З адкрытым забралам

Да вады, лесу, звяроў і птушак у Эдуарда Іванавіча Зелентава заўсёды былі нейкія трапяткія адносіны. Яшчэ ў дзяцінстве ён лепш за сваіх аднагодкаў мог змайстраваць шпакоўню, кармушку для вераб’ёў, сініц і снегіроў, якія, распусціўшы пер’е ад зімовай сцюжы, па чарзе месціліся на імправізаванай «дошцы-сталоўцы» і ахвотна паядалі хлебныя крошкі. Сініцы асабліва любілі ласавацца несалёным свіным салам. Падобныя карцінкі глыбока запалі ў душу юнака, а потым сталі не толькі захапленнем, але і прафесійнай патрэбнасцю, калі пачаў працаваць начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

 Як уратаваць прыроду ад наступстваў жыццядзейнасці чалавека, які, хаця істота і разумная, але і не ўяўляе той самай небяспекі, якую ўчыняе акаляючаму асяроддзю, загрувашчваючы бытавымі адходамі лясы, рачулкі, кюветы, раўкі і хмызнякі? Рычагоў уздзеяння нямала, асабліва пасля прыняцця Закона  Рэспублікі Беларусь «Аб абыходжанні з адходамі»  і на падставе Палажэння аб Сенненскай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, распрацаванага на аснове Палажэння Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.

 Асноўнымі задачамі раённай інспекцыі з’яўляюцца:  дзяржаўны кантроль у галіне аховы навакольнага асяроддзя, каардынацыя дзейнасці ў галіне забеспячэння экалагічнай бяспекі, рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў іншых органаў і арганізацый. Акрамя кіраўніцтва дзейнасцю райінспекцыі, начальнік па пасадзе адначасова з’яўляецца галоўным дзяржаўным інспектарам па ахове навакольнага асяроддзя. «Улады хапае», — прызнаецца Эдуард Зелентаў, — закон даволі суровы, але хацелася б неяк па-людску.

Многім няўцям, што выкінутае вядро смецця ў не спецыяльна абсталяваным для гэтага месцы — ужо ёсць нанесены ўрон прыродзе. Сыдзе з рук раз-два, чалавек будзе выносіць бытавыя адходы, скажам, у бліжэйшыя кусты, пастаянна. Яго прыкладу паследуюць іншыя. І вось ужо ўскраіны вёсак ці горада ператварыліся ў несанкцыянаваную звалку.

 Як прывучыць homо sapiens (чалавека разумнага) да парадку? Практыка паказвае, што самым эфектыўным спосабам з’яўляецца матэрыяльнае спагнанне. Але, каб яго ажыццявіць, факт забруджвання навакольнага асяроддзя трэба запратакаліраваць. Як кажуць, парушальніка ўзяць за руку, злавіць на месцы з доказам супрацьпраўных дзеянняў. Зрабіць штосьці  падобнае ўдавалася даволі рэдка. Таму Эдуард Іванавіч, як той Шэрлак Холмс, пачаў прымяняць дэдуктыўны метад (умозаключение от более общих суждений к менее общим суждениям или отдельным фактам). Убачыўшы, скажам, на ўзбочынедарогі, у лесе бытавое смецце, браў нейкі падручны прадмет і пачынаў ім яго разграбаць. Не заўсёды, але іншы раз не вельмі прыемны занятак прыносіў маральнае задавальненне: сярод выкінутых папер, поліэтыленавых бутэлек, іншых адходаў жыццядзейнасці чалавека раптам знаходзіў канверт, газету з адрасам ці, яшчэ лепш, прозвішчам гаспадара.Па рэштках адходаў, зваленых у лесе, вызначаў прадпрыемства  ці будаўнічую арганізацыю, якія сюды іх вывозілі. Знойдзеныя доказы давалі нагоду для канкрэтных дзеянняў.

