Выдатнікі педагагічнай справы. Пераможцай раённага этапу конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» у намінацыі «Хімія, біялогія» стала настаўніца Студзёнкаўскай дзіцячага сада-сярэдняй школы

1На гэтым здымку Святлана Пагарэльская, настаўніца хіміі і біялогіі Студзёнкаўскай дзіцячага сада-сярэдняй школы (на здымку з вучнямі 8 класа) — пераможца раённага этапу конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» у намінацыі «Хімія, біялогія». 

Яе працоўны стаж налічвае 18 гадоў. Свой шлях у прафесію выпускніца Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава  пачынала ў Алексініцкай школе. Гэта навучальная ўстанова ў свой час вызначалася сваім натуразнаўчым профілем. Пасля яе закрыцця Святлана Іванаўна стала выкладаць хімію і біялогію ў Студзёнкаўскай ДССШ.

— Конкурс – цікавы, хоць і даволі хвалюючы момант, — расказвае лепшы настаўнік года. – Ён дае магчымасць не толькі паказаць свой узровень выкладання прадмета, але і пераняць вопыт калег.

Дарэчы, у прафесійным спаборніцтве Святлана Іванаўна ўдзельнічала ўпершыню. Навічкам шанцуе, сцвярджае вядомае выслоўе. Але фартуна фартунай, а галоўную ролю тут адыгрывае  майстэрства настаўніка, і яно не падвяло дэбютантку.

На мінулым тыдні завяршыўся раённы этап конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь». Нагадаем, у барацьбу на заключным этапе ўступілі 26 педагогаў. Па выніках усіх этапаў журы вызначыла пераможцаў у васьмі намінацыях. Вось іх імёны: “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка” — Тамара Барышкава, настаўнік матэматыкі СШ №1 г.Сянно; “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія” — Таццяна Бабарыка, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Машканскай ДССШ; “Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка” — Ірына Кучко, настаўнік айчыннай і сустветнай мастацкай культуры Нямойтаўскай ДСБШ; “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура” — Таццяна Прусава, настаўнік рускай мовы і літаратуры Какоўчынскай ДССШ; “Пачатковыя класы” — Таццяна Саўлевіч, настаўнік пачатковых класаў СШ №1 г.Сянно; “Замежная мова” — Наталля Скіба, настаўнік англійскай мовы СШ №1 г.Сянно; “Выхавальнік дашкольнай адукацыі” — Галіна Юроўская,  выхавальнік ясляў-сада №1 г.Сянно.

Прыемна, адзначылі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, што ў гэтым годзе і маладыя настаўнікі не пабаяліся паказаць сябе, прадставіць свой вопыт работы. Між тым спачываць на заслужаных лаўрах пераможцам не прыходзіцца. Зараз ідзе актыўная падрыхтоўка каманды лепшых настаўнікаў Сенненшчыны для ўдзелу ў абласным этапе конкурсу, што пройдзе ў лютым-сакавіку бягучага года.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *