22 снежня-Дзень энергетыка. У адзіночку нічога не зробіш

 %d0%bf%d0%b0%d1%88%d0%ba%d0%be%d0%b2Сваё 16-ае па ліку прафесійнае свята электраманцёр па эксплуатацыі размеркавальных сетак Сенненскага раёна электрычных сетак філіяла «Аршанскія электрычныя сеткі» РУП «Віцебскэнерга» Васіль Пашкоў сустракае ў адмысловым статусе. Сёлёта партрэт мужчыны быў змешчаны на раённую Дошку Гонару.

Такая высокая ацэнка працоўных заслуг у жыцці Васіля Васільевіча не першая. Падчас службы ў войску яго імя і прозвішча значыліся на армейскай Дошцы Гонару. У свой час Васіль Пашкоў мог стаць кадравым вайскоўцам. Пасля праходжання тэрміновай службы малады чалавек вырашыў застацца ў шэрагах Узброеных Сіл на кантрактнай падставе. «Гэта былі 90-ыя гады — цяжкі час, працы ў Сянне амаль не было», — тлумачыць свой выбар мой суразмоўца.

Служыць давялося ў 50-ай змешанай авіяцыйнай базе ў Мачулішчах, што пад Мінскам. Давялося палятаць і на самалётах, і на верталётах. Але ваеннай кар’еры перашкодзіла кватэрнае пытанне. У 1998 годзе Васіль Пашкоў ажаніўся, а яшчэ праз год у яго нарадзіўся першанец. Перад маладой сям’ёй паўстала дылема — дзе жыць? Здымаць кватэру ў сталіцы аказалася дорага. На сямейным савеце вырашылі, што пара вяртацца на малую радзіму. Былы ваенны спачатку працаўладкаваўся ў аддзяленне Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, а ў 2000-м годзе перайшоў у РЭС, дзе плённа працуе і па сённяшні дзень. Пачынаў электраманцёрам 2-га разраду, цяпер у Пашкова — вышэйшы, 5, разрад. Цікаўлюся, ці даводзілася выпрабаваць на сабе дзеянне току. “Такога ў нас не магло і не можа здарыцца. Тэхнікі бяспекі мы прытрымліваемся строга. Штогод праходзім праверку, здаём экзамены”, — падкрэслівае Васіль Васільевіч.

Тым не менш, у працы электраманцёра пазаштатныя сітуацыі здараюцца нярэдка. Клопатаў электрыкам дадае надвор’е —даводзіцца ліквідаваць наступствы ўраганаў, моцных снегападаў. Падчас так званага «пасіўнага» дзяжурства брыгаду, у якой працуе Васіль Пашкоў, могуць выклікаць на працу ў любы час сутак.

Цяпер ён і яго калегі заняты на рамонце электрасетак. На момант нашай размовы Васіль Васільевіч збіраўся на выезд у в. Задорожжа.

Склалася ў перадавіка і ў сямейным жыцці. Васіль Пашкоў аказаўся шматдзетным бацькам. Старэйшая дачка атрымлівае ў Віцебску прафесію архітэктара. Малодшыя, двайняты, вучацца ў 10 класе, сядзяць за адной партай. Хто адказвае за электрычнасць у доме Пашковых, гадаць не трэба. Што ж тычыцца працоўных заслуг, то яны, па словах Васіля Васільевіча, не толькі яго, а ўсёй брыгады. «У адзіночку нічога не зробіш!» — упэўнены Пашкоў.

Вольга Бандарэвіч.

Фота аўтара.