 Альбо такі факт. Эдуард Іванавіч неяк аштрафаваў свайго суседа па дачы, які мыў уласную машыну на беразе Тухінскага возера. Таму той, хто блізка не ведае Эдуарда Іванавіча, інакш як дзіваком яго не назаве. Другі скажа: «Выслужваецца». Трэці ўвогуле зробіць выгляд, маўляў, у чалавека не ўсе дома. Дзівак ён, мабыць, у тым, што калі бярэцца за справу, няхай нават дробязную, ставіцца да яе аднолькава сур’ёзна, грунтоўна, усебакова вывучае абставіны ад «а» да «я». Мае  выдатную памяць. Нават выступаючы на  нарадах ці сходах, дзе абмяркоўваюцца самыя звычайныя, будзённыя рэчы, можа аўдыторыю зацікавіць, нават заінтрыгаваць. Тое, аб чым ён гаворыць, успрымаецца за існасць, бо заўсёды падмацоўваецца шматлікімі мясцовымі фактамі, практыкай у справе экалогіі за мяжой.

 У апошні час з’явіўся тэрмін «экалогія душы». Я спытаў уЭдуарда Іванавіча, як ён разумее яго.

 — Ці можна растлумачыць, напрыклад, што такое сумленне, маральнасць? А гэта ж галоўны ўнутраны стрыжань чалавека. Калі экалогія ў пераводзе азначае «дом», значыць, дом душы — гэта і ёсць маральнасць, сумленне. Ведаеце, як праваслаўная царква трактуе адносіны чалавека да прыроды: «По отношению к природе человек замысливался, — пишется в Библии, — как домоправитель».  Значыць, прырода — гэта не ёмістасць рэсурсаў для нашага эгаістычнага, безадказнага спажывання, а дом, у якім чалавек не гаспадар, а «домоправитель». Гэты дом таксама і храм, дзе  чалавек — свяшчэннік, які служыць не прыродзе, а аднаму Творцу.

 Экалагічныя праблемы носяць, па сутнасці, антрапалагічны характар, г.зн. яны народжаны  чалавекам, а не прыродай. Таму адказы  на шматлікія  пытанні, пастаўленыя крызісам  акружаючага  нас асяроддзя, утрымліваюцца ў чалавечай душы. Ёсць такі закон: што чалавек нясе ў гэты свет, тое ён яму і вяртае.

 Эдуард Іванавіч  — чалавек настырны, у лепшым сэнсе гэтага слова. Упарты ў ажыццяўленні намечанай мэты, але ў рамках літары  закону.Неаднаразова выбіраўся дэпутатам гарадскога і раённага Савета дэпутатаў, некалі займаў пасаду намесніка старшыні райвыканкама. З адкрытым забралам ён выступаў на розных сходах і форумах па паляпшэнні архітэктуры горада, будаўніцтве станцыі абезжалезвання вады, у тым ліку і прыродаахоўнай тэматыцы. Не дае яму спакою і пытанне па перакідцы  сцёкавай вады ад ачышчальных збудаванняў г.Сянно вакол азёраў Сенненскага і Багданаўскага ў раку Крывінка, што сур’ёзна аздаравіла б экалагічную абстаноўку ў горадзе.

 Зелентаў не лічыць за абразу, за прыніжэнне чалавечай годнасці асабіста ўзяцца за рыдлёўку, сякеру, каб абуладкаваць возера Тухінскае, знішчыць баршчэўнік Сасноўскага або сабраць смецце разам з  работнікамі інспекцыі на беразе возера Рубаўскае. Эдуард Іванавіч стаяў ля вытокаў стварэння помнікаў прыроды «Капліца», «Крыніца Песачанка», музея прыроды ў Алексініцкай школе і іншых. І ўслед за Бібліяй ён упэўнены, што чалавек можа пераўтварыць у рай усю Зямлю, калі будзе насіць рай у сваёй душы.

Міхаіл Бялоў.