Тры факты пра Беларускую акадэмію навук

3    НАН Беларусі з’яўляецца найбуйнейшай вышэйшай дзяржаўнай навуковай арганізацыяй Рэспублікі Беларусь. Але ці ведаеце вы, якія цікавыя факты суправаджалі гісторыю яе стварэння і хто стаяў ля яе вытокаў?

ФАКТ ПЕРШЫ. Новы год для беларускай навукі — двайное свята.

Першага студзеня адзначаецца Дзень нараджэння Беларускай акадэміі навук (менавіта так называлася пры адкрыцці НАН Беларусі). 12 кастрычніка 1928 года Бюро Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі прыняў рашэнне аб перайменаванні Інстытута беларускай культуры ў Беларускую акадэмію навук. А 1 студзеня 1929 года ў дзень 10-гадовага юбілею ўтварэння Беларускай ССР і Кампартыі Беларусі ў Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё айчыннай акадэміі навук. Ва ўрачыстым адкрыцці прынялі ўдзел члены юбілейнай сесіі ЦВК БССР, прадстаўнікі беларускай навукі і культуры, а таксама дэлегацыі навуковых устаноў шэрагу саюзных рэспублік. З той пары 1 студзеня лічыцца Днём нараджэння ўстановы.

ФАКТ ДРУГІ. Аўтар «Кароткага нарыса гісторыі Беларусі» быў першым прэзідэнтам Беларускай акадэміі навук.

Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі слыў вядомым грамадскім і палітычным дзеячам, прыхільнікам беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ ст. На жаль, лёс яго склаўся няпросты. Падчас кампаніі супраць так званага нацыянал-дэмакратызму ў 1930 годзе Ігнатоўскі быў вызвалены з пасады прэзідэнта Беларускай акадэміі навук, як «кулацкі агент» выклікаўся на допыты АДПУ, а ў студзені 1931 года яго выключалі з партыі. У ходзе допытаў па так званай справе «Саюза вызвалення Беларусі» 4 лютага 1931 года знакаміты навуковец застрэліўся.Здарылася гэта дома.

1

У памяці беларусаў Ігнатоўскі застаўся як адзін з першых гісторыкаў, якія паслядоўна і суцэльна апісалі гістарычны шлях Беларусі. За 20 гадоў актыўнай навуковай дзейнасці ім былі выдадзеныя «Кароткі нарыс нацыянальнага адраджэння Беларусі» (1921), «Матывы лірыкі беларускага песняра М. Чарота» (1922), «Беларусь» (чатыры выданні), «Гісторыя Беларусі Ў ХІХ І пачатку ХХ сталецця» (тры выданні), «Каля магілы барацьбіта» (1927). А «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» Усевалада Ігнатоўскага надоўга стане галоўным падручнікам па гісторыі нашай краіны.  В.М. Ігнатоўскі з’яўляецца аўтарам больш за 40 навуковых і навукова-публіцыстычных прац.

ФАКТ ТРЭЦІ. Першы будынак Акадэміі навук знаходзіўся не на галоўным праспекце сталіцы.

Першапачаткова Акадэмія размяшчалася ў будынку былога Інбелкульта па вуліцы Рэвалюцыйнай. З канца 1929 па 1940 год адрас навуковай установы значыўся наступны: вугал вуліц Універсітэцкай (цяпер Кірава) і Леніна (цяпер на гэтым месцы знаходзіцца Упраўленне Беларускай чыгункі).

Будынак з каланадай, што сёння знаходзіцца на праспекце Незалежнасці, д.66, быў пабудавана толькі ў 1940-ым годзе. Працу па яго праектаванні пачаў ў 1929 годзе галоўны архітэктар Наркамата асветы БССР Георгій Лаўроў і першапачаткова будынак быў запраектаваны ў канструктывісцкім стылі. Але калі прыйшла пара пачынаць будаўніцтва, праект забракавалі. Далейшае праектаванне было даверана Іосіфу Рыгоравічу Лангбарду, дзякуючы якому мы цяпер ведаем будынак Акадэміі навук прыкладна ў тым выглядзе, як ён існуе сёння.

Падрыхтавала Вольга БАНДАРЭВІЧ.