Еду. Доеду ли? ПДД vs Велосипедист. Кто кого?

 BВеласіпед набывае папулярнасць. Для многіх у апошнія гады ён стаў спосабам фізічнага аздараўлення. Але найчасцей веласіпедам па-ранейшаму карыстаюцца як транспартным сродкам. На ім едуць на працу нават зараз, калі ехаць даводзіцца і вечарам і раніцай у поўнай цемені, едуць па прасёлачных дарогах і бойкай шашы.

Колькасць веласіпедыстаў, іх адносіны да бяспекі не змяніліся нават пасля трагічнага дарожна-транспартнага здарэння, у выніку якога нядаўна загінуў веласіпедыст.

— Веласіпед адносіцца да ліку самых небяспечных транспартных сродкаў. Таму ў правілах дарожнага руху да іх прад’яўлены шэраг абавязковых патрабаванняў. Веласіпед павінен мець для абазначэння габарытаў катафоты, спераду белага колеру, ззаду чырвонага. У цёмны час сутак прадугледжваецца абавязковае выкарыстанне ліхтароў такога ж колеру. Веласіпедысту рэкамендуецца апранаць спецыяльную камізэльку са светаадлюстроўваючымі элементамі. Калі ліхтароў на веласіпедзе няма, камізэлька абавязковая, яна дапаможа больш ярка “засвяціцца”, а значыць быць заўважным для іншых удзельнікаў дарожнага руху, у першую чаргу, вадзіцеляў аўтамабіляў. Дарэчы, у загінуўшага веласіпедыста на транспартным сродку не было ліхтароў, а сам ён быў без камізэлькі, хоць на працу ездзіў з Сінягорскага штодня, — расказаў Іван Святлічны, выконваючы абавязкі начальніка аддзялення ДАІ Сенненскага РАУС, капітан міліцыі.

Мой знаёмы таксама штодня карыстаецца веласіпедам. Праўда, едзе на працу па вуліцах асветленага горада і менавіта па гэтай прычыне не апранае камізэльку, хоць яна ў яго ёсць – дзеці падарылі на дзень нараджэння.

— За рулём аўтамабіляў сляпых няма, — адказвае ён на папярэджванне жонкі.

Ці ёсць у гэтых словах логіка? Асабіста я яе не бачу. Затое нездаровая бравада безумоўна ў іх прысутнічае.

А між тым, толькі за 11 месяцаў 2016 года да адміністрацыйнай адказнасці на падставе ч.1 і 2 арт. 18.23, гэта значыць за парушэнне ўстаноўленых правілаў дарожнага руху веласіпедысты, пешаходы, кіроўцы гужавога транспарту, прыцягваліся 625 разоў, у тым ліку 161 – за знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення. Усе яны выплацілі штраф у памеры ад 1 да 3 ці ад 3 да 5 базавых велічынь.

— Дабіцца дакладнага выканання правілаў дарожнага руху ад нашых веласіпедыстаў амаль немагчыма, — з жалем кажа Іван Святлічны. – Дастукацца да свядомасці ні пры індывідуальных размовах, ні ў час правядзення калектыўных гутарак вельмі цяжка. Большасць людзей лічыць правілы дарожнага руху абавязковыя для вадзіцеляў аўтамабіляў. Што канешне не так. Правілы абавязаны строга выконваць усе ўдзельнікі дарожнага руху.

Учора, вяртаючыся пасля працы дамоў, я сустрэў свайго знаёмага. Як заўсёды, ён ехаў на веласіпедзе. На ім была камізэлька са светаадлюстроўваючымі элементамі.

— Ведаеш, загінуўшы веласіпедыст быў добрым маім знаёмым, — са скрухай паведаміў ён. — У яго  было столькі планаў…

 Аляксандр ІЎЕЎ.