Фантазія, творчасць, ініцыятыва. У Сенненскі раён на сваё першае працоўнае месца прыбылі 108 маладых спецыялістаў
Працоўная дзейнасць для васьмі маладых работнікаў культурнай сферы раёна, якія сёлета прыехалі на Сенненшчыну пасля заканчэння вышэйшых навучальных і сярэдніх спецыяльных устаноў, пачалася два месяцы назад.
Як сустрэлі новаспечаных кадраў культуры ў працоўных калектывах? Што хвалюе маладых людзей? Пра гэта і многае іншае ішла размова падчас сустрэчы з намеснікам старшыні райвыканкама Зояй Фаміной. Гутарка-знаёмства прайшла ў цёплай шчырай атмасферы. Былі акрэслены праблемы, што існуюць у сферы культуры, і задачы на перспектыву.
Як зацікавіць дзіця да заняткаў творчасцю, раскрыць у ім талент? З якімі планамі прыступілі да сваіх абавязкаў маладыя педагогі музыкі, харэаграфіі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва? Гэтыя пытанні цікавілі намесніка старшыні райвыканкама.
«Талент, канешне, важны, аднак, і з боку дзіцяці павінны адчувацца жаданне і аддача», — сваім меркаваннем падзялілася наша зямлячка, малады настаўнік па класе домры Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў Кацярына Булыня.
Пра Кацярыну раённая газета ўжо пісала не аднойчы. Дзяўчына вучылася ў Сенненскай ДШМ, асвойвала ігру на домры пад кіраўніцтвам Вольгі Букановіч. У 2012 годзе Кацярына выйшла ў фінал самага прэстыжнага музычнага форуму нашай краіны — VI Рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І.Жыновіча. Сёлетняя выпускніца Віцебскага музычнага каледжа імя Салярцінскага па класе домры Кацярына Булыня ўзнагароджана прэміяй абласнога Савета дэпутатаў.
Творчыя прафесіі, безумоўна, маюць свае адметнасці. Тут няма месца руціне. Каб дасягнуць жадаемага, трэба самому знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, арганізоўваць конкурсы для дзяцей, несці культуру ў масы, агітуючы ў працоўных калектывах і на бацькоўскіх сходах. Фантазія, творчасць, ініцыятыва — вось галоўныя складнікі поспеху.
Ірына ХАСАНАВА.
НА ЗДЫМКУ: маладыя спецыялісты ўстаноў культуры Сенненшчыны.
Фота аўтара.
Вставка
Сёлета ў раён на сваё першае працоўнае месца прыбылі 108 маладых спецыялістаў. Большасць з іх занята ў галіне сельскай гаспадаркі — 45 чалавек. На другім месцы па колькасці маладых кадраў (17 чалавек) установы адукацыі раёна. 15 медыкаў папоўнілі сферу аховы здароўя. 11 чалавек працаўладкаваны ў сферу гандлю і бытавога абслугоўвання, 8 — ва ўстановы культуры. Трыма кадрамі папоўнілася жыллёва-камунальная гаспадарка, двое будуць заняты ў прамысловасці. Па аднаму спецыялісту прыйшло ў сферу будаўніцтва і лясную гаспадарку. 4 праваахоўнікі працуюць у раённым аддзеле ўнутраных спраў, адзін спецыяліст — на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм.
Са 108 маладых кадраў 44 выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў, 46 і 18 чалавек маюць сярэднюю спецыяльную і адпаведна прафесійна-тэхнічную адукацыю.