Открытый диалог на тему «Мы помним, мы гордимся» прошел в средней школе №2 г. Сенно

3  “Ці было страшна на вайне?”, “Колькі баявых выхадаў ажыццявілі?”, “Што такое “груз 200”, “груз 300”?” – гэтыя і іншыя пытанні задавалі воінам-інтэрнацыяналістам члены пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» сярэдняй школы №2 г.Сянно ў час адкрытага дыялогу на тэму «Мы памятаем, мы ганарымся!», прысвечанаму 28-й гадавіне вываду савецкіх войск з Афганістана.

IMG_0991

 

Распачала сустрэчу намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце другой гарадской школы Алена Зелентава. Разам з дзяўчатамі з інфармацыйнай групы яна расказала прысутным пра вайну ў ДРА, прывяла лічбы загінуўшых, параненых, удзельнікаў з Беларусі.

Аляксандр Цеплякоў, Карым Хасанаў, Аляксандр Бобрык – былі ўдзельнікамі вайны ў Афганістане. Кожны з іх расказаў сваю гісторыю. Аляксандр Цеплякоў, напрыклад, служыў у Кабульскім шпіталі. Ваенны ўрач расказаў, якія аперацыі прыходзілася там рабіць, якія віды ран бываюць ад баявых снарадаў.

IMG_0995

Як пачыналася служба ў Афганістане, як цяжка было хадзіць у поўнай вайсковай амуніцыі некалькі дзясяткаў кіламетраў пры тэмпературы +50С расказаў разведчык, удзельнік баявых дзеянняў Аляксандр Бобрык.

Механік-вадзіцель БМП Карым Хасанаў расказаў пра асаблівасці клімату паўдневай краіны, цікавыя выпадкі, якія адбываліся з ім. З’яўляючыся старшыней раённага грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, Карым Талбакавіч расказаў пра сенненцаў, загінуўшых у чужой краіне,  асабліва падрабязна пра Аляксандра Звярковіча, якога некалькі гадоў лічылі прапаўшым без вестак. Пазней з’явілася інфармацыя, што радавы Савецкай Арміі Аляксандр Звярковіч патрапіў у палон, утрымліваўся ў турме, дзе палонныя ўзнялі паўстанне і далі бой. Дадому сенненец Звярковіч так і не вярнуўся. У 2015 годзе на доме, дзе нарадзіўся і жыў Аляксандр, усталявалі інфармацыйна-памятную дошку.

IMG_0996

Падчас сустрэчы кожны мог пагартаць кнігу пра Афганскую вайну, паглядзець фотаздымкі, баявыя ўзнагароды, медалі “гасцей” мерапрыемства.

Ад школьнікаў ветэраны афганскай вайны атрымалі падарункі ручной работы і кветкі. Аднак галоўнае, што ўзялі ад сустрэчы з воінамі-афганцамі дзеці – гэта запавет-заклік: “Беражыце мір!”.

 Ірына ХАСАНАВА.

Фота аўтара.