Появится ли уличное освещение у жителей Студенковского сельсовета

У асенне-зімовы перыяд вулічнае асвятленне — жыццёвая неабходнасць. На гэты ж перыяд выпадае большасць скаргаў, звязаных з яго адсутнасцю. Але іх магло і не быць. Як паказвае практыка, непаразуменні найчасцей узнікаюць у выпадку, калі аднаму боку не стае цярпення пачакаць, а другому – даступна патлумачыць.

    На днях у рэдакцыю раённай газеты са сваёй праблемай патэлефанавала жыхарка вёскі Кляпчэва Студзёнкаўскага сельсавета, інвалід 2-ой групы Надзея Пракаповіч. Па словах жанчыны, вулічны ліхтар, што знаходзіцца пасярод вёскі, загас яшчэ ў пачатку снежня. Надзея Іванаўна ў хуткасці звярнулася па дапамогу ў сельвыканкам. Але вось ужо і студзень на зыходзе, а электрыкаў не відаць.

У сельвыканкаме ў адказ на журналісцкі зварот пацвердзілі наяўнасць заяўкі ад спадарыні Пракаповіч, як і факт яе перадачы ў Сенненскі РЭС.

— Па нашым сельсавеце маецца вельмі шмат зваротаў па рабоце вулічнага асвятлення. Многія заяўкі нават паўторна адсылаліся ў РЭС. Там тлумачылі затрымку адсутнасцю то траспарту, то паліва, — кажа кіраўнік справамі Студзёнкаўскага сельскага Савета Святлана Хамянкова.

Што дачыцца сітуацыі ў Кляпчэве, то прадстаўнік сельвыканкама падкрэсліла, што сацыяльныя стандарты па вулічным асвятленне ў вёсцы ў цэлым выконваюцца: ліхтары гараць ў пачатку і ў канцы населенага пункта.

— Дадатковае асвятленне прадугледжваецца пры наяўнасці перавулкаў і перакрыжаванняў. Кляпчэва ж ляжыць па прамой. Але мы імкнемся ісці насустрач, хаця для сельсавецкага бюджэту — гэта істотныя выдаткі. Як варыянт для тых, хто жадае мець працуючы ліхтар ля дома, прапануем падключаць яго да сваіх лічыльнікаў.

Аднак, па словах Святланы Іванаўны, ахвотных аплачваць вулічнае асвятленне з уласнага кашалька пакуль няма.

Што насамрэч замінае электрыкам своечасова адрэагаваць на  заяўкі, карэспандэнт “ГС” высвятляла ўжо ў галоўнага інжынера Сенненскага РЭСа Аляксандра Хруцкага. Як аказалася, вінавата няякасная прадукцыя Брэсцкага электралямпавага завода.

— Тыя лямпы, што ставіліся ў пачатку зімы, вельмі хутка перагарэлі. На гэтым тыдні (размова адбылася 24 студзеня) мы чакаем новую партыю ўжо спраўных лямпаў. Тады адразу прыступім да замены адпрацаваўшых.

Да канца месяца святло ў Кляпчэве з’явіцца, паабяцаў прадстаўнік РЭСа.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.