Хто не працуе, той плаціць.«Пісьмы шчасця» ад падаткавікоў у бліжэйшы час атрымаюць непрацуючыя жыхары Сенненскага раёна
Як патлумачыў Аляксей Станкевіч, начальнік інспекцыі МПЗ Рэспублікі Беларусь па Сенненскім раёне, на першым этапе плануецца разаслаць 315 паведамленняў аб неабходнасці заплаціць збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў, названы ў народзе «падаткам на дармаедства».
Нагадаем, 2 красавіка 2015 года Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў падпісаны Дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», згодна з якім грамадзяне краіны, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні бюджэту 183 каляндарных дня, г.зн. не плацяць падаткі ў бюджэт, абавязаны заплаціць падатак у памеры 20 базавых велічынь. У дадзеным выпадку, для разліку бярэцца памер базавай велічыні за 2015 год ці 180 000 (недамінаваных) рублёў.
Для грамадзян, якія да 31 мая 2016 года паспелі самастойна паведаміць у падатковы орган аб тым, што яны не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржвыдаткаў, законам прадугледжваецца 10% зніжка на аплату. Такіх добраахвотнікаў, па інфармацыі падатковай інспекцыі, у нашым раёне знайшлося ажно тры чалавекі. Агульная сума збору, прад’яўленая ім да апплаты, склала 9 млн 720 тысяч недамінаваных рублёў.
— У цяперашні час падатковымі органамі працягваецца работа па фарміраванні базы даных плацельшчыкаў збору,- распавёў Аляксей Станкевіч.
На дадзены момант у спісе знаходзяцца каля 2000 чалавек. Але, як падкрэсліў начальнік сенненскіх падаткавікоў, гэтыя звесткі папярэднія і падлягаюць дадатковай праверцы.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.