В частный бизнес с господдержкой. Как безработному получить помощь на открытие своего дела?

profit

 Што трэба, каб распачаць сваю справу? Цікавая ідэя, пэўная падрыхтоўка і першапачатковы капітал. Апошняе, як правіла, становіцца непераадольнай перашкодай на шляху да прадпрымальніцтва. Але выйсце ёсць. Дзяржава гатова дапамагчы вырашыць фінансавае пытанне жадаючым заняцца бізнэсам. Якім чынам, карэспандэнту «ГС» распавёў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Аляксандр ПАЎЛОЎСКІ.

— Па-першае, адзначу, што прэтэндаваць на фінансавую падтрымку могуць толькі беспрацоўныя, якія афіцыйна зарэгістраваны ў службе занятасці.  Са­дзейнічанне прадугледжвае не толькі непасрэдна фінансавую падтрымку ў выгля­дзе субсідыі за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь, але і інфармаванне, кансультаванне, аказанне дапамогі ў падрыхтоўцы дакументаў.

Разам з тым беспрацоўны можа прайсці навучанне ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку як па спецыяльнасці, неабходнай для арганізацыі пэўнага віду дзейнасці, так і па курсе «Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці». Гэты курс дае веды па арганізацыі ўласнай справы.

— На якую грашовую суму можа разлічваць беспрацоўны?

— Субсідыя прадастаўляецца ў памеры 11-разовай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва, які дзейнічае на дату заключэння дагавора. Для беспрацоўных, зарэгістраваных у сельскіх населеных пунктах, памер субсідыі павялічаны да 15 БПМ.

Нагадаю,  што у Беларусі бюджэт пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва з 1 лістапада 2016 года складае 174 рублёў 52 капейкі. Такім чынам, памер субсідыі складзе адпаведна 1919,72 і 2632,5 BYN.

— На якія мэты могуць быць выкарыстаны выдаткаваныя фінансавыя сродкі?

— Атрыманыя сродкі ідуць на набыццё абсталявання, інструментаў, машын і механізмаў, сыравіны, матэрыялаў, аплату паслуг, а таксама на іншыя мэты, звязаныя з арганізацыяй прадпрымальніцкай дзейнасці.

— Аляксандр Віктаравіч, раскажыце, калі ласка, падрабязней пра алгарытм атрымання дзяржаўнай дапамогі.

— На субсідыю могуць разлічваць беспрацоўныя, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, пры адсутнасці парушэнняў імі Закона «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь». Для таго каб атрымаць грошы, у орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы рэгістрацыі трэба падаць наступныя дакументы:

— заяву аб прадастаўленні субсідыі;

— бізнэс-план.

Важны нюанс: перавага аддаецца праектам, якія арыентаваны на канкрэтны раён (горад) і патрэбы яго насельніцтва. Таму тут самае галоўнае — знайсці свабодную нішу.

— Ці ёсць сярод сенненцаў тыя, хто скарыстаўся дзяржпадтрымкай, і ў якіх сферах яны вырашылі весці бізнэс?

— Сёлета субсідыі на адкрыццё бізнэсу атрымалі 3 чалавекі. Яны займаюццца  рамонтам і пашывам адзення, дрэваапрацоўкай, працуюць у сельскай гаспадарцы.

— Мяркую, што грошы выдаюцца не проста так?

— Так, атрымальнікі субсідый нясуць пэўную адказнасць за выкарыстанне дзяржпадтрымкі. У прыватнасці, яны павінны ў 3-месячны тэрмін з дня рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка або прыватнага ўнітарнага прадпрыемства, сельскай (фермерскай) гаспадаркі, а таксама з дня пастаноўкі на ўлік у падатковым органе па месцы жыхарства ў якасці асобы, якая ажыццяўляе дзейнасць па аказанні пэўных паслуг, прадаставіць у органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне дакументы і чэкі, што пацвярджаюць  выкарыстанне субсідыі ў адпаведнасці з бізнэс-планам.

Таксама прадпрымальнік павінен весці прадпрымальніцкую дзейнасць больш за 6 месяцаў на працягу 12-месячнага перыяду з дня дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці ІП.

Падкрэслю, што фінансавая падтрымка аказваецца адзін раз. Таму сродкі трэба ўкласці максімальна эфектыўна.

— Дзякуй за размову.

 

Падрыхтавала

Вольга БАНДАРЭВІЧ.