Сенненец стал призером детского спортивного конкурса «300 талантов для Королевы»

%d0%b1%d1%84%d0%bb%d0%b0 Выдатная навіна прыйшла са сталіцы нашай краіны, дзе на днях падвялі вынікі самага маштабнага ў Беларусі дзіцячага спартыўнага конкурсу «300 талентаў для Каралевы». У складзе зборнай каманды Віцебскай вобласці яго прызёрам стаў сенненец.

Фінальныя спаборніцтвы сабралі ў лёгкаатлетычным манежы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры тры сотні спартыўна адораных дзяцей з усёй краіны. Яшчэ вясной у школах былі пратэставаны больш за 200 тысяч школьнікаў 2-4-х класаў. З лепшых сфарміравалі зборныя рэгіёнаў. Сенненскі раён на спаборніцтвах прадстаўляў навучэнец 4-га класа Беліцкай ДССШ Яўген Мацюшоў.

У фінале юныя спартсмены спаборнічалі ў эстафетным і бар’ерным бегу, скачках, кіданні мяча. Па выніках спаборніцтваў Яўген Мацюшоў у складзе каманды Віцебшчыны падняўся на трэцюю прыступку п’едэсталу. На другім месцы размясцілася каманда Мінска. Камандную перамогу святкавалі школьнікі Гродзеншчыны.

Медалі, дыпломы, падарункі пераможцам і прызёрам конкурсу ўручалі славутыя спартсмены і госці конкурсу: старшыня БФЛА Вадзім Дзевятоўскі, гендырэктар «Белдзяржстраха» Сяргей Якубіцкі, першы віцэ-прэзідэнт НАКа, цяпер намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў, намеснік міністра спорту Аляксандр Дубкоўскі, галоўны трэнер нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы Ігар Сівадзедаў, чэмпіёнка свету і Еўропы Марына Арзамасава, прэзідэнт Еўрапейскай атлетычнай асацыяцыі Свен Арнэ Хансэн.

Падзячны ліст за подпісам старшыні БФЛА Вадзіма Дзевятоўскага накіраваны і бацькам Яўгена Мацюшова.

Медалём «Лепшы настаўнік фізічнай культуры — 2016» і падзячным лістом ад БФЛА ўзнагароджаны  Андрэй Салаўёў, настаўнік Беліцкай ДССШ, у якога трэніруецца Жэня.

Шчыра віншуем нашых землякоў з выдатным дасягненнем і зычым поспехаў на спартыўнай ніве і ў надыходзячым годзе.

Наш кар.