Беларусь: адным абзацам
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што выбары ў Беларусі пройдуць па самых дэмакратычных стандартах. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з міністрамі замежных спраў Германіі і Польшчы.
«Я ведаю, што ёсць распаўсюджанае меркаванне: пачакаем да выбараў. У сувязі з гэтым хачу сказаць — выбары ў нас не першыя, не апошнія. І я не проста хачу вам сказаць, што выбары ў нас пройдуць без сучка і задзірынкі… І хачу вас запэўніць у тым, што выбары пройдуць па самых дэмакратычных стандартах. У нас няма неабходнасці праводзіць непразрыстыя выбары, якія будуць пастаўлены пад сумненне сусветнай супольнасцю».
Ён таксама падкрэсліў, што легітымнасць выбараў для нас сёння важней, чым для каго б там ні было на гэтай планеце.
Абследаванне дамашніх гаспадарак
У Беларусі з 2012 года будуць штоквартальна праводзіць выбарачнае абследаванне дамашніх гаспадарак у мэтах вывучэння праблем занятасці насельніцтва. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове ўрада №1605 ад 1 лістапада 2010 года.
Галоўная мэта такога рэгулярнага абследавання — збор інфармацыі аб занятасці і эканамічнай актыўнасці насельніцтва на аснове метадаў, прынятых у міжнароднай практыцы, падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення палітыкі занятасці і народанасельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Мікалай Коханаў.
Правядзенне выбарачнага абследавання дамашніх гаспадарак дасць магчымасць мець інфармацыю аб занятых у эканоміцы рэспублікі, аб беспрацоўных і эканамічна неактыўных людзях у адпаведнасці з крытэрыямі міжнароднай арганізацыі працы.
Па трубаправодзе Адэса — Броды
Па трубаправодзе Адэса — Броды ў лістападзе будзе транспартавана ў Беларусь 80 тыс. т венесуэльскай нафты. Гэта прадугледжана дагаворам, які падпісалі ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія» і кампанія «Укртранснафта» ў Мінску. Акрамя таго, падпісаны яшчэ адзін дагавор аб транспарціроўцы нафты праз тэрыторыю Украіны трубаправодным транспартам да 2013 года ўключна. У кампаніі ўдакладнілі, што гэтыя дакументы былі падпісаны ў Мінску ў кастрычніку.
Транспарціроўка вуглевадароднай сыравіны па трубаправоднай сістэме Адэса — Броды і ўчастку нафтаправода «Дружба» дасць магчымасць Беларусі адмовіцца ад чыгуначнага транспарту і эканоміць на кожнай тоне 25-30 долараў.
Акрамя таго, украінскі бок заявіў аб намеры прадаставіць Беларусі скідку ў памеры 20-40 працэнтаў (у залежнасці ад аб’ёму) на прычальны збор пры транзіце венесуэльскай нафты. Паміж краінамі ўжо дасягнута адпаведная дамоўленасць.
Цукар на экспарт
У 2011 годзе Беларусь мае намер экспартаваць у Расію 200 тыс. т цукру, паведаміў журналістам старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Іван Данчанка.
Паводле слоў Івана Данчанкі, у 2010 годзе ў Расію будзе пастаўлена каля 180 тыс. т цукру.
За студзень-верасень 2010 года арганізацыі цукровай галіны рэалізавалі 706,71 тыс. т цукру-пяску, што на 10,8 працэнта больш, чым за аналагічны перыяд 2009 года. З агульнага аб’ёму рэалізацыі на ўнутраны рынак рэспублікі адгружана 302 тыс. т, або 100 % да ўзроўню 9 месяцаў мінулага года.
Дзякуючы спрыяльнай кан’юнктуры цэн на цукар на знешніх рынках, экспарт цукру-пяску за 9 месяцаў 2010 года склаў 404,8 тыс. т, што на 20,7 % больш, чым за аналагічны перыяд 2009 года. У тым ліку ў Расію ў адпаведнасці з двухбаковым пагадненнем было пастаўлена 146,8 тыс. т, у іншыя краіны — 258 тыс. т. За студзень- верасень 2010 года аб’ём вытворчасці фасаванага цукру склаў 86,4 тыс. т (107,1 %). Адначасова з нарошчваннем тэмпаў фасоўкі цукру прадпрыемства цукровай галіны асвойвае выпуск новых відаў цукру.
У Беларусі пражывае
140 нацыянальнасцей
Паводле даных перапісу насельніцтва 2009 года, на тэрыторыі Беларусі пастаянна пражывалі прадстаўнікі каля 140 нацыянальнасцей і народнасцей. Амаль 84 % жыхароў краіны аднеслі сябе да карэннай нацыянальнасці — беларусаў, 8,3 % — да рускіх, 3,1 % — да палякаў, 1,7 % — да ўкраінцаў. У дзясятку найбольш шматлікіх нацыянальнасцей таксама ўваходзяць яўрэі, армяне, татары, цыгане, азербайджанцы і літоўцы.
Узрастуць даходы ад транзітУ
Беларусь плануе ў 2015 годзе павялічыць даходы ад транзіту, без уліку даходаў ад транзіту нафты і прыроднага газу, на 60 % у параўнанні з 2010 годам. Аб гэтым паведаміў на пасяджэнні прэзідыума Саўміна міністр транспарту і камунікацый Беларусі Іван Шчэрба.
Паводле слоў міністра, у выніку рэалізацыі новай праграмы ў краіне атрымае далейшае развіццё транзітная інфраструктура, пашырыцца сфера прымянення інавацыйных тэхналогій, павысіцца канкурэнтаздольнасць нацыянальнага фінансавага рынку і ў канчатковым выніку будзе забяспечана высокая якасць аказання паслуг па транзіту.
Па матэрыялах інфармацыйных агенцтваў
падрыхтаваў Міхаіл Бялоў.