Забава прыгожая, але небяспечная

10-%d1%84%d0%b5%d0%b9%d0%b5%d1%80%d0%b2%d0%b5%d1%80%d0%ba2

  З набліжэннем Калядаў і Новага года ў гандлёвай сетцы непазбежна з’яўляецца ажыятажны попыт на піратэхнічную прадукцыю. Яе набываюць і дарослыя, і дзеці. Між тым выкарыстанне піратэхнічных сродкаў, асабліва кантрафактных, — занятак даволі небяспечны.

Па словах начальніка Сенненскага РАУС, падпалкоўні­ка міліцыі Віктара Пракаповіча органамі ўнутраных спраў Віцебшчыны ўжо праводзіцца комплекс прафілактычных мерапрыемстваў. У прыватнасці, арганізавана праверка як спецыялізаваных месцаў рэалізацыі піратэхнічных сродкаў, так і рынкаў, шапікаў, палатак індывідуальных прадпрымальнікаў, дзе магчымы незаконны продаж.

— Згодна з Пастановай Савета Міністраў рэалізацыя піратэхнічных вырабаў не дапускаецца ў неізаляваных гандлёвых аб’ектах, напрыклад, з шапікаў, з перасоўных гандлёвых месцаў.

Строга выконваць Пастанову гандлёвыя прадпрыемствы стымулюе заканадаўства. За парушэнне праві­лаў рэалізацыі піратэхнічных сродкаў прадугледжана як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць. Напрыклад, у адпаведнасці з арт. 23.48 КаАП за парушэнне правілаў абарачэння піратэхнікі прадугледжваецца папярэджанне ці накладанне штрафу ў памеры да 10 базавых велічынь. Калі падобнае парушэнне дапушчана паўторна, штраф узрастае ад 10 да 20 базавых велічынь, магчыма канфіскацыя прадмета адміністрацыйнага пакарання.

— Піратэхнічныя сродкі найчасцей выкарыстоўваюцца ў грамадскіх месцах — у дварах, на вуліцах, нават, пад’ездах. А гэта ўжо дробнае хуліганства, бо падобныя дзеянні парушаюць грамадскі парадак, спакой людзей. Санкцыі ў такіх выпадках на парадак вышэй: штраф — ад 2 да 30 базавых велічынь, не выключаны адміністрацыйны арышт. У выніку святочныя дні можна правесці ў ізалятары часовага ўтрымання, — папярэджвае Віктар Пракаповіч.

Калі ж пры выкарыстанні піратэхнічных вырабаў жыццю ці здароўю людзей нанесены ўрон, наступае крымінальная адказнасць у адпаведнасці з арт. 299 КК. Санкцыі артыкула вагаюцца ў залежнасці ад цяжкасці цялеснага пашкоджання, велічыні ўрону і прадугледжваюць выпраўленчыя работы тэрмінам да 2 гадоў, арышт (да 3 месяцаў), абмежаванне волі (да 2 гадоў), пазбаўленне волі на той жа тэрмін. Калі ў выніку выкарыстання піратэхнічных сродкаў наступае смерць, наносіцца цяжкае цялеснае пашкоджанне дзвюм ці больш асобам, а падобныя факты здараюцца, можна пазбавіцца волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў.

У святочныя дні, як правіла, узрастае колькасць зваротаў у міліцыю. Нярэдка грамадскі парадак парушаюць  дзеці, падлеткі. Віктар Пракаповіч нагадвае, што за іх «грахі» давядзецца адказваць бацькам. А таму раіць больш уважлі­ва кантраляваць паводзіны нашчадкаў. Дзецям сустракаць святы лепш сярод родзічаў.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

Важна ведаць

                У час правядзення масавых святочных мерапрыемстваў забараняецца:

—              мець пры сабе халодную, агнястрэльную, газавую і іншую зброю, яе імітатары і муляжы, піратэхнічныя вырабы;

—              праносіць алкагольныя і іншыя напоі ў шкляной тары, тэтрапакетах і пластыкавых бутэльках цёмнага колеру, за выключэннем безалкагольных напояў у празрыстых пластыкавых бутэльках ёмістасцю не больш 0,5 л;

—              знаходзіцца ў стане моцнага ап’янення;

—              карыстацца сцягамі, вымпеламі, эмблемамі, выявамі сімвалаў, плакатамі і транспарантамі за выключэннем дзяржаўных сімвалаў і атрыбутыкі, распрацаванай для гэтых мэт.

                Калі вы знайшлі падазроныя прадметы, сталі сведкай ці ахвярай правапарушэнняў, неадкладна тэлефануйце па нумары «102», звярніцеся да першага сустрэчнага міліцыя­нера.