Спорт — яго жыццё

Дваццаць  другі сенненскі марафон, прысвечаны памяці П.М. Машэрава, упершыню прайшоў без свайго заснавальніка. У сакавіку сёлетняга года раптоўна спынілася сэрца таленавітага  трэнера, выхаваўшага плеяду  чэмпіёнаў,  Уладзіміра  Корсака. Чамусьці толькі пасля смерці чалавека мы пачынаем разумець, наколькі важным ён быў для нас. За свой кароткі  век Уладзімір Віктаравіч зрабіў столькі, што хапіла б на  некалькі  жыццяў. Мо таму  сэрца 54-гадовага, у цэлым  здаровага  мужчыны,  для  якога  спорт і дзеці сталі сэнсам  жыцця, не вытрымала  напружання. У лістападзе яму б споўнілася 55 год.

  Сяброўства са спортам для Уладзіміра ішло са школы. Канькі, лыжы былі ўпадабанымі заняткамі ўльянавіцкіх хлапчукоў.

 Займацца лыжамі ён працягнуў і падчас вайсковай службы. А служыў хлопец не дзе-небудзь, а на падлодцы. Лыжнік Корсак адстойваў гонар Чырванасцяжнага паўночнага флоту. Пасля арміі нядаўні марак-падводнік кіруецца ў Аршанскае педагагічнае вучылішча (пазней скончыў Мінскі інстытут фізкультуры). Вось тут лыжы саступілі месца каралеве спорту — лёгкай атлетыцы. Талент бегуна ў студэнце Корсаку адкрыў трэнер спартыўнай школы пры Аршанскім ільнокамбінаце Міхаіл Паўлоўскі. Эстафеты, кросы, марафоны… У хуткім часе юнак стаў чэмпіёнам БССР па лёгкай атлетыцы сярод ССПУ.

 Трэнерскі шлях Уладзіміра Віктаравіча пачаўся ў Алексініцкай школцы, куды ён уладкаваўся, згодна размеркаванню, разам з жонкай Таццянай, таксама выпускніцай Аршанскай вучэльні. Потым была Багушэўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. У 1984 годзе сужэнцы Корсакі пераехалі ў Сянно. Таццяна Іванаўна працуе, і цяпер, настаўніцай малодшых класаў у сенненскай сярэдняй школе №2. Вось ужо 31 год вучыць маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак асновам чытання, пісьма, ліку… А Уладзімір Віктаравіч стаў трэнерам Сенненскай ДЮСШ, заснаваўшы ў школе аддзяленне лёгкай атлетыкі. Дагэтуль тут трэніраваліся выключна лыжнікі і біятланісты.

Ён клікаў да сябе жонку. Маўляў, будзеш дапамагаць расціць будучых чэмпіёнаў. Але Таццяна Іванаўна не згадзілася: «Я не спартыўная. Трэнер жа павінен сам рабіць усё тое, чаму навучае дзяцей, быць для іх аўтарытэтам».

 Уладзімір Віктаравіч для сваіх выхаванцаў стаў чымсьці большым: настаўнікам, лепшым сябрам. Сярод выхаванцаў былі дзеці з інтэрната, няпоўных сем’яў, якія клікалі яго бацькам. Акрамя што­дзённых трэніровак, у іх жыцці знаходзілася месца займальным паходам, цікавым экскурсіям, падчас якіх падлеткі набывалі карысныя веды. Інжынер па ахове леса ДЛГУ «Багушэўскі лясгас» Сяргей Казімірскі, вучань Корсака яшчэ па гарпасялковай ДЮСШ, з удзячнасцю ўспамінае свайго трэнера. Навыкі, атрыманыя яшчэ ў юнацтве  па тым жа арыентаванні, дапамаглі яму ў 2008 годзе вытрымаць баварскія ўзгоркі з перападамі вышыні да 300 метраў і заняць 5 месца ў лясным арыентаванні на 19 спаборніцтвах сярод леснікоў еўрапейскіх краін у нямецкім Рэгенсбургу, дзе Сяргей прадстаўляў Беларусь.

 Многія яго выхаванцы сталі ў свой час чэмпіёнамі рэспубліканскіх спаборніцтваў, майстрамі спорту: Сяргей Давыдзька, Дзмітрый Карась, Андрэй Сапежка, Анатоль Белікаў, Наталля Трошына і інш. Шмат хто  працуе  трэнерамі, настаўнікамі фізк­ультуры. Ёсць і тыя, хто працягнуў спартыўную кар’еру. Наталля Цывака — чэмпіёнка рэспублікі ў бегу на 800-1500 м — студэнтка Беларускай Акадэміі спорту. На міжнародных юніёрскіх гульнях краін СНД і Балтыкі дзяўчына заняла 6 месца. Дзміт­рый Бараноўскі, Анастасія Падалінская — імёны гэтых беларускіх лёгкаатлетаў кажуць самі за сябе, абое  ў складзе нацыянальнай зборнай. Сёлета Дзіма стаў сярэбраным прызёрам міжнароднаго марафону ў Кракаве. А летась перамог ва ўсебеларускім кросе на прызы газеты «Советская Белоруссия». Насця ж — уладальніца тытула чэмпіёнкі Еўропы па лёгкай атлетыцы.

 Чэмпіёнамі становяцца адзінкі, і не для ўсіх спорт перайшоў у прафесію. Але для кожнага з іх ён стаў арыенцірам у жыцці. Многія служаць сёння ў арміі, міліцыі. Спартыўная загартоўка ім вельмі дапамагае, і не толькі ў фізічным плане. У Корсака яны вучыліся чуллівасці, спагадзе і сяброўству.

 Ён не шкадаваў для сваіх дзяцей ні ўласных матэрыяльных сродкаў, ні асабістых душэўных сіл. Аднойчы ўбачыўшы ў нязграбным падлетку будучага чэмпіёна, Ула­дзімір Віктаравіч рабіў ўсё, каб спартыўны талент не згубіўся. Наталля Крыцкая, Ала Астапава… Іх, вясковых дзяўчынак, ён перавёз у райцэнтр, каб яны мелі магчымасць трэніравацца, уладкаваў да знаёмых на кватэру. Сваіх выхаванцаў Уладзімір Віктаравіч вёў па жыцці да канца. Самым таленавітым дапамагаў уладкоўвацца ў школу алімпійскага рэзерву і нават фізкультурны інстытут, «выбіваў» інтэрнаты. Корсак самааддана змагаўся за нармальныя ўмовы трэніровак, за дастойныяпрызы для юных спартсменаў. У пошуках срод­каў сам ехаў за грашыма «на паклон» да старшынь калгасаў.  

 У чырвонай папцы старанна сабраны газетныя артыкулы, фотаздымкі. У гэтым летапісе спартыўнага жыцця адлюстраваны дасягненні яго вучняў, яго школы, яго роднай Сенненшчыны. Ён быў упэўнены: Сянно павінна грымець як спартыўная сталіца. Дзеля гэтага і быў задуманы марафон. На старым фотаздымку малады Ула­дзі­мір Корсак фінішуе ў Віцебскім марафоне, прысвечаным памяці П.М.Машэрава… А ў 1989 годзе машэраўскі прабег упершыню стартаваў у Сянно. Ула­дзімір Віктаравіч як мага больш папулярызаваў сваё дзецішча. Запрашаў на марафон вядомых трэнераў, спар­тсменаў. Гасцямі ў свой час былі родныя Машэрава: яго жонка Паліна Андрэеўна і дачка Наталля.

 «Каб выхоўваць таленты, трэба самому быць талентам. Каб гэты талент не знік, неабходна штодзённая карпатлівая работа. Па такім няпростым прынцыпе жыў і працаваў наш паважаны, любімы трэнер, — піша ў сваім лісце яго вучаніца Яна Бардашэвіч — студэнтка Полацкага ўніверсітэта. — Нават самыя безнадзейныя ў яго станавіліся прызёрамі, а то і пераможцамі».

 Сакрэт чэмпіёнства па Корсаку — працаздольнасць, якую і сёння ён выхоўвае ў памяці сваіх вучняў.

 

Вольга Бандарэвіч.

Фота з сямейнага архіва.