Почему закрываются сельские школы в Сенненском районе?

Сёлетні навучальны год дзеці, якія раней вучыліся ў Літусаўскай школе, пачалі  ў Какоўчынскай ДССШ. Будзем шчырымі, падобная перспектыва чакае і шэраг іншых школ раёна. Аптымізацыя сеткі навучальных устаноў непазбежная. Працэс урбанізацыі, гэта значыць выбар на карысць гарадоў, буйных населеных пунктаў, дзе лепшыя ўмовы жыцця, існуе столькі, колькі існуе чалавечае грамадства. Ён натуральны. Да таго ж не ўражвае і нараджальнасць.

Наша даведка.

 Сёння Какоўчынскую ДССШ наведваюць 79 школьнікаў і 14 дашкольнікаў. 37 з іх летась вучыліся ў Літусаўскай БШ. Яшчэ 5 яе былых вучняў месцам вучобы выбралі Яноўскую ДСБШ.

— Жыхарамі аграгарадка з’яўляюцца 19 вучняў і 4 выхаванцы дзіцячага сада.  Астатнім дабірацца на вучобу даводзілася з суседніх вёсак, — Людміла Мірановіч, дырэктар Какоўчынскай ДССШ, стан спраў добра ведае, бо раней узначальвала навучальную школу ў Літусаве. – Так што паездкі на заняткі ў суседнюю вёску дзецьмі, як і іх бацькамі, не ўспрымаюцца як нейкі негатыў, — лічыць яна.

А вось здабыткі ў выглядзе сучаснага школьнага будынку, кабінетнай сістэмы, хімічнай, біялагічнай, фізічнай лабараторый, спартыўнай залы, кабінета інфарматыкі прыкметна павысілі якасць навучання. Спрыяюць яны і самарэалізацыі педагогаў.

Адаптацыя дзяцей да вучобы ў новай навучальнай установе прайшла хутка яшчэ і таму, што частка педагогаў і тэхнічнага персаналу, што працавалі ў Літусаве, працаўладкаваны ў Какоўчынскай ДССШ. Разам са школьнікамі яны могуць штодня дабірацца да свайго працоўнага месца.

Наша даведка.

 У Какоўчынскай ДССШ працаўладкавана 7 настаўнікаў і 3 тэхнічныя работнікі.

Гаворыць Таццяна Шчарбакова, повар Какоўчынскай ДССШ.

— Год таму я гатавала ежу для дзяцей Літусаўскай школы, зараз для школьнікаў у Какоўчыне. Асабіста для мяне нічога не змянілася. Хіба што ўмовы працы палепшыліся. Думаю і дзеці нічога не страцілі. Паездкі не займаюць шмат часу, а харчаванне (сняданак і абед) нават лепшыя, чым дома. Кожны дзень у меню садавіна, гародніна, салата, мяса.

Дзяцей у Какоўчынску ДССШ возяць на двух аўтобусах. Адзін ездзіць па маршруце Балбасава – Пашкова — Рошчына — Бортнікі, Літусава, другі падвозіць з Серкуцей, Рая, Пурплева і Някрашава. Таму большасць дзяцей у школе наведваюць не толькі ўрокі. Падрыхтоўка да іх вядзецца ў групе падоўжанага дня. У школе працуе 37 прадметных факультатываў, 10 аб’яднанняў па інтарэсах .

Ягор Пахомаў вучыцца ў чацвёртым класе. У новай для яго школе яму асабліва падабаецца прастор: вялікія светлыя класы, доўгі калідор, па якім так хочацца прабегчы з усіх ног. Але найбольш Ягору даспадобы спартыўная зала, заняткі на ўроках фізкультуры. Тым не менш нядаўна ён прызнаўся Людміле Мірановіч:  “нашу школу таксама шкада”.

Пяцікласніца Мілана Траян у неменшым захапленні ад новй школы. Пасля заняткаў яна з задавальненнем займаецца творчасцю. Асабліва дзяўчынка любіць спяваць, настолькі, што, вяртаючыся ў Літусава, спяшаецца на заняткі ў гурток, які працуе ў мясцовым клубе.

Трэццякласніцы Крысціна Красноўская і Ксенія Паддубенец у Какоўчынскай ДССШ вучацца з першага класа, а жывуць дзяўчаты ў Пурплеве. Увесь гэты час яны ездзяць на школьным аўтобусе. Папаўненню класаў вельмі рады, бо на занятках стала весялей, больш цікава. З дзецьмі згодна Лілія Барышава. Лілія Мікалаеўна – намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці.

— Большая напоўненасць класаў дазваляе настаўніку прымяняць увесь набор прафесійных прыёмаў, слабейшыя вучні цянуцца да ўзроўню больш падрыхтаваных, узмацняецца спаборніцкі рух, — адзначае яна.

Не маглі мы не пацікавіцца меркаваннем бацькоў, дзеці якіх яшчэ нядаўна вучыліся ў Літусаўскай школе. Гаворыць Ірына Траян.

— На мой погляд самае галоўнае для нашых дзяцей у тым, што яны атрымалі адпаведныя сучасным патрабаванням умовы навучання. Гэта дапаможа ім быць канкурэнтаздольнымі пры паступленні ў спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Вялікі калектыў спрыяе пашырэнню міжасабовых зносін, патрабуе большых намаганняў для адаптацыі, што таксама на карысць, дапаможа, калі давядзецца пакінуць родную сям’ю, вёску, выпраўляючыся ў вялікі свет.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.