Творчыя справаздачы. У РЦКіНТ прайшло мерапрыемства, прысвечанае падвядзенню вынікаў Года культуры

У раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшла  маштабная імпрэза, прысвечаная падвядзенню вынікаў Года культуры. Свае творчыя “справаздачы” прадставілі ўсе ўстановы культуры раёна.

Напэўна, няма больш разнастайнага і шырокага паняцця, чым культура. Яно ўбірае ў сабе ўсё тое, без чаго немагчыма ўявіць нашу цывілізацыю: чалавечыя зносіны, нацыянальныя традыцыі і рамёствы і, канешне, мастацтва ва ўсіх яго праявах. Многія напрамкі атрымалі развіццё на сенненскай зямлі, што з поспехам прадэманстравалі работнікі самай творчай сферы.

5

У фае ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Ходцаўскага сельскага Дома культуры, Багданаўскага і Пламенскага сельскіх клубаў частавалі наведвальнікаў стравамі нацыянальнай кухні. Вырабы ручной работы выставілі майстры раённага Дома рамёстваў. З цікавымі напрацоўкамі знаёміла выстава метадычных матэрыялаў і дасягненняў за 2016, якія прадставілі РЦКНТ, цэнтральная бібліятэчная сістэма, гісторыка-краязнаўчы музей, школы мастацтваў, дом рамёстваў. Асобна варта адзначыць выступленне народнага аркестра народных інструментаў Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў і яго салісткі Яны Прусаковай, чые ігра і голас цешылі слых наведвальнікаў на працягу першай часткі імпрэзы.

6

Сваю творчасць са сцэны РЦКНТ гледачу дарылі лепшыя калектывы мастацкай самадзейнасці раёна. Адкрыла канцэрт відовішчнае дэфіле народных касцюмаў сенненскага строю. Гэта вынік шматгадовай працы майстроў дома рамёстваў. Летась дзякуючы падтрымцы ЕС/ПРААН унікальная калекцыя ўбораў набыла канчатковы выгляд і стала сапраўдным брэндам Сенненшчыны, які не сорамна паказаць на самых лепшых пляцоўках краіны.

Ад народнай песні да моднага брэйк-дансу… Канцэртная праграма здзіўляла сваёй разнастайнасцю. Радасна было бачыць на сцэне выступленні дзіцячых калектываў, а гэта значыць, у культуры раёна ёсць будучыня. Акрабатычным эцюдам і сучасным вулічным танцам уразілі гледачоў дзіцячыя гурты Машканскай ДССШ і Багушэўскага дома культуры. Чысцінёй вакалу захаплялі выканаўцы і калектывы трох школ мастацтваў раёна, віртуознай ігрой на гітары — дуэт выкладчыкаў Сенненскай ДШМ Ігара Клячына і Аляксандра Атрошкіна.

Многія з тых, хто выходзіў на сцэну, прыйшлі ў культуру не згодна прафесіі, а па клічу душы. ВІА “Дыскатэка-80” утварылася як школьны калектыў, а сёння гурт — неад’емны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці раёна.

Культура ва ўсё часы не была асабліва даходнай сферай, трымаючыся перш за ўсё на энтузіястах, апантаных сваёй справай. Такімі можна назваць і тых, хто у гэты дзень прымаў заслужаныя ўзнагароды з рук намесніка старшыні райвыканкама Зоі Фаміной і начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргея Мяцеліцы. Ганаровымі граматамі раённага выканаўчага камітэта адзначаны выкладчык па класе фартэпіяна Машканскай ДШМ Наталля Мефадзіенка, калектыў народнага лялечнага тэатра кнігі “Пятрушка” (кіраўнік Валянціна Цярэнцьева), бібліятэкар Пламенскай сельскай бібліятэкі Валянціна Сінічэнка. Дарэчы, калега апошняй, Тамара Саўлевіч з Рулёўшчынскай бібліятэкі, атрымала ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў.

Ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама ўганараваны выкладчык музычна-тэарэтычных дысцыплін Машканскай ДШМ Ганна Вярбіцкая, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Лілія Кулік, калектыў Багушэўскай гарпасялковай бібліятэкі (загадчыца Жанна Цуран).

Яшчэ 8 чалавек (сярод якіх настаўнік, выкладчыкі ДШМ, кіраўнік гуртка, загадчык сельскага клуба, журналіст і нават медработнік) атрымалі граматы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

2

Падчас мерапрыемства былі агучаны вынікі раённага агляду-конкурсу на лепшую ўстанову клубнага тыпу ў аграгарадках. У тройцы прызёраў аказаліся Машканскі(І месца), Ходцаўскі(ІІ месца) і Яноўскі (ІІІ месца) сельскія дамы культуры. Фальклорныя калектывы агучаных СДК таксама прадставілі свае творчыя нумары.

Словы падзякі гучалі ў адрас кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна, сельскіх Саветаў, якія аказваюць падтрымку мясцовай культуры. Шэрагу з іх былі ўручаны граматы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

16 января 086

Год культуры скончыўся, але работа ў гэтым напрамку, безумоўна, працягнецца. Наперадзе работнікаў культуры і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Сенненшчыны чакаюць шматлікія канцэрты, фестывалі, выставы, конкурсы. І яшчэ не раз раённая газета напіша пра чарговыя дасягенні землякоў, адным з якіх, спадзяюся, стануць поўныя залы гледачоў і наведвальнікаў культурных устаноў раёна.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымках: З.Фаміна ўручае ўзнагароду Н.Мефадзіенка; выступае ансабль юных лыжкароў Машканскага СДК; спявае Яна Прусакова.  

Фота аўтара.

Творчыя справаздачы. У РЦКіНТ прайшло мерапрыемства, прысвечанае падвядзенню вынікаў Года культуры: 1 комментарий

  • Понедельник, 6 фев., 2017 в 19:59
    Permalink

    Добрый вечер,Всех поздравляю с сегодняшним Мероприятием,вижу по фото,что Оно прошло на высшем уровне,было бы прекрасно,если бы у Нас в Витебске провели такой Концерт,только что то не видно было Коллектива Виа Шанс или Гульбячи

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

    Ответ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *