Не сунься ў калодзеж без тэхнікі бяспекі

  Хто з сенненцаў, як і я, не назіраў карцінку: адзін работнік, скажам, жылкамунгаса, корпаецца з нейкай нагоды ў камунікацыйным калодзежы, а тры ці чатыры чалавекі, пакурваючы, назіраюць за ім. У такім выпадку ў галаву адразу прыходзіла прымаўка: «Один с сошкой, а семеро с ложкой».  Калі ж пацікавіўся сітуацыяй у старшага групы, той адказаў: «Так паложана».

 Менавіта з падобнай сітуацыі я і распачаў гутарку з галоўным дзяржаўным інспектарам Лепельскай міжраённай інспекцыі працы Ю.С.Цыпляковым.

 — Не ведаю я там «семеро с ложкой»,  — кажа Юрый Сяргеевіч, — але адзін з пунктаў захавання патрабаванняў бяспекі пры выкананні работ у калодзежах і іншых ёмістых збудаваннях патрабуе наступнага: арганізаваць выкананне работ у ёмістых збудаваннях па нараду-допуску групай работнікаў у саставе не менш трох чалавек: адзін працуе ўнутры ёмістага збудавання, другі назірае за яго работай зверху і ў выпадку неабходнасці разам з трэцім аказвае дапамогу таму, хто знаходзіцца ўнутры.

 — Калі мы ўжо загаварылі пра правілы бяспечнай работы ў камунікацыйных калодзежах, то прыгадайце, калі ласка, і іншыя патрабаванні.

 —  Перш чым распачаць нейкія работы ў камунікацыйных калодзежах і іншых ёмістых збудаваннях, трэба  назначыць з ліку кіраўнікоў і спецыялістаў асоб, адказных за падрыхтоўку і правядзенне работ у падобных умовах, і арганізаваць пастаянны кантроль  за іх правядзеннем. Работнікі павінны быць забяспечаны, акрамя сродкаў індывідуальнай аховы (ахоўнымі каскамі, засцерагальнымі лямачнымі паясамі (страхавальнай прывяззю) са страхавальным канатам (вяроўкай), шлангавымі або ізаліровачнымі процівагазамі, газааналізатарамі і неабходнымі для выканання работ прыстасаваннямі і інструментам, не ўтвараючым іскраў. Перад пачаткам работ у  абавязковым парадку  трэба праводзіць мэтавыя інструктажы па ахове працы (бяспечных метадах і прыёмах працы, прымяненні газааналізатараў, сродкаў індывідуальнай аховы, пярвічных сродкаў пажаратушэння, дзеяннях  у аварыйных сітуацыях, аказанню першай дапамогі пацярпелым пры няшчасных выпадках на вытворчасці і іншых пытаннях аховы працы, у залежнасці ад спецыфікі выконваемых работ). Не дапускаць (адхіляць) да (ад) работы асоб у стане алкагольнага, наркатычнага або таксічнага ап’янення, не прайшоўшых ва ўстаноўленым парадку медыцынскі агляд, абучэнне, інструктаж і праверку ведаў па правілах аховы працы, не выкарыстоўваючых неабходныя сродкі індывідуальнай аховы.

 — Ці не маглі б вы прывесці канкрэтны прыклад наступстваў грэбавання патрабаваннямі бяспекі?

 — Па Сенненскім раёне, на шчасце, падобных прыкладаў не маю. А вось па адкрытаму акцыянернаму таварыству «Віцязь» ёсць.  У маі гэтага года пры выкананні работ  у каналізацыйным калодзежы на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лагера «Віцязь» у выніку вострага атручэння прадуктамі распаду арганічных рэчываў (метанам, вуглякіслым газам, аміяком) загінулі два работнікі. Яшчэ двое пацярпелі ад атручэння пры спробе аказаць дапамогу загінулым.

 Магчыма, наступствы выпадку былі б меншыя, але, як паказалі вынікі таксіка-хімічнай экспертызы крыві пацярпелых, трое з іх на момант здарэння знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Прычым, у загінулых канцэнтрацыя этылавага спірту ў крыві перавышала тры праміле, што адпавядае цяжкай ступені алкагольнага ап’янення. А п’янаму, як кажуць, мора па калена: недаацаніў абстаноўку,  пераацаніў свае магчымасці і г.д.

 — І аб чым сведчыць сумная статыстыка?

 — Па-першае, колькасць падобных няшчасных выпадкаў узрастае ў перыяд падрыхтоўкі і пераходу прадпрыемстваў, арганізацый рэспублікі да работы ў асенне-зімовы перыяд, бо актыўна вядуцца работы ў камунікацыйных калодзежах і іншых ёмістых збудаваннях. Іншы раз гэта робіцца ў аўральным парадку, што прыводзіць да грэбавання правіламі бяспекі і сродкамі індывідуальнай аховы.

 Па-другое, дзе на ўзроўні працуюць службы бяспекі працы, дзе ні адзін выпадак парушэння   не застаецца  незаўважаным, дзе працоўная і вытворчая дысцыпліна пад кантролем адпаведных службаў, там і поспех ёсць — людзі не гінуць на вытворчасці.

 Па-трэцяе, чалавек сам павінен клапаціцца аб сваёй бяспецы. Калі наймальнік не забяспечыў належныя ўмовы працы і яе ахову — лепш падумаць пра сям’ю, чым аб тым рублі, што ў якасці  кампенсацыі можа паабяцаць кіраўнік, накіроўваючы ў калодзеж, сам парушаючы патрабаванні аб бяспецы працы.

 З галоўным інспектарам Лепельскай міжраённай інспекцыі працы Юрыем Цыпляковым гутарыў Міхаіл Бялоў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *