1 декабря — Всемирный день борьбы со СПИДом. Как узнать свой ВИЧ-статус?

 db6adc13341232a39abaf068fa7e934a

  Штогод 1 снежня ў большасці краін свету адзначаецца дзень барацьбы са СНІДам. Гэта дата — нагода для таго, каб яшчэ раз усвядоміць маштаб распаўсюджвання захворвання, — адзначае  памочнік урача-эпідэміёлага  ДУ «Сенненскі РЦГЭ» Жанна Гаравая. — Асабліва на фоне сітуацыі ў Пермскім краі Расіі, дзе недалёка да эпідэміі, а ў Екацерынбургу ўвогуле абвясцілі эпідэмію. Па афіцыйных дадзеных у сталіцы Урала ВІЧ-інфіцыяваны кожны 50-ты жыхар.

На Віцебшчыне найбольш неспрыяльнае становішча па стане на 1 лістапада 2016 года назіралася ў Полацкім (187 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі), Талачынскім (66), Лёзненскім (57), Віцебскім (46), Гарадоцкім (41), Бешанковіцкім (19), Дубровенскім (19) раёнах. У абласным цэнтры зарэгістравана 385 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі.

У Сенненскім раёне зафіксавана 12 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, у тым ліку 2 з іх былі выяўлены ў бягучым го­дзе. На райцэнтр прыходзіцца 5 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Таксама зарэгістраваны 1 выпадак ВІЧ-інфекцыі ў цяжарнай жанчыны.

Статыстыка яскрава сведчыць, што праблема СНІДу не зніжае сваёй вастрыні. Адзіным сродкам засцерагчыся ад смяротнай хваробы па-ранейшаму застаецца прафілактыка.

Урач-кардыёлаг УЗ «Сенненская ЦРБ» Вольга Васілёнак.

— Пазбегнуць хваробы можна дасканала ведаючы пра шляхі заражэння.

Фактарамі рызыкі з’яўляюцца пазашлюбныя палавыя сувязі, ужыванне наркотыкаў, а яшчэ — нанясенне татуіровак, выкарыстанне агульных прыбораў для галення, манікюрных і іншых прадметаў асабістай гігіены, на што, на жаль, большасць насельніцтва мала звяртае ўвагу.

Вялікую групу сярод хворых на СНІД і носьбітаў ВІЧ складаюць наркаманы.

ВІЧ не перадаецца пры звычайных зносінах з інфіцыяванымі людзьмі. Заразіцца СНІДам немагчыма пры доглядзе за хворым, знаходжанні з ім у адным памяшканні, пацісканні рукі, абдымках і сяброўскіх пацалунках, пры яго кашлі і чыханні, карыстанні грамадскім тэлефонам, душам, туалетам і плавальным басейнам, выкарыстанні прадметаў хатняга ўжытку.

Калі мы гаворым пра ВІЧ-інфекцыю, то  дзейсным метадам прафілактыкі з’яўляецца здаровы лад жыцця. Ён уключае ў сябе захаванне правілаў асабістай гігіены, заняткі фізічнай культурай, праві­льнае харчаванне, устрыманне ад ужывання алкаголю, тытуню, наркотыкаў, уменне спраўляцца з рознымі перажываннямі і стрэсамі.

Ад хваробы ніхто не застрахаваны. Нельга з упэўненасцю сцвярджаць, што праблема СНІДу не закране цябе або тваіх блізкіх. Таму патрэбна добра ведаць усе аспекты захворвання.

Святлана Станулевіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Студзёнкаўскай школы.

— Штогод да сусветнага дня барацьбы са СНІДам у нашай школе арганізуюцца тэматычныя акцыі і мерапрыемствы.                                     Праводзяцца ўрокі здаровага ладу жыцця, накіраваныя на прафілактыку СНІДу, анкетаванне, прагляд тэматычных відэафільмаў, сустрэчы з работнікам ФАПа на тэму «Задай пытанне аб ВІЧ». Традыцыйным мерапрыемствам стаў агляд-конкурс плакатаў і малюнкаў «Моладзь супраць СНІДу».

Веды пра небяспечны вірус імкнёмся даваць праз гутаркі, конкурсы, віктарыны.

Праверце сябе

на СНІД

         Ранняе выяўленне і своечасовае назначэнне лячэння з’яўляюцца дзейснай мерай у барацьбе з захворваннем.

Даведацца пра свой ВІЧ-статус можна, здаўшы спецыяльны тэст.

Прайсці абследаванне, у тым ліку ананімнае,  можна ў працэдурным кабінеце раённай паліклінікі. Вам выдадуць картку, на якой з аднаго боку пазначаны нумар тэлефона працэдурнага  кабінета, а з другога — нумар аналізу і дата яго здачы.  Але, як паведамілі ў медыцынскай установе, ахвотных ананімна здаць аналіз на ВІЧ/СНІД у бягучым годзе не знайшлося, як не было іх і ў мінулым годзе.

 

Ларыса МУКАМОЛАВА.

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *