Першы доктар медыцыны лекаваў на Сенненшчыне

  КорчицСярод выбітных хірургаў, якія стаялі ля вытокаў хірургіі ў Беларусі, прыкметную ролю адыграў заслужаны дзеяч навукі БССР, член-карэспандэнт АН БССР, доктар медыцынскіх навук, прафесар Яўген Вітольдавіч Корчыц. Ён нарадзіўся ў Ташкенце, вучыўся ў Пецярбургу і Маскве, а ўрачэбную практыку пачынаў на Віцебшчыне.

Будучы свяціла айчыннай медыцыны з’явіўся на свет 29 сакавіка 1880 года ў сям’і вайскоўца. Пасля заканчэння гімназіі ў 1898-ым паступіў на натуразнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта, які скончыў ў 1904-ым з дыпломам першай ступені і званнем кандыдата натуразнаўчых навук. А праз тры гады Яўген Корчыц быў прыняты на вучобу на 3 курс медыцынскага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта. Пасля заканчэння навучальнай установы ў 1910 годзе маладога земскага доктара накіравалі ў  мястэчка Дуброўна колішняй Магілёўскай губерні. Верагодна, яго талент лекавання не застаўся незаўважаным, бо неўзабаве Корчыц узначальвае земскую павятовую бальніцу ў Сянне. Старажылы горада дагэтуль памятаюць старую лякарню. У пачатку ХХ стагоддзя яна размяшчалася за межамі горада (сёння гэта раён перакрыжавання вуліц Кастрычніцкай і Чырвонага Кастрычніка). Бальніца ўяўляла сабой некалькі драўляных баракаў, у большых пабудовах змяшчаліся палаты. Сёння на іх месцы — жылыя шматпавярхоўкі, сквер. На жаль, падрабязнасці сенненскага перыяду жыцця навукоўца дакладна невядомы. Прабыў ў павеце ён адносна нядоўга.

1

 

У 1913 годзе Яўген Корчыц вяртаецца ў Туркестан, дзе працуе ардынатарам Ташкенцкай гарадской бальніцы, на базе якой  таленавіты ўрач арганізаваў біяхімічную і клінічную лабараторыі — першыя ў гэтым рэгіёне. У 1915 годзе малады медык быў прызваны ў армію і служыў хірургам у ваенных шпіталях Ташкента і Алма-Аты. Пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі працаваў у Петраградзе ў клініках Ваенна-медыцынскай акадэміі. Тут ён пачаў сваю працу над доктарскай дысертацыяй. Абараняць яе давялося ўжо ў Беларусі, куды Корчыца запрасілі на працу ў нядаўна створаны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Абарона, якая адбылася ў лістападзе 1927 года на медыцынскім факультэце БДУ, мела вялікі рэзананс. Дацэнт кафедры хірургіі Яўген Корчыц увайшоў у гісторыю айчыннай навукі як першы носьбіт навуковай ступені доктара медыцыны. Ён жа ўпершыню ў Беларусі правёў аперацыю на сэрцы са спрыяльным зыходам.

У 1929-ым Корчыцу прысвоена званне прафесара. За кароткі тэрмін узначаленая ім кафедра агульнай хірургіі медыцынскага факультэта БДУ была ўкамплектавана вопытнымі кадрамі, абсталявана навучальнымі дапаможнікамі, пры ёй створана эксперыментальная лабараторыя.

Самую сур’ёзную ўвагу Яўген Вітольдавіч надаваў педагагічнай працы. Прафесар Корчыц, як адзначалі яго вучні, чытаў лекцыі жыва, цікава і займальна, суправаджаў іх яркімі прыкладамі з уласнай практыкі, і студэнты адказвалі яму бязмежнай любоўю. Іх прыцягвала і яго тэхніка, якая да гэтага перыяду дасягнула дасканаласці: ён аперыраваў бліскуча, хутка, упэўнена. Добрыя вынікі і цёплае стаўленне Яўгена Вітольдавіча і яго супрацоўнікаў да пацыентаў спрыялі аўтарытэту ўніверсітэцкай клініцы.

З 1934 па 1941 гг. Корчыц загадвае кафедрай факультэцкай хірургіі Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута (МДМІ). У гэты перыяд ён шмат зрабіў для стварэння ў рэспубліцы анкалагічнай службы, а таксама заснаваў эндакрыналагічную станцыю. За што ў 1939-ым прафесар Корчыц быў уганараваны званнем «Заслужаны дзеяч навукі БССР».

У часы Вялікай Айчыннай вайны ён кіраваў кафедрай агульнай хірургіі ў Ташкенцкім медыцынскім інстытуце і адначасова з’яўляўся кансультантам эвакуацыйных шпіталёў. У 1943 годзе ён прыехаў у Яраслаўль, дзе загадваў кафедрай шпітальнай хірургіі адноўленага Мінскага медінстытута, а пасля вызвалення рэспублікі вярнуўся ў беларускую сталіцу і ўзначаліў шпітальную хірургічную клініку Мінскага дзяржаўнага медінстытута, кіраваў Рэспубліканскім анкалагічным і эндакрыналагічным дыспансерамі, заснаваныя ім яшчэ да вайны.

На працягу ўсяго жыцця Яўген Корчыц актыўна займаўся навуковай працай і падрыхтоўкай навукова-педагагічных кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Вынікі праведзеных ім даследаванняў знайшлі адлюстраванне ў больш чым 100 навуковых працах.

У 1947 г. Я.В. Корчыц абраны членам-карэспандэнтам АН БССР.

Нароўні са шматбаковай навукова-педагагічнай і медыцынскай дзейнасцю прафесар Корчыц вёў вялікую грамадскую працу. На працягу многіх гадоў (1936-1947) ён быў старшынёй Беларускага навуковага медыцынскага таварыства хірургаў і членам Вучонага медыцынскага савета Міністэрства аховы здароўя БССР, з’яўляўся ініцыятарам і арганізатарам двух з’ездаў хірургаў БССР.

Самаадданая і бездакорная праца прафесара-хірурга Яўгена Корчыца была па вартасці ацэнена ўрадам краіны: ён узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, шматлікімі медалямі, у тым ліку «За перамогу над Германіяй» і «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне», а таксама ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Бліскучы хірург пайшоў з жыцця — 16 мая 1950 г. Ён пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску.

Падрыхтавала Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымках: Я.В.Корчыц, на гэтым месцы некалі стаяла павятовая бальніца (фота Ірыны Хасанавай).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *