую палову насельніцтва ў калектывах, грамадскіх аб’яднаннях.

Але ў першую чаргу, яго святкуюць людзі, якія носяць ваенную форму. А таму мы завіталі ў ваенны камісарыят Сенненскага раёна, каб пагутарыць з ваенным камісарам раёна, падпалкоўнікам Дзмітрыем Ермаковым.

— У пачатку лютага Сенненскім раённым выканаўчым камітэтам прынята рашэнне аб правядзенні ў раёне прызыву юнакоў 1990-1999 гадоў на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве. Першыя мерапрыемствы пачнуцца ўжо ў гэтым месяцы і завершацца ў маі 2017 года адпраўкай нашых землякоў у войска. Так што Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл для іх сёлета набывае іншыя фарбы, — адзначыў Дзмітрый Ермакоў.

ермаков— Калі не сакрэт, ці шмат сенненцаў зараз выконваюць свой грамадзянскі абавязак у рэгулярных вайсковых часцях?

— Тэрміновую службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь нясуць звыш 80 чалавек, больш за 20 з’яўляюцца курсантамі ваеннай акадэміі і ваенных факультэтаў іншых вышэйшых навучальных устаноў. Прафесія “абараняць Айчыну” набывае папулярнасць у маладых людзей. На днях у камісарыяце пабывалі два жыхары раёна, якія выказалі жаданне служыць у арміі па кантракце. Многія нашы землякі застаюцца ў войску адразу пасля завяршэння тэрміновай ваеннай службы.

— Будзем шчырымі, ёсць факты негатыўнага зместу. Здараецца, у час прызыву на тэрміновую ваенную службу некаторыя юнакі спрабуюць ухіліцца ад мерапрыемстваў прызыву…

— Сапраўды, такія факты перыядычна маюць месца. Мы на іх рэагуем жорстка, у адпаведнасці з заканадаўствам. Нагадаю, падобныя дзеянні караюцца згодна з Крымінальным кодэксам. Вядзецца шырокая растлумачальная работа сярод маладых людзей, бацькоў, выкарыстоўваюцца сродкі масавай інфармацыі. У апошні прызыў удалося пазбегнуць фактаў ухілення ад мерапрыемстваў прызыву.

— Дзмітрый Віктаравіч, ведаю, што ў раёне створана і працуе грамадскае аб’яднанне афіцэраў. Каб папулярызаваць службу ў арміі, іх патэнцыял выкарыстоўваецца?

— Зразумела. На ўліку ў ваенным камісарыяце знаходзіцца каля 200 афіцэраў запаса. Частка іх уваходзіць у РАГА “Беларускі саюз афіцэраў”. Менавіта яны найчасцей праводзяць сустрэчы ў школах, сустракаюцца з прызыўнікамі, расказваюць пра сваю службу, пра афіцэрскае, армейскае брацтва. Наша задача прышчапіць юнакам разуменне, што абараняць Радзіму – гэта галоўны абавязак мужчыны і высокі гонар.

Што ўяўляе з сябе сучасныя беларускія Узброеныя Сілы?

— Беларускае войска ўзнікла фактычна адначасова з узнікненнем незалежнай краінай Рэспубліка Беларусь на базе Беларускай ваеннай акругі. А здарылася гэта адносна нядаўна. Таму будаўніцтва і рэфармаванне Ўзброеных Сіл працягваецца. Адметнасцю апошняга часу стала паступленне на ўзбраенне арміі новай сучаснай ваеннай тэхнікі, пастаяннае павышэнне яе абароназдольнасці, у тым ліку праз рэгулярнае правядзенне вучэнняў.

— Якія функцыі ўскладзены ў наш час на ваенныя камісарыяты?

— Ваенны камісарыят з’яўляецца мясцовым органам ваеннага кіравання, які праводзіць улікова-прызыўную і ваенна-мабілізацыйную работу, а таксама здзяйсняе падрыхтоўку органаў кіравання Тэрытарыяльнай абароны. Гэта значыць акрамя прызыву на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве мы адказныя за апавяшчэнне, збор і пастаўку мабілізацыйных рэсурсаў у войска. А таму вучэнні, заняткі па баявой гатоўнасці з удзелам ваеннага камісарыяту праводзяцца рэгулярна, апошні раз яны прайшлі ў студзені 2017 года і засведчылі высокі ўзровень падрыхтоўкі.

Карыстаючыся выпадкам хацеў бы павіншаваць са святам усіх сенненцаў, якія носяць ці насілі ваенную форму, усіх мужчын. Але ў першую чаргу моцнага здароўя, мірнага неба над галавой, цеплыні, любві ад блізкіх людзей жадаю нашым ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і ўзброеных сіл. Са святам, з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл.

Гутарыў Аляксандр ІЎЕЎ.